НЕФЕЛО́МЕТР (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метр),

аптычная прылада для вымярэння ступені мутнасці вадкасцей і газаў па інтэнсіўнасці рассеянага імі святла. Дзеянне Н. засн. на параўнанні светлавых патокаў, рассеяных выпрабаваным і эталоннымі ўзорамі. Бывае візуальны і фотаэлектрычны. Выкарыстоўваецца ў нефеламетрыі пры даследаванні дысперсных сістэм.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага геля крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),

мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію АІ2О3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію К2О — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінерал нефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.

Нефелін.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метрыя),

сукупнасць метадаў вымярэння інтэнсіўнасці святла (бачнага ці ультрафіялетавага), рассеянага ў зададзеным асяроддзі, з мэтай вызначэння канцэнтрацыі, формы і памераў дысперсных часцінак.

У Н. вымяраюць інтэнсіўнасць рассеянага святла з дапамогай нефелометраў ці фотаэл. колераметраў з адпаведнымі прыстасаваннямі, адчувальны элемент (дэтэктар) якіх можна размясціць пад рознымі вугламі да напрамку зыходнага светлавога патоку. Метады вымярэння грунтуюцца на залежнасці характару рассеяння святла, а таксама ступені яго палярызацыі ад суадносін паміж памерамі дысперсных часцінак і даўжынёй хвалі зыходнага святла. Напр., калі найб. памер часціц не перавышае 0,1 даўжыні хвалі, рассеянне святла будзе сіметрычным (гл. Рэлееўскае рассеянне святла); часцінкі большых памераў рассейваюць святло мацней і нераўнамерна. Н. выкарыстоўваецца ў хім. аналізе, для даследавання эмульсій ці інш. калоідных сістэм, у метэаралогіі, фізіцы мора, пры вывучэнні некаторых біял. аб’ектаў.

Літ.:

Шифрин К.С. Рассеяние света в мутной среде. М.; Л., 1951.

А.​Б.​Гаўрыловіч.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)