Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭРЫ́Д, Шот-эль-Джэрыд,
бяссцёкавая ўпадзіна ў цэнтр. частцы Туніса, на выш. 16 м. Даўж. 120 км. Шыр. 60 км. У час зімовых дажджоў ператвараецца ў мелкае салёнае возера, у сухі час года перасыхае. Вакол Дж. крыніцы прэсных грунтавых вод і артэзіянскія калодзежы з аазісамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́МІНА,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 35 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,31 км2, даўж. 1,6 км, найб.шыр. 250 м. Пл. вадазбору 8,53 км2. На Пд упадае ручай з воз. Доўгае-Мелкае. Злучана ручаём з р. Дрыса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДМЕЛЬ,
1) мелкае месца ў вадаёме ці вадацёку, якое пачынаецца ад берагавой лініі. Мае шырокі падводны схіл з нязначнымі нахіламі.
2) Участак дна з меншымі глыбінямі, чым навакольныя. Да гэтага тыпу водмелі адносяцца марскія банкі. На водмелях пераважаюць працэсы перамяшчэння і намнажэння асадкаў, могуць утварацца намыўныя астравы і косы; небяспечныя для суднаходства. Характарызуюцца багаццем планктону, на іх заўсёды багацейшая фауна рыб і малюскаў. Пашыраны на рэках, азёрах і вадасховішчах Беларусі. На рэках утвараюцца каля берага, процілеглага таму, які падмываецца, і паступова ператвараюцца ў поймавую тэрасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОД,
мелкае месца на ўсю шырыню ракі, возера або балота, па якім можна перайсці ці пераехаць з аднаго берага на другі. У старажытнасці, да буд-ва мастоў, праз брод праходзілі дарогі. Гразкі брод звычайна ўмацаваны грэбляй. Мае значэнне ў ваен. справе пры фарсіраванні водных перашкод. Пазначаецца на тапаграфічных картах з указаннем глыбіні і грунту. На рэках Беларусі брод нярэдка супадае з перакатамі, на азёрах — з водмелямі. Выкарыстоўваецца для перагону свойскай жывёлы на зарэчныя пашы, для заезду на аддаленыя сенажаці. Ад тэрміна «брод» утвораны многія тапонімы — назвы населеных пунктаў (у Беларусі каля 40), рэк, азёраў, урочышчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЎСКАЕ МО́РА
(стараж.-рус. Суражскае мора),
унутранае мора Атлантычнага ак. на ПдУсх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс.км², аб’ём 0,29 тыс.км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м.Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася пасля буд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.