Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОРТА-, МЕТА-, ПАРА- ў хіміі,
прэфіксы, якімі карыстаюцца ў арган. хіміі для абазначэння становішча двух (аднолькавых ці розных) замяшчальнікаў адносна адзін аднаго ў бензольным кальцы. У орта-злучэннях замяшчальнікі знаходзяцца ў 1,2-, у мета у 1,3- і ў пара у 1,4-становішчах (адпаведныя скарачэнні: о-, м-, п-), напр., 1,2-дыметылбензол наз. орта-ксілол ці о-ксілол (гл. Ксілолы). Прыстаўкі «орта» і «мета» выкарыстоўваюць у неарган. хіміі ў трывіяльных назвах кіслародзмяшчальных кіслот з рознай колькасцю гідраксільных груп пры цэнтр. атаме (орта — найбольшая, мета — найменшая), напр., к-ты артафосфарная H3PO4 ці (HO)3PO і метафосфарная HPO3 ці HOPO2.
т. 11, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАФЕНО́ЛЫ,
арганічныя араматычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу OH; C6H4(NH2)OH. Вядомы крышталічныя ізамеры амінафенолаў, орта-амінафенолы, tпл 174 °C; мета-амінафенолы, tпл 123 °C і пара-амінафенолы, tпл 186 °C. Амфатэрныя, утвараюць солі з кіслотамі і шчолачамі. Атрымліваюць аднаўленнем адпаведных нітроза- і нітрафенолаў. Ізамеры (мета- і пара-амінафенолы) выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў для футра (карычневы колер), пара-амінафенолы і яго вытворныя — праявіцелі ў фатаграфіі. Амінафенолы могуць выклікаць дэрматыт.
т. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА... (ад грэч. meta за, паміж, пасля), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае пераход да чаго-небудзь інш., змену стану, ператварэнне (напр., метагенез, метамарфоза).
т. 10, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАКІНЕ́З (ад мета... + kinēsis рух),
праметафаза, пачатковы перыяд адной са стадый дзялення клеткі — метафазы. Уключае разыходжанне палавінак храмасом у анафазе мітозу і ўваходжанне храмасом у экватарыяльную пласцінку.
т. 10, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТА (Meta),
рака ў Калумбіі (у нізоўях служыць мяжой паміж Калумбіяй і Венесуэлай), левы прыток р. Арынока. Даўж. больш за 1000 км, пл. басейна 104 тыс. км². Вытокі ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна па раўнінах Льянас-Арынока. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Бурныя летнія паводкі. Ніжэй г. Пуэрта-Лопес суднаходная. Найб. гарады: Пуэрта-Карэньё (у вусці) і Аракуэ.
т. 10, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФА́ЗА (ад мета... + грэч. phasis паяўленне),
сярэдняя фаза клетачнага дзялення (меёзу ці мітозу); адпавядае максімальнаму ўзроўню кандэнсацыі храмасом. Адрозніваюць 2 перыяды М.: метакінез (храмасомы збіраюцца ў экватарыяльнай вобласці верацяна дзялення клеткі і ўтвараюць экватарыяльную пласцінку) і ўласна М. (устанаўліваюцца сувязі паміж храмасамальнымі ніцямі верацяна і цэнтрамерамі і храмасомы раз’ядноўваюцца на храматыды). Працягласць М. 0,3—175 мін.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАГЕНЕ́З (ад мета... + ...генез) у біялогіі, адна з форм чаргавання пакаленняў, пры якой пакаленні асобін, што размнажаюцца палавым шляхам, змяняюцца на пакаленні асобін, якія размнажаюцца бясполым шляхам. Характэрны для кішачнаполасцевых, некат. плоскіх і кольчатых чарвей. Напр., у эхінакока ў кішэчніку асн. гаспадара адбываецца выспяванне яец (палавое размнажэнне), а ў целе прамежкавага гаспадара ўтвараецца лічынка (фіна), унутры якой пачкаваннем фарміруюцца даччыныя пузыры з галоўкамі чарвей (бясполае размнажэнне). Кожная галоўка ў кішэчніку асн. гаспадара дае пачатак новай стужачнай форме.
Р.Г.Заяц.
т. 10, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)