БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
1) прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе і размнажэнне ў ім непажаданых для чалавека арганізмаў.
2) Выпадковае або антрапагеннае пранікненне (дзякуючы дзейнасці чалавека) у экасістэмы і тэхнал. прылады відаў жывых арганізмаў, якія не характэрны для дадзеных згуртаванняў і прылад і звычайна там адсутнічаюць. Біялагічнае забруджванне найчасцей мае мясц. характар, аднак яго адмоўныя вынікі могуць істотна павялічвацца дзякуючы здольнасці арганізмаў-забруджвальнікаў самастойна мігрыраваць на значныя адлегласці (напр., эладэя, каларадскі жук рассяліліся па ўсёй тэр. Беларусі). Асабліва небяспечнае біялагічнае забруджванне асяроддзя ўзбуджальнікамі інфекц. і паразітычных хвароб, шкоднікамі с.-г. раслін і іх канкурэнтамі. Папярэдзіць біялагічнае забруджванне можна своечасовым выяўленнем, лакалізацыяй і ліквідацыяй крыніц забруджвання, ажыццяўляючы комплекс мерапрыемстваў па санітарнай ахове навакольнага асяроддзя, увядзеннем каранціну, папярэднімі абгрунтаваннем і прагназаваннем магчымых вынікаў інтрадукцыі і акліматызацыі новых для дадзенай тэр. відаў раслін і жывёл.
Я.В.Малашэвіч.
т. 3, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЙ СІСТЭ́МЫ ХВАРО́БЫ,
хваробы нырак, мачаточнікаў, мачавога пузыра, мочаспускальнага канала ў чалавека і жывёл. Бываюць прыроджаныя, набытыя, вострыя і хранічныя. У норме функцыі органаў мочавыдзяляльнай сістэмы ўзаемазвязаны, і хвароба аднаго з іх вядзе да функцыян. парушэнняў інш. органаў. Вял. група хвароб уключае заганы (анамаліі) развіцця органаў мочавыдзяляльнай сістэмы (гідранефроз, падваенне нырак, мачаточнікаў і мочаспускальнага канала, прыроджаныя звужэнні мочаспускальнага канала і інш.). Найб. пашырана група запаленчых хвароб: запаленне ныркі (нефрыт), ныркі і нырачнай лаханкі (піеланефрыт), розныя формы запалення мачавога пузыра (цыстыты), мочаспускальнага канала (урэтрыт). Да спецыфічных запаленчых хвароб адносіцца туберкулёз нырак, пры якім пашкоджваюцца мачаточнікі і мачавы пузыр. Пры мочакамянёвай хваробе нырак камяні могуць мігрыраваць у мачаточнікі і выклікаць нырачную коліку, выходзіць у мачавы пузыр і па мочаспускальным канале — вонкі, што таксама суправаджаецца рэзкімі болямі, затрымкай мачы. Разрастанне камянёў у мачавым пузыры выклікае неабходнасць іх хірург. выдалення. Да М.с.х. належаць дабраякасныя пухліны нырак (ангіёмы, ліпомы, міёмы і інш.) і злаякасныя (нырачна-клетачны рак, папілярныя пухліны нырачных лаханак), якія могуць пашкоджваць таксама мачаточнікі і мачавы пузыр. Рак мочаспускальнага канала сустракаецца значна радзей. Да М.с.х. адносіцца і апушчэнне нырак (нефраптоз), пашкоджанні органаў мочавыдзяляльнай сістэмы. Лячэнне залежыць ад дыягназу.
М.І.Доста.
т. 10, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
сукупнасць газавых кампанентаў, якія трапляюцца ў прыродных аб’ектах у свабодным, раствораным або сарбіраваным стане. Прадстаўлены і асобнымі атамамі, і складанымі хім. злучэннямі. Адрозніваюць газы прыродныя атмасферы (сумесь газаў рознага паходжання), зямной паверхні (глебавыя і падглебавыя, балотныя, тарфяныя), асадкавых, магматычных і метамарфічных парод (у нафце, вугалі і інш.), акіянаў і мораў, вулканічныя, касмічныя. Колькасць газаў прыродных у геасферах Зямлі павялічваецца з паглыбленнем унутр планеты. Паводле паходжання адрозніваюць газы прыродныя вулканічныя (паступаюць з глыбінь Зямлі і звязаны з дэгазацыяй магмы), біяхімічныя (утвараюцца пры бактэрыяльным раскладанні арган. рэчыва або аднаўленні мінер. солей), катагенетычныя (узнікаюць у выніку пераўтварэння рассеянага арган. рэчыва асадкавых парод пры іх апусканні на глыбіні і павелічэнні т-ры да 250—300 °C, а ціску да 245 МПа, або 2500 ат), метамарфічныя радыеактыўныя (утвараюцца ў працэсе распаду радыеактыўных элементаў), метамарфічныя паветраныя (вынік пранікнення газаў з атмасферы ў глыбіню зямной кары — у форме водных раствораў і інш.). Паводле складу вылучаюць газы прыродныя вуглевадародныя, вуглекіслотныя, серавадародныя. Здольнасць газаў прыродных актыўна мігрыраваць у свабодным і раствораным стане абумоўлівае змешванне газаў рознага саставу і паходжання і вял. іх пашырэнне ў прыродзе. На Беларусі вядомы ўсе тыпы газаў прыродных, але практычнае значэнне маюць толькі вуглевадародныя, намнажэнні якіх з’яўляюцца аб’ектамі здабычы (як спадарожныя з нафтай).
У.Я.Бардон.
т. 4, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)