АМО́Н,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог сонца. Лічыўся апекуном г. Фівы. Амон разам з жонкай, багіняй неба Мут, і сынам, богам месяца Хансу, складалі т.зв. фіванскую трыяду. Амон уяўляўся ў выглядзе чалавека (часам з галавой барана) у кароне з двума высокімі пёрамі і сонечным дыскам; шанаваўся як мудры бог, нябесны заступнік, абаронца прыгнечаных.

Амон у вобразе барана, які ахоўвае фараона Тахарку. На пач. 8 ст. да н.э.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНХАТЭ́П МАЛО́ДШЫ, Аменхатэп, сын Хапу (каля 1460, Атрыбіс, Ніжні Егіпет — каля 1380 да н.э.),

старажытнаегіпецкі архітэктар, быў на ваен. і дзярж. службе. Дарадца Аменхатэпа III, настаўнік малалетняга Аменхатэпа IV. Пабудаваў храм бога Амона-Ра ў Луксоры (разам з арх. братамі Горы і Суці), храмы ў Салебе і Седэінгу, грандыёзныя помнікі ў Карнаку — храм бога Хансу, храм багіні Мут, алею сфінксаў паміж Луксорам і Карнакам (захаваліся калосы Мемнана). Недалёка ад храма Тутмоса II узведзены храм у гонар Аменхатэпа Малодшага.

Літ.:

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 182—183.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)