Мышцы 1/320—321 (укл.); 2/352; 7/329; 10/260
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШЦЫ, мускулы,
органы, якія ажыццяўляюць рухальную функцыю арганізма і яго асобных органаў. Адрозніваюць 2 асн. групы М.: папярочнапаласатыя і гладкія. Пад уздзеяннем нерв. імпульсаў валодаюць уласцівасцю скарачальнасці. Сукупнасць гладкіх, папярочнапаласатых і сардэчнай М. утвараюць мышачную сістэму арганізма, якая складае ў чалавека 28—32% ад масы цела (жанчыны) і 35—45% (мужчыны). М. размешчаны пераважна на касцях шкілета (шкілетныя мышцы). Яны ажыццяўляюць перамяшчэнне цела ў прасторы, работу канечнасцей, рух галавы, пазваночніка, міміку, рух вачэй і інш. М. маюць актыўную ч. — цела і пасіўную — сухажылле (для прымацавання М. да касцей шкілета).
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АПАНЕЎРО́З (ад апа... + неўроз),
злучальнатканкавая пласціна са шчыльных, б.ч. размешчаных паралельна калагенавых і эластычных валокнаў, з дапамогай якой фіксуюцца мышцы. Прымацоўвае шырокія мышцы да касцей або да інш. тканак цела і абмяжоўвае іх. Напр., далонны апанеўроз абмяжоўвае рухомасць згінальнікаў пальцаў, апанеўроз вонкавай косай мышцы жывата — рухомасць сценкі брушной поласці і інш.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБІЁЗ (ад пара... + ...біёз),
1) рэакцыя ўзбудлівай тканкі (нерва, мышцы) на ўздзеянне раздражняльнікаў, якая характарызуецца нізкай лабільнасцю і немагчымасцю правядзення зададзенага рытму раздражнення. Мае некалькі фаз: правізарную, або ўраўняльную — здольнасць нерва (мышцы) да правядзення рытмічных імпульсаў аднолькава зніжана для раздражнення любой сілы; парадаксальную — моцныя раздражненні не перадаюцца праз зменены ўчастак нерва, а слабыя здольны выклікаць значныя скарачэнні мышцы; тармазную — нерв страчвае здольнасць да правядзення ўзбуджэння. П. — з’ява абарачальная, але ўзмацненне шкоднага фактару прыводзіць да неабарачальных парушэнняў жыццядзейнасці і смерці.
2) Штучнае злучэнне 2 арганізмаў праз крывяносную сістэму або праз зрошчванне іх тканак для вывучэння ўзаемнага ўплыву.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СІМУМ (ад лац. pessimum найгоршае) у фізіялогіі, прыгнечанне дзейнасці нерв. і мышачнай тканак. Выклікаецца празмернай частатой стымуляцый нерв. ствала, якая не можа быць узноўлена ў выглядзе біяпатэнцыялаў самога нерва і сінхронных скарачэнняў мышцы, што ён інервуе. Апісаны ў 1886 М.Я.Увядзенскім. Адпаведная П. частата трапляе на мышцу ў фазе яе абс. неўзбуджальнасці (рэфрактарнасці) і суправаджаецца аслабленнем скарачэння мышцы ў выніку трансфармацыі частаты раздражнення. Працэс мае абарачальны характар: зніжэнне інтэнсіўнасці раздражнення аднаўляе мышачнае скарачэнне.
т. 12, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДЗІ́НА,
сукупнасць шкілетных элементаў у наземных пазваночных жывёл і чалавека, што злучае па сярэдняй лініі цела брушныя канцы грудных рэбраў і часткі плечавога пояса. Да грудзіны прымацаваны грудныя мышцы. У земнаводных і паўзуноў грудзіна храстковая, у птушак — касцявая, у лятаючых грудзіна з кілем (сярэдні выступ), да якога прымацаваны магутныя грудныя мышцы. У млекакормячых грудзіна складаецца з 3 аддзелаў: ручкі, цела і мечападобнага адростка. У чалавека грудзіна (грудная косць) — няпарная плоская косць, што ўтварае сярэднюю частку пярэдняй сценкі грудной клеткі.
т. 5, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.
С.С.Ермакова.
т. 13, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЁНКА,
аддзел задняй канечнасці ў земнаводных і наземных пазваночных, нагі ў чалавека паміж сцягном і ступнёй. Шкілет галёнкі складаюць вяліка- і малагалёначныя косці, якія зверху сучляняюцца, на працягу і канцах злучаны звязкамі. Мышцы галёнкі падзяляюцца на 3 групы: пярэднюю (складаецца з разгінальнікаў ступні і пальцаў), вонкавую (мышцы, што згінаюць, адводзяць і паварочваюць ступню), заднюю (згінальнікі пальцаў, ступні, галёнкі). Кровазабеспячэнне галёнкі адбываецца з разгалінаванняў падкаленнай артэрыі; паверхневыя вялікая і малая падскурныя вены і глыбокія вялікагалёначныя вены забяспечваюць адток крыві ад галёнкі. Галёнка членістаногіх — членік нагі паміж сцягонцам (у насякомых) ці каленным членікам (у павукападобных) і лапкай, звычайна членістай.
т. 4, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)