МУДРАГЕ́ЛЬСТВА, мудрагелістая мова,
пазбаўленая сэнсавага значэння мова, у якой адносіны паміж тым, што абазначае, і тым, што абазначаецца, або не існуюць, або ўстанаўліваюцца адвольна і кожны раз нанава. Трапляецца ў стараж. магічных тэкстах, фальклоры (заклінанні, дражнілкі), у штодзённай мове (у экспрэсіўнай функцыі).
У рус. футурыстаў (тэрмін «М.» прапанаваў В.Хлебнікаў) — эксперым. паэт. мова, якая будуецца на гукаперайманнях, адвольных гукаспалучэннях і алагічных словапераўтварэннях. У лінгвістаў і паэтаў, якія групаваліся вакол час. «ЛЕФ», праблема М. была звязана з дэклараваннем «лінгвістычнай тэхналогіі», свядомай «пераробкі» літ. мовы. Для футурыстаў М было своеасаблівай лабараторнай работай па выяўленні выразных магчымасцей слова. Пэўны водгук тэорыя футурыстаў знайшла ў бел. л-ры. У асобных творах 1920-х г. прагучала думка пра неабходнасць аднаўлення мовы бел. паэзіі з арыентацыяй на М. Тэрмін «М.» часта ўжываецца для абазначэння незмястоўнага эксперыментатарства. Мудрагелістасць выказвання можа быць сінонімам вобразнай ускладненасці.
т. 11, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛЕ́БНІКАЎ Велімір (Віктар Уладзіміравіч; 9.11.1885, с. Малыя Дэрбеты, Калмыкія — 28.6.1922),
рускі пісьменнік; тэарэтык футурызму. Вучыўся ў Казанскім (з 1903) і Пецярбургскім (1908—11) ун-тах. Друкаваўся з 1908. З 1910 кіраўнік літ. групы «будзетлян» (рус. назва футурыстаў, належыць Х.), пасля — кубафутурыстаў. Удзельнік футурыстычных зб-каў «Садок суддзяў» (1909—13), «Аплявуха грамадскаму густу» (1913), «Рыкаючы Парнас» (1914). Рэфарматар паэт. мовы (эксперыменты ў галіне словатворчасці, мудрагельства, стварэнне «зорнай» мовы). Яго паэзіі ўласцівы філас. праблематыка, жанравыя новаўтварэнні, рыфматворчасць, шматгалоссе рытмаў. Аўтар пацыфісцкай паэмы пра 1-ю сусв. вайну «Вайна ў пастцы» (1919), рэв. паэм «Ладамір» (1920), «Ноч перад Саветамі» (1921), «звышаповесцей» «Драпіна па небе» (1920), «Зангезі» (1922), цыкла гіст.-матэм. арт. «Дошкі лёсу» (1922), прысвечаных прыродзе часу, апавяданняў, драм. Паўплываў на рус. і еўрап. авангард, у т. л. ў музыцы і жывапісе.
Тв.:
Стихотворения. Поэмы. Драмы. Проза. М., 1986;
Творения. М., 1986.
Літ.:
Степанов Н. Велимир Хлебников: Жизнь и творчество. М., 1975;
Григорьев В.П. Грамматика идиостиля: В.Хлебников. М., 1983;
Леннквист Б. Мироздание в слове: Поэтика Велимира Хлебникова: Пер. с англ. СПб., 1999;
Мир Велимира Хлебникова: Статьи. Исслед., 1911—1998. М., 2000.
А.В.Спрынчан.
т. 17, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)