Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАБО́Л
[ад вела(сіпед) + англ. ball мяч],
спартыўная камандная гульня з мячом на веласіпедах. Гуляюць 2 каманды па 2 чал. Мэта — накіраваць мяч у вароты процілеглай каманды коламі веласіпеда, галавой або тулавам. Гуляюць на адкрытых і закрытых пляцоўках. Найб. пашыраны ў Чэхіі, Славакіі, Германіі.
т. 4, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯНЯ́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 80 родаў, у т. л. Белазоры, Длугашы, Ляшчынскія, Мэнжыкі. На залатым полі чорная галава зубра з залатым кальцом у ноздрах; клейнод — над прылбіцай з каронай палова залатога каранаванага льва з мячом у правай лапе. Вядомы з пач. 14 ст. У час знаходжання на троне караля польск. і вял. князя літ. Станіслава Ляшчынскага (1704—09, 1733) герб «Вянява» выкарыстоўваўся як элемент у дзярж. сімволіцы Рэчы Паспалітай.
т. 4, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДА́ЦЫЯ
(лац. gradatio ад gradus ступень),
стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што словы ці выразы ў вершаваных радках групуюцца з нарастаннем (клімакс) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. Градацыя ўзмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напр., радкі з «Беларускай песні» У.Караткевіча:
Ты — наш сцяг, што нікому,
нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палавіне 6-строфнага верша М.Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая, у другой — спадаючая.
т. 5, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РДЗІЙ,
легендарны заснавальнік Фрыгійскага царства, бацька Мідаса. Паводле легенды, аракул параіў фрыгійцам абраць царом таго, хто будзе першы ехаць на калёсах да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій пабудаваў г. Гордзіян, свае калёсы ён прынёс у дар Зеўсу, паставіў іх у храме і заблытаным вузлом прывязаў ярмо да дышля калёс. Лічылі, што той, хто развяжа вузел, будзе валодаць усёй Азіяй. У 334 да н.э. Гордзіян наведаў Аляксандр Македонскі і паспрабаваў развязаць вузел, але не змог і рассек яго мячом (адсюль выраз «рассекчы гордзіеў вузел» — хуткае і смелае вырашэнне заблытанага і складанага пытання).
т. 5, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЙСБО́Л
(англ. baseball),
спартыўная гульня з мячом і бітай. Узнікла ў ЗША на пач. 19 ст. Гуляюць 2 каманды па 9 чал. на пляцоўцы ў выглядзе ромба з бакамі ў 90 футаў (27,4 м). Вуглы пляцоўкі лічацца «базай» («домам»). Спартсмены атакуючай каманды па чарзе стаяць каля «базы», адбіваюць бітай мяч, які кідаюць ім, і пакуль ён ляціць, перабягаюць да другой «базы». Сапернікі імкнуцца злавіць мяч і пацэліць ім у таго, хто перабягае да «базы». Калі гэта ўдаецца зрабіць тройчы, каманды мяняюцца месцамі. Каманда, якае мае найб. колькасць перабежак праз усе «базы» ў свой «дом» пасля 9 такіх змен, лічыцца пераможцай. Спрошчаны варыянт бейсболу — софтбол (можна гуляць на невял. пляцоўках, у тым ліку ў зале). Падобныя на бейсбол гульні ёсць і ў інш. народаў: бел. апука, англ. крыкет, рус. лапта і інш.
т. 2, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬФ
(англ. golf),
спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс. м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой гумы (вес 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.
Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).
т. 5, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЕ ПО́ЛА,
ватэрпола, камандная спартыўная гульня з мячом у басейне; адзін з водных відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 7 чал. на воднай пляцоўцы 30 х 20 м (глыб. не менш за 1,8 м). Пасярэдзіне больш кароткіх бакоў пляцоўкі ўстаноўлены вароты шыр. 3 м, выш. 0,9 м. Гульня доўжыцца 4 перыяды па 5 мін кожны (улічваецца чысты час). Мэта гульні: перадаючы мяч партнёрам, кожная з каманд імкнецца закінуць яго ў вароты саперніка. Стыль плавання адвольны, мяч можна весці і кідаць адной рукой (дзвюма рукамі гуляе толькі варатар). Парушэнне правіл караецца перадачай мяча праціўніку ці (за грубую гульню) выдаленнем парушальніка на 45 с або да прапушчанага гола.
Узнікла воднае пола ў Вялікабрытаніі ў 2-й пал. 19 ст. Да пач. 20 ст. стала развівацца і ў інш. краінах. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1900. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы (з 1926), свету (з 1973). З 1926 дзейнічае К-т воднага пола пры Міжнар. аматарскай федэрацыі плавання (ФІНА). На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1940-х г. Чэмпіянаты краіны з 1949.
т. 4, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л
(англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 х 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
М.А.Дубіцкі.
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДБО́Л
(англ. hand-ball ад hand рука + ball мяч),
ручны мяч, спартыўная камандная гульня з мячом. Існуюць 2 разнавіднасці гандюола: 7 x 7 і 11 х 11 (па 7 і па 11 чалавек у камандах). Міжнар. прызнанне атрымаў гандбол 7 х 7 (зарадзіўся ў Даніі ў 1898, правілы распрацаваў Х.Нельсен). Гуляюць у зале на пляцоўцы 40 х 20 м. Перадаючы рукамі мяч партнёрам, спартсмены імкнуцца закінуць яго ў вароты саперніка, якія абараняе варатар. Пры гэтым спартсмены не маюць права знаходзіцца бліжэй 6-метровай зоны перад варотамі. Гульня доўжыцца 2 таймы па 30 мін (у жанчын — па 25 мін). Пры парушэнні правіл гульні мяч перадаецца саперніку, грубыя парушэнні караюцца 7-метровым штрафным кідком (пенальці) і выдаленнем парушальніка на 2 мін. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1938 (мужчыны) і з 1956 (жанчыны), у праграме Алімпійскіх гульняў гандбола з 1972 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гандбола (ІГФ).
На Беларусі развіваецца з канца 1950-х г. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1961. Мінскі гандбольны клуб СКА (спарт. клуб арміі, трэнер С.Мірановіч) — чэмпіён СССР 1981, 1984—16, 1988, 1989, уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў 1987, 1989, 1990, Кубка ўладальнікаў кубкаў еўрап. краін 1983 і 1988, Суперкубка 1989. Алімпійскімі чэмпіёнамі сталі бел. гандбалісты А.Каршакевіч, Г.Свірыдзенка, А.Тучкін, К.Шаравараў, Ю.Швяцоў (1988), А.Барбашынскі, А.Мінеўскі, М.Якімовіч (1992).
М.А.Дубіцкі, Г.К.Кісялёў.
т. 5, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)