род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 42 віды. Найб. вядомыя М.: белы, або бялянка (L. pubescens), горкі, або гаркуха (L. rufus), грузд чорны (L. necator), ружовы, або ваўнянка (L. torminosus), скрыпіца (L. vellereus), смачны, або рыжык (L. deliciosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах, на ўзлесках і лугах, дзе ёсць карані дрэў. Утвараюць «ведзьміны кольцы».
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка белая, шэрая да ружавата-ліловай, карычневая. дыям. да 25 см, звычайна правільна-круглаватая з загорнутым ці апушчаным уніз краем, не аддзяляецца ад ножкі. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка шчыльная або рыхлая, часта ўнутры полая. Мякаць белая, палевая, з млечным сокам (сістэм. адзнака). Споры авальныя або шарападобныя, белыя ці жаўтаватыя. Усе віды ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУ́ХА,
кароўка, малачай (Lactarius rutus), шапкавы базідыяльны грыб роду млечніксям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі, пераважна ў вільготных хваёвых лясах і на мохавых балотах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв.—кастрычніку.
Шапка дыям. 3—8 см, плоска-пукатая або шырокалейкападобная, у цэнтры з вострым бугарком, чырванавата-карычневая, гладкая, сухая. Пласцінкі прырослыя або слабасыходныя, рыжаватыя, з белым налётам спор. Мякаць палевая, шчыльная, з белым пякучавострым млечным сокам, непрыемна пахне. Ножка цыліндрычная, шчыльная, потым пустая. Ядомая (спажываецца соленая).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,
ваўнуха (Lactarius torminosus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду млечніксям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.
Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКА, ваўнянка белая (Lactarius pubescens),
шапкавы пласціністы грыб з роду млечніксям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.
Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 смвыш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗДЫ́,
шапкавыя базідыяльныя грыбы з роду млечніксям. сыраежкавых. Вядома больш за 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя грузд сапраўдны, або хрушчак (Lactarius resimus), расце пераважна ў яловых і бярозавых лясах; грузд жоўты (L. scrobiculatus), расце ў вільготных месцах ў хваёвых лясах; грузд чорны, або чарнуха (L. necator), вельмі пашыраны, расце ў бярозавых і мяшаных лясах; грузд перцавы, або кароўка, малачай (L. piperatus), часцей трапляецца ў дубовых лясах. Мікарызаўтваральнікі. Ядомыя. Спажываюцца салёныя. Грузд перцавы выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для лячэння нырачнакаменнай хваробы.
Растуць групамі. Пладаносяць у ліп.—верасні. Шапка дыяметрам да 20 см, пукатая, потым лейкападобная, часцей з апушаным завернутым уніз краем. Мякаць шчыльная з едкім млечным сокам (таму перад засолкай вымочваюць або адварваюць). Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка цыліндрычная, кароткая, у спелых грыбоў пустая (у грузда перцавага — суцэльная). Споры шарападобныя або шырокаавальныя.