расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1977). Скончыў школу-студыю МХАТа (1959), працуе ў т-ры імя Маякоўскага (Масква). Творчасць адметная майстэрствам псіхал. і сац. абмалёўкі персанажа. У рэпертуары драм., камедыйныя, вострахарактарныя ролі: Звяздзінскі («Плады асветы» Л.Талстога), Хлудаў («Бег» М.Булгакава), Ясон («Медэя» Эўрыпіда), Георгій Абашвілі, Давід («Каўказскі ’мелавы круг» Б.Брэхта), Віктар («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Жорж Піту («Смех лангусты» Дж.Марэла). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Яшчэ раз пра каханне», «Праз церні да зорак», «Кветкі запозненыя», «Казка, расказаная ноччу», «Дзямідавы», «Вар’яцкі дзень інжынера Баркасава» і інш.Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСО́П (Hyssopus),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі. На Беларусі вырошчваюць І. лекавы (H. officinalis). Лёгка дзічэе, трапляецца на сухіх узгорках, камяністых схілах. Нар. назвы: красвень, красвяк, крузбень.
Шматгадовыя травяністыя ці паўкустовыя расліны выш. да 70 см. Сцябло галінастае, 4-граністае. Лісце лінейна-ланцэтнае, суцэльнакрайняе. Кветкі пераважна сінія, радзей ружовыя, белыя, сабраныя ў аднабаковыя коласападобныя суквецці. Цвіце ў ліп. — жніўні. Плод — 3-граністы арэшак. Расліны з моцным бальзамічным пахам. Лісце і маладыя парасткі ядомыя (прыправа). Выкарыстоўваецца ў кулінарыі, парфумернай, лікёра-водачнай лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Дэкар., меданосная, лек. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА),
мезазой
[ад мез(а)... +грэч. zōe жыццё],
другая эратэма слаёў фанеразою, якая ў агульнай стратыграфічнай шкале знаходзіцца паміж палеазойскай эратэмай (эрай) і кайназойскай эратэмай (эрай), і адпаведная ёй эра геал. гісторыі Зямлі. Вылучана у 1841 англ. геолагам Дж.Філіпсам. Пачалася каля 230 млн. гадоў назад і цягнулася каля 163 млн. гадоў. Падзяляецца на трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд).
У трыясавым перыядзе ў многіх абласцях Зямлі адбылося павелічэнне пл. кантынентаў. Мора пакінула платформы і асобныя ўчасткі геасінкліналяў (Кардыльеры). У канцы трыясу — пач. юры развіваліся старажытнакімерыйскія гораўтваральныя працэсы (Балканскі п-аў, Крым, Каўказ, Мангышлак, Індакітай, ПнУ Азіі). Пачалося драбленне мацерыка Гандвана, актывізавалася вулканічная дзейнасць (Афрыка, Паўд. Амерыка). У пач. юры апусканне значных участкаў сушы абумовіла новую трансгрэсію (наступанне вод мора на сушу), якая завяршылася ў канцы юры новакімерыйскай складкавасцю (гл.Мезазойская складкавасць). У 1-й палавіне мелавога перыяду мора пакрывала некаторыя ўчасткі Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформы. У пач. позняга мелу адбывалася найб. ў М.э. (э.) трансгрэсія мора, якая пашырылася на б.ч.Паўд. паўшар’я. У Паўн. паўшар’і мора пакрыла Паўд. і Сярэднюю Еўропу. У мелавым перыядзе канчаткова распаўся мацярык Гандвана, з частак якога ўтварыліся сучасныя мацерыкі Паўд. паўшар’я. У канцы М.э. (э.) ларамійскія гораўтваральныя рухі адбываліся пераважна ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак. (горныя сістэмы Паўн.-Усх. і Усх. Азіі, Скалістых гор, Андаў і інш.). М.э. (э.) адзначана істотнымі зменамі ў складзе арган. свету. З’явіліся дыятомавыя і харавыя водарасці, какалітафарыды. Сярод споравых пераважалі папараці. З канца трыясавага перыяду пачалі развівацца голанасенныя, хвойныя, гінкгавыя, бенетытавыя і сагоўнікавыя. У сярэдзіне мелавога перыяду дамінавалі пакрытанасенныя, што захаваліся да сённяшняга часу. Рэзка змяніўся ў мезазоі і склад беспазваночных жывёл. Дасягнулі росквіту галаваногія малюскі: цэратыты (трыяс), аманіты (юра), белемніты (мел). Існавалі таксама пласціністашчэлепныя, бруханогія, плечаногія, марскія вожыкі, каралы, губкі і інш. Характэрны гіганцкія паўзуны (дыназаўры, плезіязаўры, іхтыязаўры і інш.). З’явіліся першыя млекакормячыя і птушкі (юра, мел), пануючае становішча занялі касцістыя рыбы.
Марскія геасінклінальныя адклады прадстаўлены пясчанікава-сланцавымі, часам з эфузівамі, і вапняковымі тоўшчамі; платформенныя — пясчана-гліністымі пародамі з глаўканітам і праслоямі фасфарытаў, на ПдУсх.-Еўрапейскай платформы — тоўшчамі мергеляў і пісчага мелу; кантынентальныя ўтварэнні — чырванаколернымі і вугляноснымі тоўшчамі. Да адкладаў мезазою прымеркаваны радовішчы каменных і бурых вуглёў, нафты, баксітаў, каменнай і калійных солей, фасфарытаў і жалеза; у геасінклінальных абласцях Азіі і Амерыкі з імі звязаны радовішчы золата, серабра, волава, свінцу, цынку, медзі і інш.
На Беларусі вядомы адклады ўсіх 3 сістэм М.э. (э.). Макс. магутнасць іх да 800 м (цэнтр.ч. Прыпяцкага прагіну). У трыясе б.ч. тэрыторыі была сушай, толькі ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне спачатку існавалі прэснаводныя лагуны, пазней невял. азёры. Магутнасць трыясавых адкладаў 2—11 м (Брэсцкая ўпадзіна) і 450 м (Прыпяцкі прагін), прадстаўлены пясчана-гліністымі і глініста-мергелістымі пародамі, у ніжняй тоўшчы з рэшткамі філапод. астракод, абломкаў лускі і касцей рыб, харавых водарасцей. У перыяд юрскай трансгрэсіі мора пранікла на тэр. Беларусі з ПнУ і 3. Мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрылі ўсх. і зах.ч. тэрыторыі. Адклады. магутнасцю да 200 м, прадстаўлены тэрыгенна-карбанатнымі тоўшчамі (вапнякі, мергелі, гліны, пясчанікі, спангаліты). З канца юры да ранняга мелу існавалі кантынентальныя ўмовы. У мелавы перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі мора неаднаразова паўтараліся. У канцы маастрыхцкага веку мора поўнасцю пакінула тэр. Беларусі. Мелавыя адклады магутнасцю больш за 400 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), складзены з пясчана-карбанатных, мергельна-мелавых і крамяністых парод, маюць у сабе рэшткі фарамініфер, астракод, белемнітаў, брахіяпод, пеліцыпод, касцістых рыб і інш. У адкладах мезазою на Беларусі выяўлены радовішчы бурага вугалю, мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод і фасфарытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКАЛПАКСТА́Н, Рэспубліка Каракалпакстан,
у складзе Узбекістана. Пл. 164,9 тыс.км². Нас. 1428,9 тыс.чал. (1996), гарадскога 49%. Сярэдняя шчыльн. 8,7 чал. на 1 км². Найб. густа заселена даліна р. Амудар’я. Жывуць каракалпакі (32%), узбекі (33%), казахі (26%), рускія, туркмены, татары, карэйцы і інш. Сталіца — г.Нукус. Найб. гарады: Тахіяташ, Хаджэйлі, Муйнак, Кунград, Чымбай, Біруні і інш.
Прырода. Характарызуецца раўнінным рэльефам з невял. ўзвышшамі. На ПдУ і У — узгорыстая пустыня Кызылкум, на З — плато Усцюрт выш. да 292 м, паміж імі — даліна і дэльта Амудар’і. На Пн К. Аральскае м., якое з канца 1980-х г. аб’яўлена зонай экалагічнага бедства. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (граніт, мармур, вапнякі, мергель), фасфарыты, руды каляровых металаў, кухонная і глаўберава солі, тальк, графіт, прыродны газ, нафта. Клімат рэзка кантынентальны. Уплыў Аральскага м. нязначны. Лета сухое, гарачае, зіма халодная, бясснежная. Сярэдняя т-растудз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 26—28 °C. Ападкаў каля 110 мм за год. Гал. рака Амудар’я з’яўляецца асн. крыніцай для арашэння, буйной трансп. артэрыяй; багатая рыбай. Арашальныя каналы Кегейлі, Куанышджарма, Кызкеткен і інш. Невял. азёры, балоты. Глебы ў даліне і дэльце Амудар’і шэразёмна-лугавыя, такыравыя засоленыя, на плато Усцюрт шэра-бурыя пустынныя, такыры, саланчакі, у пустыні Кызылкум пясчаныя шэразёмы або голыя пяскі. У даліне Амудар’і тугайная расліннасць і зараснікі трыснягу, на Усцюрце — чорны саксаул, у Кызылкумах — палын, асака, ксерафільныя злакі, саксаул і інш. Запаведнік Бадай-Тугай.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі неаліту. Этнагенез каракалпакаў звязаны з плямёнамі, што насялялі дэльтавыя і стэпавыя вобласці Сырдар’і і Прыаралля. Як народнасць каракалпакі сфарміраваліся да 16 ст. У 17 — сярэдзіне 18 ст. займалі тэр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні Сырдар’і. Вялі паўкачавы спосаб жыцця, займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам і рыбалоўствам. Улада належала феад. -родавай знаці і мусульм. духавенству. Каракалпакі залежалі ад каз. ханаў. Пасля захопу іх тэрыторыі джунгарамі (1723) рассяліліся па Сярэдняй Азіі. Да 1811 Хівінскае ханства заваявала б. частку К., а яе насельніцтва перасяліла ў дэльту Амудар’і і абклала вял. падаткамі. Каракалпакі паўставалі супраць прыгнятальнікаў у 1827—28, 1855—56, 1858—59. Пасля паходу рас. войск на Хіву ў 1873 землі каракалпакаў на правым беразе Амудар’і далучаны да Рас. імперыі; створаны Амудар’інскі аддзел, які ў 1887 уключаны ў Сырдар’інскую вобл. Частка каракалпакаў, што жыла на левабярэжжы, пэўны час заставалася ў Хівінскім ханстве. Каракалпакі ўдзельнічалі ў рэв. выступленнях 1905—07 і Сярэднеазіяцкім паўстанні 1916. У снеж. 1917 устаноўлена сав. ўлада. З крас. 1918 К. у складзе Туркменскай АССР. Левабярэжная яе частка, якая заставалася ў Хівінскім ханстве, у крас. 1920 увайшла ў Харэзмскую нар.сав. рэспубліку. У ходзе нац.дзярж. размежавання каракалпакі аб’яднаны. У 1925 утворана Каракалпакская аўт. вобласць у складзе Каз. АССР, з 1930 — у РСФСР. У 1932 К. ператвораны ў Каракалпакскую АССР у складзе РСФСР, з 1936 — у складзе Узб. ССР. У снеж. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце К. У ліст. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у студз. 1992 прынята назва Рэспубліка Каракалпакстан.
Гаспадарка. Прам-сць К. выкарыстоўвае пераважна мясц. сыравіну. Вядучая галіна — бавоўнаачышчальная (з-ды ў Хаджэйлі, Чымбаі, Турткуле, Кунградзе, Біруні, Мангіце). З ёй звязана алейная прам-сць, якая перапрацоўвае баваўнянае семя. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мясной, малочнай, пладова-кансервавай галінамі (прадпрыемствы ў Хаджэйлі, Нукусе, Чымбаі і інш.). Аснова электраэнергетыкі К. — Тахіяташская ДРЭС. Металаапр.прам-сць (судна-, матора- і аўтарамонтны з-ды) пашырана ў Хаджэйлі, Тахіяташы, Нукусе. З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная, шоўкаматальная, трыкат., швейная, дывановая. У Нукусе знаходзіцца адзіны ва Узбекістане юрта-лямцавы камбінат. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельныя, жалезабетонных канструкцый, домабуд., гранітна-мармуровы, мелавы з-ды). Нар. промыслы (разьба і размалёўка па ганчы, вытв-сць дываноў). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні бавоўны (асн. галіна раслінаводства), рысу, шаўкаводстве і жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4,3 млн.га, з іх 90% пад пашай. Земляробства паліўное. Вырошчваюць рыс, пшаніцу, бульбу, агародніну, бахчавыя культуры, люцэрну. Збор (тыс.т, 1995): бавоўніку — 288,2, рысу — 126,6, пшаніцы — 30,2, бульбы — 4,8, агародніны — 66,5, бахчавых — 42. Пладаводства. Жывёлагадоўля пашавага кірунку. Гадуюць авечак (у асноўным каракульскіх), коз, буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, птушак. Вытв-сць (1995): мяса — 42,6 тыс.т, малака — 157,8 тыс.т, яец — 7,7 млн.шт. Вярблюдагадоўля. Шаўкаводства. Зверагадоўля (андатры, норкі, пясцы, нутрыі, серабрыста-чорныя лісы). Чыгунка Чарджоу—Кунград—Макат злучае К. з чыг. сеткай Сярэдняй Азіі, Казахстана і Расіі. Развіты аўтатранспарт. Гал. аўтадарога Бухара—Муйнак. Суднаходства па Амудар’і. Газаправоды Бухара—Урал і Сярэдняя Азія—Цэнтр.
Т.Л.Казакова (прырода, гаспадарка).
Да арт.Каракалпакстан. Адміністрацыйны будынак у г. Нукус.