Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ТНЫ АЛЕ́Й,
эфірны алей, які атрымліваюць з кветак і зялёнай масы пераважна мяты перцавай. Бясколерная вадкасць з пахам мяты і гаркаватым смакам, шчыльн. 892—920 кг/м³. Асн. кампанент М.а. (каля 50%) — ментол. Выкарыстоўваюць у вытв-сці валідолу, зубных пастаў, кандытарскіх і лікёра-гарэлачных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦОВААНЕСТЭЗІ́ЙНЫЯ СРО́ДКІ,
група лекавых сродкаў, якія выбіральна і абарачальна выклікаюць страту болевай адчувальнасці ў месцы іх увядзення. Адрозніваюць М.с. кароткачасовага дзеяння (напр., анестэзін, дыкаін, какаіну гідрахларыд), больш працяглага дзеяння (напр., артыкаін, бензафуракаін, лідакаін) і лек. формы, якія маюць М.с. (напр., свечкі — анестэзол, дражэ — анестэзін-ментол, аэразоль — амправізоль). Ужываюць пры лячэнні захворванняў органаў стрававання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, хваробах прамой кішкі, скурных хваробах, для правядзення інфільтрацыйнай, правадніковай, спіннамазгавой анестэзіі, паяснічнай, вагасімпатычнай і інш. блакад. Гл. таксама Абязбольванне, Наркоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ТА (Mentha),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Некалькі відаў здаўна культывуюцца ў многіх краінах як эфіраалейныя і лек. расліны. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: водная (M. aquatica), даўгалістая (M. longifolia), палявая (M. arvensis). Трапляюцца на палях, па берагах рэк і азёр. На Беларусі вырошчваюць пераважна М. перцавую (M. × piperita) — гібрыд М. воднай і каласковай (M. spicata).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,2 м. Лісце суцэльнае, зубчастае або пілаватае. Кветкі дробныя, 1- і 2-полыя, ружавата-ліловыя ў пазушных кальчаках або коласападобных ці галоўчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. Трава М. мае ментол, ужываецца як лек. сродак. Алей выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці. Лек., эфіраалейныя, харч., меданосныя расліны.