рэчывы, якія маюць адрозны ад прыроднага ізатопны склад. Выкарыстоўваюцца ў якасці адзнакі («меткі») у фізіцы, хіміі, біялогіі, медыцыне, металургіі і інш. пры вывучэнні розных працэсаў (у т. л. ў жывых арганізмах).
Метад І.і. заснаваны на блізкасці фіз.-хім. уласцівасцей розных ізатопаў аднаго і таго ж хім. элемента. Прапанаваны ў 1913 венг. радыехімікам Дз.Хевешы і ням. хімікам Ф.Панетам. У якасці ізатопнай «меткі» звычайна выкарыстоўваюць радыеактыўныя ізатопы (напр., вуглярод-14, фосфар-32, жалеза-59, кобальт-60, ёд-131), якія можна лёгка выявіць і вымераць колькасна з дапамогай дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў. Стабільныя І.і. выяўляюцца метадамі мас-спектраскапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧА́ТКА,
буйнапамерная цэгла з падоўжнымі барознамі на паверхні, якія зроблены пальцамі майстра ці спец. інструментам. Вядома на Беларусі ў 13—18 ст., куды трапіла з Валыні (Украіна), таксама ў паўн.-ўсх. Германіі, Польшчы, Літве і некат. інш. раёнах Прыбалтыкі. Выраблялася розных памераў: для замкавага буд-ва таўшчынёй 8—10 см, у 2-й пал. 17 ст. існавала тонкая П. (4,5—6 см). На П. 14—16 см трапляюцца меткі і клеймы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКАЗІ́МЕТР (ад віскоза + ...метр),
прылада для вымярэння вязкасці вадкасцей і газаў. Бываюць капілярныя (найб. пашыраныя; вызначаецца час працякання зададзенага аб’ёму вадкасці праз капіляр), ратацыйныя (вымяраецца вярчальны момант або вуглавая скорасць аднаго з сувосевых цел, паміж якімі знаходзіцца даследаваная вадкасць або газ), шарыкавыя (вымяраецца час падзення шарыка паміж 2 меткамі) і ультрагукавыя (вымяраецца скорасць затухання ваганняў у даследаванай вадкасці). Выкарыстоўваецца для вымярэння вязкасці пры розных т-рах металаў, буд. матэрыялаў, хім. і харч. прадуктаў і інш.Гл. таксама Вісказіметрыя.
Вісказіметры: 1 — капілярны; 2 — шарыкавы; 3 — ратацыйны; а і б — меткі; α — вугал закручвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДА́ВІЧУС ((Gudavičius) Эдвардас) (н. 6.9.1929, г. Каўнас, Літва),
літоўскі гісторык. Д-ргіст.н. (1989), праф. (1991). Скончыў Вільнюскі ун-т (1968). З 1974 у Ін-це гісторыі АН Літвы. Даследуе сац.-эканам. і паліт. гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру Літвы, этнагенез і этнічную гісторыю балтаў, гістарыяграфію Прыбалтыкі феад. перыяду, праблемы крыніцазнаўства, дыпламатыкі і інш.Асн. працы прысвечаны праблемам узнікнення і фарміравання ВКЛ, ваен.-паліт. адносінам Літвы з Тэўтонскім ордэнам, Статутам ВКЛ. Аўтар манаграфій «Меткі ўласнасці і знакі ў Літве ў XVII—XX стст.» (1980), «Войны крыжакоў у Прыбалтыцы і Літве ў XIII ст.» (1989), «Узнікненне гарадоў у Літве» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЧАННЕ ЖЫВЁЛ,
пазначэнне жывёл для навуковых і гаспадарчых мэт. Выкарыстоўваецца для вывучэння міграцый, біял., экалагічных асаблівасцей, паводзін у натуральным асяроддзі, уліку колькасці, выяўлення прычын гібелі жывёл; таксама для ўліку паходжання, развіцця, фізіял. стану, прадукцыйнасці с.-г. жывёл, вызначэння іх прыналежнасці да гаспадаркі і інш. Бывае індывід. і групавое, каротка- і доўгачасовае (пажыццёвае). М.ж. каардынуе Міжнар.к-т па кальцаванні.
Дзікіх жывёл мецяць мех. сродкамі (ампутацыя частак цела, татуіроўка, замацаванне на целе кольцаў, скоб, завушніц, ашыйнікаў і інш., увядзенне капсул у поласць цела, выстрыганне, афарбоўванне і інш.), радыёакустычнымі, радыеактыўнымі меткамі і інш. На доўгачасовых метках ставяць назву краіны (сталіцы), арг-цыі і нумар меткі. С.-г. жывёл мецяць татуіроўкай, вышчыпамі (прабоямі) на вушах, таўрэннем (клеймаваннем) на крыжы, лапатках, рагах; кольцамі, ашыйнікамі, крылавымі і вушнымі меткамі: каляровымі, з нумарамі, умоўнымі знакамі. Гл. таксама Кальцаванне птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́НФА (ад грэч. plinthos цагліна),
шырокая і плоская абпаленая цэгла. Вядомая ў Стараж. Рыме. Выкарыстоўвалася ў манум. буд-ве Візантыі, адкуль у 11 ст. трапіла на Беларусь. Найб. характэрна для пабудоў 11—12 ст.Полацкай школы дойлідства і Гродзенскай школы дойлідства. Аздаблялася рэльефнымі знакамі (трызубец, выява асобных літар, пяціканцовая зорка і інш.). Полацкая і віцебская П. мелі клеймы. Рады П. змацоўвалі цамянкай. Была пашырана муроўка «са схаваным радам», у якой чаргаваліся заглыбленыя і высунутыя наперад рады П. Такая муроўка наз. «паласатай», паверхня сцяны мела дэкар. выгляд у выніку чаргавання чырвоных палос П. і бледна-ружовых цамянкі. Часам у муроўцы чаргаваліся рады П. і каменю-вапняку. Для арх. дэталей (пілястраў, лапатак і інш.) выкарыстоўвалі фігурную ці лякальную (трапецападобную, паўкруглую і інш.) П. Выраблялі П. ў спец. формах з драўляным дном. Каб пазначыць сваю прадукцыю, цагельнікі пакідалі на П. знакі, клеймы або меткі; часам трапляюцца малюнкі ці надпісы. Абпальвалі П. ў спец. печах з цэглы. У 2-й пал. 13 ст. замест П. ў бел. дойлідстве выкарыстоўвалі буйнапамерную брусковую цэглу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ, радыеэкалогія,
навука, якая даследуе намнажэнне радыеактыўных рэчываў у арганізмах і іх міграцыю ў біясферы, узаемаадносіны радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя з раслінамі і жывёламі, іх згуртаваннямі; раздзел радыебіялогіі і экалогіі. Цесна звязана з біялогіяй, медыцынай, гігіенай і інш. навукамі. Вырашае пытанні аб ролі радыеактыўнасці ў эвалюцыі біясферы, практычным пытанні прагназіравання паслядзеяння антрапагеннага радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў сувязі з шырокім выкарыстаннем ядз. энергіі.
Як самастойная навука зарадзілася ў канцы 1940-х г. у сувязі з выпрабаваннем ядз. зброі. Гал. ўвага ўдзялялася вывучэнню і міграцыі ў прыродзе цяжкіх радыеактыўных элементаў, найперш урану.
На Беларусі ўзнікла ў 1950—60-я г. з пачаткам даследаванняў па колькасці і размеркаванні радыенуклідаў у глебе, а таксама па вывучэнні міграцыі хім. элементаў у экасістэмах з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў у якасці меткі. Даследаванні праводзяцца ў адпаведных ін-тах Нац.АН Беларусі, НДІ і праектна-вышукальных станцыях Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Міжнар. экалагічным ун-це імя А.Дз.Сахарава, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу і інш. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задачы Р.э.: вызначэнне межаў і ўзроўню забруджвання тэрыторый, вывучэнне ізатопнага складу радыеактыўных ападкаў, распрацоўка мерапрыемстваў па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІЯ ШПАЛЕ́РЫ,
вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. ў 2-й пал. 17—1-й пал. 19 ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К.Д. і Ю.К.Гескіх, Скажыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне 18 ст.Найб. вядома серыя высокамаст. шпалер, выкананых паводле загаду (1752) М.К.Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш. К.ш. вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вял. памерамі (349 × 329 см і падобныя). На некат. выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Карэліцкія шпалеры. Фрагмент шпалеры «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам». 2-я пал. 18 ст.