МО́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА.
У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нішча, за 20 км на ПнЗ ад г.п. Расоны, на Пн ад балота Вял. Мох, Пл. 0,33 км², даўж. 730 м, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,1 км. Пл. вадазбору 5,6 км². Схілы катлавіны невыразныя, на У выш. да 2 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі сплавінныя, тарфяністыя, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.
т. 10, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМША́РА,
мохавае (сфагнавае) балота, гл. Імшара.
т. 1, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМША́РА, амшара, амшарына,
мохавае балота, пераважна вярховае, часам з журавінамі, кустамі, дрэвамі, азярцом на ім. У некат. раёнах Беларусі І. наз. неўрадлівыя месцы. якія параслі мохам.
т. 7, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧО́С,
верхняе мохавае і травяное покрыва на тарфяных балотах, якое лёгка аддзяляецца ад торфу. Слой звязаны каранямі жывой травяністай расліннасці, рызоідамі, сцёбламі і галінкамі імхоў. У Беларусі таўшчыня ачосу звычайна 10—15 см, найб. 50 см. У ім канцэнтруецца макс. колькасць мікраарганізмаў (і пажыўных рэчываў для іх), адбываюцца асн. працэсы торфаўтварэння. Пры здабычы торфу ачос нарыхтоўваюць асобна або заворваюць. Прыдатны для вырабу кармавых дражджэй, спірту і інш.
т. 2, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛЕЎ МОХ, Булеўскае балота,
у Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Случ і воз. Чырвонае. Нізіннага (93%) і мяшанага (7%) тыпаў. Балота перасякаюць Даманавіцкі і Беладаманавіцкі каналы. Пл. 27,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 18,5 тыс. га. Глыб. торфу да 6 м, сярэдняя 1,7 м. Першапачатковыя запасы торфу 52,8 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 5 м, агульныя запасы 13 млн. м³. Асушаная частка выкарыстоўваецца пад ворыва, сенажаць, здабываецца торф. На астатняй тэр. рэдкія лясы з бярозы, хвоі, ёсць багун, асокі, хвошч, трыснёг; мохавае покрыва са сфагнавых і гіпнавых імхоў.
т. 3, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАСЦЯБЛО́ВЫЯ ІМХІ́, сапраўдныя імхі (Bryopsida, або Musci),
клас мохападобных. 3 падкл.: андрэевыя імхі, брыевыя імхі і сфагнавыя імхі. Каля 15 тыс. відаў (паводле інш. звестак да 25 тыс.). На Беларусі каля 315 відаў. Пашыраны ўсюды, асн. дамінанты ніжняга яруса балотных, лясных, лугавых фітацэнозаў, першасныя глеба і торфаўтваральнікі. Ствараюць суцэльнае мохавае покрыва.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя расліны з радыяльна або двухбакова аблісцелым сцяблом (даўж. 1 мм — 60 см), прымацаваныя да субстрату рызоідамі (акрамя сфагнавых). Лісце сядзячае, суцэльнае, рознае па анат. будове. Размнажэнне вегетатыўнае, палавое і бясполае. Спарагоны на ножках, верхавінкавыя ці бакавыя. Каробачка ад цыліндрычнай да грушападобнай, прамастойная ці гарызантальная, з каўпачком. Споры аднаклетачныя. Маюць водаахоўнае значэнне ў жыцці лесу; часам спрыяюць забалочванню мясцовасці, значна ўплываюць на агульную забяспечанасць сушы вільгаццю.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
т. 9, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)