Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ ФРЫЗ, Дэ Фрыс (De Vries) Туга (16.2.1848, г. Харлем, Нідэрланды — 21.5.1935), галандскі батанік; адзін з заснавальнікаў вучэння пра зменлівасць і эвалюцыю. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1932). Скончыў ун-т у г. Лейдэн (1870). У 1878—1918 праф. Амстэрдамскага ун-та і дырэктар бат. сада. Навук. працы па распрацоўцы мутацыйнай тэорыі. Прапанаваў тэрмін «мутацыя», ажыццявіў эксперым. вывучэнне эвалюцыйнага працэсу. Распрацаваў метад вызначэння асматычнага ціску ў раслін і вучэнне пра ізатанічныя каэфіцыенты (1877). Паўторна, незалежна ад ням. батаніка К.Э.Корэнса і аўстр. генетыка Э.Чэрмак-Зайзанега адкрыў законы Мендэля (1990).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. М., 1932.
т. 6, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя зменлівасці і эвалюцыі,
сцвярджае, што існуе 2 катэгорыі зменлівасці — бесперапынная і перарывістая (дыскрэтная). Распрацаваў Г.Дэ Фрыз. Паводле гэтай тэорыі толькі перарывістая зменлівасць з’яўляецца спадчыннай. Для яе абазначэння ўведзены тэрмін «мутацыя». М.т. сцвярджае, што мутацыі могуць быць прагрэсіўныя (з’яўленне новых спадчынных уласцівасцей, што раўназначна ўзнікненню новых элементарных відаў) або рэгрэсіўныя (страта якіх-н. існуючых уласцівасцей, якія прыводзяць да ўзнікнення разнавіднасцей). Новыя жарданоны ўзнікаюць шляхам прагрэсіўных мутацый раптоўна, без пераходаў і звычайна адразу спадчынна пастаянныя. Масавыя мутацыі прымеркаваны да асобых рэдкіх мутацыйных перыядаў, што ў жыцці кожнага віду чаргуюцца з працяглымі перыядамі спакою. Развіццё генетыкі абвергла асн. палажэнні М.т. Падобную сістэму прадстаўленняў пра зменлівасць і эвалюцыю распрацаваў С.І.Каржынскі (1899). Сучасныя прадстаўленні аб спадчыннасці і іх сінтэзе з эвалюцыйным вучэннем сфармуляваў С.С.Чацверыкоў (1926). Гл. таксама Дарвінізм, Мендэлізм.
т. 11, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)