Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕВІ́З ФРА́ЗІН, Алевіз (Aloisio) Новы,
італьянскі архітэктар канца 15 — пач. 16 ст. У 1503—04 пабудаваў у Бахчысараі палац хана Менглі-Гірэя (захаваўся разны мураваны партал). З 1504 па запрашэнні Івана III у Маскве, дзе, паводле летапісу, пабудаваў 11 цэркваў (не захаваліся) і Архангельскі сабор у Крамлі (1505—08), у дэкар. апрацоўцы якога выкарыстаў элементы архітэктуры італьян. Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ АРДА́,
татарская феад. дзяржава ў 1433—1502. Узнікла на Прычарнаморскіх землях у міжрэччы Дона і Дняпра ў працэсе распаду Залатой Арды. На чале Вялікай Арды з дапамогай вял.кн.літ. Свідрыгайлы стаў хан Сеід Ахмед, унук Тахтамыша. Асн. занятак насельніцтва — качавая жывёлагадоўля, якая спалучалася з земляробствам. Мела 100-тыс. армію і адыгрывала важную паліт. ролю ва ўсх. Еўропе ў сярэдзіне 15 ст. У 1455—56 пасля набегаў крымскага хана Хаджы-Гірэя цэнтр Вялікай Арды перамясціўся на Волгу. У 1465 ад яе аддзялілася Астрахань, дзе хан Махмуд [1459—65] заснаваў незалежнае ад Вялікай Арды Астраханскае ханства. У часы хана Ахмата [1465—81] Вялікая Арда памацнела, быў заключаны саюз з Польшчай (1472), наладжаны адносіны з Турцыяй (1476). У 1486—91 крымскі хан Менглі-Гірэй разграміў Вялікую Арду і ліквідаваў яе самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМА́Т, Ахмут,
Ахмед (? — студз. 1481),
хан Вялікай Арды [1459—81]. У 1460 спрабаваў захапіць рускі г. Пераяслаў-Разанскі. У пач. 1470-х г. вёў перагаворы з кіраўніцтвам Венецыянскай рэспублікі аб заключэнні саюзу супраць Асманскай імперыі. Заключыў з польск. каралём Казімірам IV пагадненне пра сумесную барацьбу супраць Рус. дзяржавы, на чале свайго войска дайшоў да р. Ака (1472). У час паходу ў Крым замяніў мясц. хана Менглі-Гірэя сваім стаўленікам Джанібекам (1476). У канцы 1470-х г. перамог узб. хана Шэйх-Хайдэра і ўстанавіў пратэктарат над Астраханскім ханствам. Адмова маскоўскага вял.кн. Івана III прызнаць васальную залежнасць ад Арды і заплаціць ёй даніну (1476) выклікала ў 1480 няўдалы апошні паход Ахмата на Русь (гл.«Стаянне на Угры»), які паклаў канец намаганням манг.-тат. ханаў аднавіць сваё паліт. панаванне над Рус. дзяржавай. Забіты цюменскім ханам Ібакам (Івакам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧА́КАЎ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс.ж. (1992). Марскі порт. Харч.прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.
У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст. вял князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.А.Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.П.Шмітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЭ́І, Гіраі,
дынастыя крымскіх ханаў з сярэдзіны 15 ст. да 1783. Вялі радаслоўную ад Чынгісхана. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй захапіў уладу ў 1443 пры падтрымцы вял. князя ВКЛ Казіміра IV і татарскіх крымскіх князёў з роду Шырын. Крымскае ханства стала незалежным ад Залатой Арды. Хаджы-Гірэй падтрымліваў сяброўскія адносіны з Казімірам IV, мірныя ўзаемадачыненні з Маскоўскай дзяржавай, імкнуўся забяспечыць сваю незалежнасць ад Турцыі. Пасля смерці Хаджы-Гірэя ў 1466 у выніку працяглай барацьбы ханам стаў яго малодшы сын Менглі-Гірэй (панаваў да 1515 з 2 невял. перапынкамі). У 1475 Крымскае ханства трапіла ў васальную залежнасць ад Турцыі, турэцкія султаны прызначалі ханаў выключана з роду Гірэяў. У 15—17 ст. Гірэі арганізоўвалі рабаўнічыя паходы на суседнія краіны. Апошні крымскі хан Шагін-Гірэй пад прымусам рас. ўрада ў лют. 1783 адмовіўся ад трона, а Крымскае ханства далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),
вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл.Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл.Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКАЕ ХА́НСТВА,
татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г.Бахчысарай (з пач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл.Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.
Літ.:
Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;
Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;
Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,
мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл.Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.
Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст.Найб.стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.І.Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.Дз.Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.Васільеў, будаваў Г.І.Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.