КАСО́ВІЧ (Каятан Андрэевіч) (14.5.1814, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.2.1883),

бел. і рускі вучоны-ўсходазнавец; адзін з першых санскрытолагаў Расіі. Скончыў Віцебскую гімназію (1832), Маскоўскі ун-т (1836). Чл. Рускага геагр. т-ва (1849). З 1850 рэдактар навук. прад Публічнай б-кі ў Пецярбургу. З 1864 праф. Харкаўскага, з 1865 — Пецярбургскага ун-таў. Пераклаў на рус. мову і выдаў стараж.-інд. драмы «Сунд і Упесунд» (1844), «Сказанне пра Дгруву» (1848), «Васантазена» (1849) і інш., урыўкі з эпасу «Махабхарата», «Яўрэйскую граматыку» Г.Ф.В.Гезеніуса і «Яўрэйскую хрэстаматыю» (1874—75), выдаў «Грэчаска-рускі слоўнік» (з І.Касовічам, 1847), збор стараж.-перс. клінападобных надпісаў (1872), склаў 1-ы ў Расіі «Санскрыта-рускі слоўнік» (1854, выд. не закончана). Верагодна, аўтар публікацыі бел. нар. песні з каментарыем, у якім падкрэслівалася своеасаблівасць бел. мовы (газ. «Молва», 1835, № 21, подпіс «Белорусс К.К.»).

Літ.:

Бас І. Эцюды пра вучоных // Маладосць. 1971. № 8;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1.

т. 8, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́ЖДЗІН (Мікалай Іванавіч) (17.10.1804, г.п. Белаомут Лухавіцкага р-на Маскоўскай вобл. — 23.1.1856),

рускі крытык, журналіст, гісторык і этнограф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1824). У 1831—35 праф. Маскоўскага ун-та. З 1831 выдаваў час. «Телескоп» з дадаткам газ. «Молва», у якіх супрацоўнічаў В.Р.Бялінскі. За публікацыю «Філасафічнага пісьма» П.Чаадаева ў 1836 «Телескоп» закрыты, а Н. сасланы. У 1843—56 рэдактар «Журнала Министерства внутренних дел», адначасова з 1848 старшыня Аддзялення этнаграфіі Рус. геаграфічнага т-ва. Адзін з пачынальнікаў рас. літ. эстэтыкі, у якой развіваў ідэі Ф.Шэлінга. Адыграў значную ролю ў фарміраванні эстэт. прынцыпаў рэалізму. Аўтар літ.-крытычных арт. «Літаратурныя боязі за будучы год» (1828), «Гора ад розуму». Камедыя... А.Грыбаедава» (1831), цыклаў «Летапісы айчыннай літаратуры» (1832), «Рускі тэатр. Лісты ў Пецярбург» (1833), гіст., этнагр. прац, у т. л. «Пра гістарычную ісціну і дакладнасці» (1837), «Пра гаворкі рускай мовы» (1841) і інш. Распрацоўваў пытанні этнаграфіі славян. Беларусі прысвечаны арт. «Паўночна-Заходні край імперыі ў мінулым і сучасным выглядзе» (1843).

Тв.:

Литературная критика;

Эстетика. М., 1972.

Літ.:

Каменский З.А.Н.И.Надеждин. М., 1984.

Г.А.Каханоўскі.

т. 11, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́НСКІ (Вісарыён Рыгоравіч) (11.6.1811, г. Свеаборг, Расія, цяпер Суаменліна, Фінляндыя — 7.6.1848),

рускі літаратурны крытык, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1833 збіраўся працаваць настаўнікам рус. мовы ў Беларусі, пазней адмовіўся. Зблізіўся з гуртком М.У.Станкевіча, дзе вывучаў філас. сістэмы Канта, Фіхтэ, Шэлінга; пазней зацікавіўся філасофіяй Гегеля. Супрацоўнічаў у выданнях М.І.Надзеждзіна «Телескоп» і «Молва» (1833—36), рэдагаваў час. «Московский наблюдатель» (1838—39). З 1839 у Пецярбургу, працаваў у «Отечественных записках» А.А.Краеўскага. У 1846—48 кіраваў крытычным аддзелам час. «Современник» М.А.Някрасава і І.І.Панаева. Бялінскаму ўласцівыя выключная эстэтычная чуйнасць, рознабаковы падыход да з’яў мастацтва. У крытыка-публіцыстычных артыкулах, аглядах, рэцэнзіях ён звяртаўся да пытанняў філасофіі (эвалюцыя ад ідэалізму да матэрыялізму), адстойваў ідэі рэв.-дэмакр. руху, на аснове дыялектыкі распрацоўваў тэорыю мастацтва і л-ры (гал. крытэрыямі каштоўнасці маст. твора лічыў прастату вымыслу, дасканаласць праўды жыцця, народнасць, арыгінальнасць), гісторыі л-ры (вылучаў ламаносаўскі, карамзінскі, пушкінскі, празаічна-апавяд. перыяды і інш.), тэорыі і гісторыі крытыкі як найб. яркага ўвасаблення развіцця грамадскай думкі. Сярод прац «Літаратурныя мары: (Элегія ў прозе)» (1834), «Аб рускай аповесці і аповесцях сп. Гогаля («Арабескі» і «Міргарад»)» (1835), «Нішто аб нічым, або Справаздача сп. выдаўцу «Тэлескопа»...» (1836), «Герой нашага часу... Твор М.Лермантава», «Гора ад розуму. Твор А.С.Грыбаедава» (абодва 1840), «Вершы М.Лермантава», «Раздзяленне паэзіі на роды і віды», «Агульнае значэнне слова літаратура» (усе 1841), «Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы» і «Слова пра крытыку» (1842), а таксама пагадовыя агляды рус. л-ры 1840—47. Асаблівае месца ў творчасці Бялінскага належыць цыклу з 11 артыкулаў «Творы Аляксандра Пушкіна» (1843—46) — фактычна першай спробе манаграфічнага аналізу творчасці пісьменніка на фоне гіст. і літ. працэсаў. «Ліст да Гогаля» (1847), напісаны за мяжой, стаў своеасаблівым завяшчаннем крытыка.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1953—59;

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1976—82.

Літ.:

Березина В.Г. Этюды о Белинском — журналисте и критике. СПб., 1991.

Л.І.Зарэмба.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)