МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,

традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.

М.П.Жабінская.

Да арт. Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГЛЮБСКІЯ РУЧНІКІ́,

традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі з в. Неглюбка і навакольных вёсак Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Ткуць з ільняных, баваўняных нітак, часам дадаюць мулінэ, шоўк, ірыс; даўж. ручніка 350—500 см, шыр. 40—50 см, арнамент 80—140 см на кожным канцы. Тэхніка ткання браная і пераборная. Пераважае старадаўні геам. і геам.-расл. арнамент, які часам мае асаблівыя назвы («крывулі», «кепцы» і інш.). Узор, змешчаны на канцы ручнікоў, складаецца з 5—9 шырокіх гарыз. арнаментальных палос, дзе 2—4 рознага ўзору, далей шырокая іншага характару, потым у люстэркавым адбіцці паўтараюцца першыя. Сярэдзіна ручніка запаўняецца рытмічна размешчанымі вузкімі каляровымі арнаментальнымі палоскамі. Канец з трох бакоў абшываецца кароценькімі, у колер закладак мохрыкамі, часам аздабляецца карункамі, вязанымі кручком. Колеравая гама Н.р. яркая, пераважае чырвоны, пашыраны чорны і белы колеры. У апошні час трапляецца зялёны, сіні, жоўты. У 1977 у в. Неглюбка створаны ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сярод ткачых Е. і М. Барсуковы, Г.Грынькова, Т.Дзеранок, Е.Кавалёва, М.Кароткая, М.І. і М.П. Каўтуновы, С.Мельнікава, М.Прыходзька. Г.Суглоб, В.Халюкова і інш. Н.р. экспанаваліся на айч. і сусв. выстаўках.

Літ.:

Жабінская М.П. Мастацтва сяла Няглюбка: [Фотаальбом]. Мн., 1976.

М.П.Жабінская, Дз.С.Трызна.

Неглюбскія ручнікі. 1974.

т. 11, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)