хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць мыш’як. Найб. шырока выкарыстоўваюць аксіды і халькагеніды мыш’яку, арсеніды і шматлікія мыш’якарганічныя злучэнні.
Мыш’яку аксіды — злучэнні мыш’яку з кіслародам. Сэсквіаксід (мыш’яковісты ангідрыд ці белы мыш’як) As2O3 — белае цвёрдае рэчыва. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае не вылучаныя ў свабодным стане ортамыш’яковістую H3AsO3 і металамыш’яковістую HAsO2 к-ты; пры ўзаемадзеянні са шчолачамі ўтварае арсеніты. Тэхн. атрымліваюць акісляльным абпалам сульфідных мінералаў мыш’яку. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку і яго злучэнняў, кансервавання скуры і футра, у вытв-сці аптычнага шкла, як інсектыцыд і некратызавальны лек. сродак. Аксід мыш’яку(V), ці мыш’яковы ангідрыд As2O5 — бясколерныя крышталі. Пры награванні раскладаецца на As2O3 і кісларод. Добра раствараецца ў вадзе, утварае ортамыш’яковую к-ту H3AsO4, солі якой наз.арсенатамі. Выкарыстоўваюць як гербіцыд, антысептык для прамочвання драўніны. Мыш’яку гідрыд (арсін, мыш’яковісты вадарод) AsH3 — газ без колеру і паху (часам мае часночны пах, абумоўлены наяўнасцю прадуктаў частковага акіслення AsH3). Пры т-ры каля 500 °C раскладаецца. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку высокай чысціні, легіравання паўправадніковых матэрыялаў мыш’яком. Мыш’яку халькагеніды, злучэнні мыш’яку з серай — сульфіды As2S3 (у прыродзе — мінерал аўрыпігмент), As4S4 (мінерал рэальгар), As4S3 (мінерал дымарфіт) i As2S5, з селенам — селеніды As2Se3 і As4Se4, з тэлурам — тэлурыд As2Te3. Усе халькагеніды, акрамя As2S5 (аморфнае рэчыва аранжавага колеру, крышталізуецца пад высокім ціскам), крышт. рэчывы. Устойлівыя ў паветры, не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў растворах шчолачаў. As2S3, As2Se3 i As2Te3 — паўправаднікі. Атрымліваюць сплаўленнем элементаў у вакууме ці інертным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як кампаненты халькагеніднага шкла, для вырабу валаконных святлаводаў у інфрачырв. вобласці спектра і інш. Усе растваральныя ў вадзе і слабакіслым асяроддзі (напр., страўнікавы сок) М.з. надзвычай атрутныя; злучэнні As(III) больш атрутныя за злучэнні As(V), асабліва небяспечныя AsH3 і AS2O3. ГДКмыш’яку і М.з. у паветры (у пераліку на мыш’як) 0,5 мг/м³, для AsH3 — 0,1 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШ’ЯКО́ВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы мыш’яку. У прыродзе вядома больш за 120 мінералаў мыш’яку, гал. з іх арсенапірыт (да 46% As, часта з прымессю золата), лёлінгіт (да 72,8% As), рэальгар (да 70,1% As) і аўрыпігмент (да 61% As). Пераважна мыш’як здабываюць спадарожна з поліметал. руд у комплексе з золатам, серабром, свінцом, меддзю, кобальтам, волавам і інш. Паходжанне эндагеннае (гідратэрмальнае, метасаматычнае). Радовішчы ў Расіі, ЗША, Швецыі, Мексіцы, Японіі, Балівіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМСІ́Т,
дыгідрафенарсазінхларыд, HN(C6H4)2AsCl, гетэрацыклічнае злучэнне мыш’яку. Атрутнае рэчыва слёзатачывага дзеяння. Жоўтыя крышталі, tпл 195 °C. Лятучы, нерастваральны ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў, хімічна ўстойлівы. Як хім. зброя ўпершыню выкарыстаны ў 1-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лёлінгіт (злучэнне мыш’яку з металам) 1/455; 7/330
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНА́ТЫ,
солі ортамыш’яковай кіслаты H3AsO4. Арсенаты шчолачных металаў і аміяку раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць растварэннем аксіду мыш’яку (As2O5) у шчолачах. Арсенаты цяжкіх металаў атрымліваюць узаемадзеяннем раствораў іх соляў з арсенатаў шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды, антысептыкі для прамочвання драўніны, кампаненты люмінафораў, п’еза- і сегнетаэлектрыкі. Водарастваральныя арсенаты — моцныя яды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні металаў з мыш’яком. Вядомыя для ўсіх металаў (і паўметалаў), акрамя сурмы, вісмуту, свінцу і талію. Крышт. рэчывы з метал. бляскам, маюць высокія т-ры плаўлення (напр., для арсенідаў серабра tпл 1740 °C). Арсеніды галію (GaAs) і індыю (InAs) — паўправадніковыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў лазерах, выпрамніках і інш.Гл. таксама Мыш’яку злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНАПІРЫ́Т (ад лац. arsenicum + пірыт),
мыш’яковы калчадан, мінерал класа сульфідаў FeAsS. Прымесі кобальту, нікелю, золата і інш. Крышталізуецца ў манакліннай або трыкліннай сінганіі. Утварае прызматычныя крышталі, зросткі, зярністыя і інш. агрэгаты. Колер алавяна-белы. Бляск металічны. Цв, 5,6—6 г/см³. Шчыльн. 5,9—6,3 г/см³. Тыповы мінерал гідратэрмальных (у т. л. часта залатаносных), радзей пегматытавых і кантактава-метасаматычных радовішчаў. Руда мыш’яку, іншы раз кобальту і золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЛЬЦІ́Н.
кобальтавы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід кобальту і мыш’яку CoAsS. Змяшчае кобальт да 34%, прымесі жалеза да 16% (феракабальцін). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі октаэдрычныя, кубічныя. Агрэгаты зярністыя, у крапіны, пражылкі. Колер серабрыста-белы з ружаватым адценнем. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. 6,1—6,2 г/см³. Трапляецца ў высока- і сярэднетэмпературных гідратэрмальных жылах. Асн. радовішчы ў Нарвегіі і Канадзе. Руда кобальту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКЕЛІ́Н,
мінерал класа арсенідаў, арсенід нікелю, NiAs. Мае 43,92% нікелю і 56,08% мыш’яку. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна суцэльныя масы, украпіны, зрэдку ныркападобныя і дэндрытавыя агрэгаты, гексаганальныя таблітчастыя крышталі. Колер медна-чырвоны. Бляск металічны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 7,6—7,8 г/см³. Добры праваднік электрычнасці. Трапляецца ў рудах магматычных і гідратэрмальных медна-нікелева-сярэбраных і урана-вісмутавых радовішчаў. Пры вял. скопішчах выкарыстоўваецца як нікелевая руда.