Міксіны (біял.) 6/120

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІКСІ́НЫ (Myxini),

падклас пазваночных кл. кругларотых. 1 атрад, 1 сям., 4 роды, каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных марскіх водах.

Даўж. да 1 м. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Рот абкружаны некалькімі мясістымі вусікамі. Вочы зацягнуты скурай. Шчэлепных адтулін ад 1 да 15 пар. Крывяносная сістэма незамкнёная. Сэрца 1 асноўнае і 3 дадатковыя. Паразіты або драпежнікі, выядаюць унутранасці і мышцы ў рыб, угрызаюцца ў ахвяру з дапамогай моцнага языка з рагавымі зубамі; радзей кормяцца чарвямі. Адкладваюць 20—30 яец. Развіццё без ператварэння.

Міксіна еўрапейская.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕВЫ ШКІЛЕ́Т,

аддзел унутр. шкілета пазваночных. Прадстаўлены хордай, пазванкамі і рэбрамі. У кругларотых (міногі, міксіны) і некат. рыб хорда захоўваецца пажыццёва, у большасці пазваночных яна ў працэсе антагенезу выціскаецца целамі пазванкоў. У рыб восевы шкілет прадстаўлены храстковым або касцявым пазваночнікам, што раздзелены на тулаўны і хваставы аддзелы; у наземных пазваночных ён мае шыйны, грудны, паяснічны, крыжавы, рухомы хвастцовы аддзелы.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛАРО́ТЫЯ, мешкашчэлепныя (Cyclostomata),

клас рыбападобных жывёл тыпу хордавых. 2 падкласы: міногі і міксіны. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных марскіх і прэсных водах. Паўпаразіты і паразіты водных жывёл. На Беларусі 3 віды міног.

Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Тулава чэрвепадобнае. Шкілет храстковы, сківіцы адсутнічаюць. Рот у выглядзе круглай прысмоктвальнай адтуліны (адсюль назва). У скуры (лускі няма) многа слізевыдзяляльных залоз. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, нападаюць на аслабелых рыб, малюскаў і інш. Аб’екты промыслу.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)