Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЬНІК,
сапанарыя (Saponaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды: М. лекавы — мыльны корань, ці сабачае мыла (S. officinalis), і інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН — М. базілікападобны (S. ocymoides). Трапляецца ў хмызняках, на лясных палянах, па берагах рэк.
Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Сцёблы голыя ці апушаныя, прамастойныя, ляжачыя або прыўзнятыя. Карані пры расціранні ў вадзе мыляцца і даюць пену (адсюль назва). Лісце шырокалінейнае ці лопасцевае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані М. лекавага (т.зв.чырв.мыльны корань) маюць сапаніны, слізь і выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі, для мыцця шэрсці і шоўку, вырабу халвы, шыпучых напіткаў, піва. У кветкаводстве вырошчваюць махровыя формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЫ,
солі вышэйшых (з 12—22 атамамі вугляроду ў малекуле) тлустых, а таксама нафтэнавых і смаляных кіслот; у вытв-сці і быце — тэхн. сумесі водарастваральных (пераважна натрыевых і каліевых) солей стэарынавай, пальміцінавай, мірысцінавай, лаўрынавай і алеінавай кіслот.
Малекулы М. складаюцца з непалярных (вуглевадародных) і палярных (іонагенных) частак. Пры пэўнай канцэнтрацыі раствору, якая наз. крытычнай канцэнтрацыяй міцэлаўтварэння, малекулы М. ўтвараюць сферычныя часцінкі з некалькіх дзесяткаў малекул (міцэлы), вуглевадародныя радыкалы якіх арыентаваныя ўнутр міцэлы, складаюць яе ядро, а палярныя часткі ўтвараюць паверхневы слой. Міцэлаўтварэннем і высокай паверхневай актыўнасцю М. абумоўлена іх мыйнае дзеянне. М. бываюць цвёрдыя, вадкія, мяккія (пастападобныя) і парашкападобныя. Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца на гасп., туалетныя і тэхнічныя. Атрымліваюць М з тлустых алеяў, жывёльных (цвёрдых і вадкіх) тлушчаў, а таксама сінт. тлустых кіслот. Тэхн. працэс атрымання М. (мылаварэнне) складаецца з варкі і перапрацоўкі ў таварны прадукт. Пры варцы М. зыходныя тлушчы амыляюць (гл.Амыленне) шчолаччу (пераважна гідраксідам натрыю NaOH). Прадукт варкі — мыльны клей (аднародная вязкая вадкасць, гусцее пры ахаладжэнні) перапрацоўваюць у М. гасп. і туалетныя. Цвёрдыя гасп. М. (маюць 40—72% асн. рэчыва) атрымліваюць ахаладжэннем мыльнага клею. Ачысткай мыльнага клею атрымліваюць мыльнае ядро, з якога вырабляюць М. вышэйшых гатункаў — ядровыя. Для вытв-сці цвёрдых туалетных М. выкарыстоўваюць дадаткова ачышчанае ядро, зваранае з лепшай (паводле саставу) тлушчавай сыравіны. Туалетныя М. звычайныя маюць дабаўкі фарбавальнікаў, антыаксідантаў і інш.спец. рэчываў. Выкарыстоўваюць у быце (гасп. і туалетныя М. — асн.мыйны сродак). прам-сці для стабілізацыі эмульсій, як эмульгатары, кампаненты змазачна-ахаладжальных вадкасцей, флотарэагентаў і інш.Прамысл. спосаб вытв-сці М. з выкарыстаннем кальцыніраванай соды вядомы з канца 18 ст.