Мыта 7/327—328; 11/179

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТА, мыт, цло,

грашовы збор, які бралі ў ВКЛ з мясц. купцоў за ўвоз з-за мяжы або вываз тавараў за мяжу і з іншаземцаў за продаж тавараў на мясц. рынках ці правоз іх па тэр. дзяржавы. М. аддавалі і некат. таварамі; кошт тавараў і суму М. з 15 ст. запісвалі ў мытныя кнігі. М. збіралі мытнікі ў спец. памяшканнях — каморах і прыкаморках, дзе тавары аглядалі і ацэньвалі. Да 15 ст. купцы плацілі М. і буйным феадалам, па землях якіх ішлі гандл. шляхі (гасцінцы). Пратэсты і скаргі гарадоў прымусілі вярх. ўладу ў 16 ст. пакінуць скарбу манапольнае права збіраць М. (часам яно перадавалася ў арэнду). У 1570 устаноўлены 2 стаўкі М.: мясц. купцы плацілі 1 грош з кожнай капы (г.зн. 60) грошаў у кошце тавару (1,7% агульнага кошту); замежныя — 2 грошы з капы (3,4% кошту). Да сярэдзіны 17 ст. сеймавыя пастановы павялічылі мытны збор у 3—4 разы. З сярэдзіны 16 ст. да 1764 ад платы М. за вываз прадуктаў са сваіх маёнткаў вызвалялася шляхта.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Цло, гл. Мыта

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНІК,

службовая асоба ў ВКЛ, якая збірала пошліну (мыта) з купцоў за ўвоз і вываз тавараў.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РА 1) гаспадарчая пабудова або памяшканне для захоўвання збожжа, прадуктаў харчавання; сховішча найб. каштоўнай маёмасці.

2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай у канцы 15—18 ст. — мытня, дом, дзе ацэньваўся тавар, які правозілі купцы і інш. гандляры, і спаганялася мыта. К. ставілі на ўсіх гал. гандлёвых шляхах, а іх аддзяленні (прыкаморкі) — на другарадных дарогах.

3) У 19 — пач. 20 ст. — кантора пры лясніцтве.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКО́ЎСКІ (Дунін Альфонс) (1850, в. Плянта, Брэсцкая вобласць — 1905),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Варшаўскай рысавальнай школе, у Кракаўскай майстэрні Я.​Матэйкі (1882—85). З 1888 жыў на радзіме, стварыў шэраг пейзажаў. У 1896—98 працаваў у вёсках Быкавізна, Свілы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл., пісаў партрэты і карціны на рэліг. сюжэты для пахавальні сям’і Козел-Паклеўскіх. Найб. вядомы як аўтар жанравых карцін «Хворая жанчына» (1893), «Мыта на Беларусі» (1899), «Паляванне на мядзведзя», «Лоўля рыбы восцямі».

М.​М.​Яніцкая.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ ЛІТО́ЎСКАЙ МЕ́ТРЫКІ, «Акты Литовской Метрики»,

зборнік дакументаў з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага за 1413—1507. Выдадзены Ф.​І.​Леантовічам у Варшаве (т. 1, вып. 1—2, 1896—97). Уключана больш за 750 дакументаў на бел. і лац. мовах, выяўленых у 66 кнігах-копіях, што захоўваліся ў Варшаўскім архіве. Пераважаюць матэрыялы пра Беларусь і Літву, часткова — Украіну і Падляшша. Большасць з іх асвятляе сац.-эканам. і сац.-прававыя адносіны: прывілеі вял. князёў на зямельную ўласнасць, прыгонных сялян, судовыя дакументы, дагаворы куплі-продажу маёнткаў, прывілеі на корчмы, мыта, дзярж. пасады і інш. З публічна-прававых актаў змешчаны агульназемскія прывілеі 15 ст., абласныя прывілеі 16 ст.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ ПАЎДНЁВАЙ І ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І, «Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею»,

шматтомны збор дакументаў па паліт., царк. і сац.-эканам. гісторыі Украіны і Беларусі з 1361 да 1678 (т. 1—15. Спб., 1861—92). Складальнікі-рэдактары М.​І.​Кастамараў і Г.​Ф.​Карпаў. Змешчаны дакументы пераважна на старабел. і стараўкр. мовах, якія асвятляюць сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ, гісторыю праваслаўнай і уніяцкай царквы, дзейнасць брацтваў, сял.-казацкія паўстанні (у т. л. С.​Налівайкі), войны сярэдзіны 17 ст. Сярод дакументаў прывілеі вял. князёў на землі, сялян, корчмы, мыта, кірмашы, на магдэбургскае права гарадам, адм. пасады, судовыя дакументы і інш.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЯ, таможня,

дзярж. орган, праз які ўводзяцца ў краіну і вывозяцца з яе тэрыторыі імпартныя і экспартныя тавары, а таксама багаж, паштовыя адпраўленні і інш. грузы. У Рэспубліцы Беларусь М. з Дзярж. мытным к-там і інш. мытнымі органамі ўваходзяць у адзіную сістэму дзярж кіравання. Стварэнне, рэарганізацыя і ліквідацыя М. ажыццяўляюцца Дзярж. мытным к-там. Парадак і ўмовы праходжання службы ў М. рэгламентуецца Палажэннем, якое зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, правы і абавязкі службовых асоб М. вызначаны Мытным кодэксам Рэспублікі Беларусь. На тэр. Беларусі дзейнасць М. вядома з часоў ВКЛ, адкуль паходзіць назва «М.» (ад мыта, або цло — пошліны, якую збіралі з купцоў і інш. гандляроў за ўвоз і вываз тавараў ці правоз іх па тэр. краіны). Размяшчалася ў каморы.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р АЎГУСЦІ́НЦАЎ.

Існаваў з пач. 15 ст. да 1830 у Брэсце. Засн. каля 1410 вял. кн. ВКЛ Вітаўтам, які даў кляштару 2 карчмы ў Брэсце, загадаў выплачваць манахам па 4 грошы з мыта, па дзесяціне ад брэсцкіх мяшчан і з в. Бучэмля і Трасцяніца. Асн. даход аўгусцінцы атрымлівалі ад в. Кастамлоты, якая належала ім да 1795. Кляштар меў таксама 2 юрыдыкі ў Брэсце, на яго карысць рабіліся грашовыя запісы, і ён лічыўся самым багатым сярод аўгусцінскіх кляштараў ВКЛ. У 17—18 ст. у ім жыло каля 20 манахаў, адбываліся ордэнскія капітулы, дзейнічалі школы філасофіі і тэалогіі, існавала б-ка (у 1818 у ёй былі 322 кнігі). Іх кляштар і першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы размяшчаліся ў прадмесці паміж рэкамі Мухавец і Укрынка (згарэлі ў 1666). Для новай пабудовы ў 1672 брастчане ахвяравалі ім пляцы і дамы на рынку. Мураваны касцёл асвячоны біскупам у 1686. У пач. 18 ст. ён зруйнаваны, каля 1714 адноўлены, пасля пажараў 1801 і 1808 капітальна адбудаваны. У 1830 кляштар скасаваны, будынкі перададзены ваен. ведамству (размяшчаўся к-т крапасных інжынераў). Касцёл перабудаваны пад Мікалаеўскую царкву (захаваўся часткова).

Літ.:

Godzawa M. Augustjanie w Brześciu Litewskim: (Notatka historyczna) // Rocznik Towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie, 1909. Wilno, 1910. Т. 3.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)