ВАДАРОДАПАДО́БНЫЯ А́ТАМЫ,

1) іоны лёгкіх элементаў, якія, як вадарод, маюць ядро і адзін электрон. Напр., аднаразова іанізаваны атам гелію He​+, двойчы іанізаваны атам літыю Li​2+ і да т.п.

2) Нестабільныя часціцы, т.зв. новыя атамы. Напр., мезаатамы, якія маюць ядро атама вадароду (пратон) і адмоўна зараджаную элементарную часціцу (μ​-мезон, π​-мезон і інш.).

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПТО́НЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі),

элементарныя часціцы, якім уласцівы электраслабае ўзаемадзеянне і гравітацыйнае ўзаемадзеянне. Адрозніваюцца ад адронаў, кваркаў і інш. адсутнасцю моцнага ўзаемадзеяння, напр. паміж сабой, паміж Л. і кваркамі. Маюць спін ​1/2 і адносяцца да ферміёнаў. Падзяляюцца на 3 сям’і (пакаленні): электрон і электроннае нейтрына, μ​ мезон і мюоннае нейтрына, τ​ Л. і таоннае нейтрына, а таксама іх антычасціцы (пазітроны, μ​+ мезон, τ​+ Л.) і адпаведныя антынейтрына; з кожнай з гэтых сем’яў звязваюць асобны лептонны лік. Л. не маюць структуры, утвараюць вадародападобныя атамарныя станы тыпу пазітронія, мюонія і інш.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 9, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНСА́Р ((Mansart) Франсуа) (23.1.1598, Парыж — 23.9.1666),

французскі архітэктар. Вучыўся ў арх. С. дэ Броса. Творча перапрацаваў традыцыі франц. і часткова італьян. Адраджэння, заклаў асновы класіцызму 17 ст. У работах М. спалучэнне пластычнага багацця дэкору з выразнасцю і прастатой агульнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, са строга рэгулярнай пабудовай плана: крыло замка ў Блуа (перабудова, 1635—38), палац Мезон-Лафіт каля Парыжа (1642—50), царква Валь-дэ-Грас (1645—46) і атэль Карнавале (перабудова, 1660—61) у Парыжы. Распрацаваў канструкцыю мансарды.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́НАЯ ІНВЕ́РСІЯ, СР-пераўтварэнне,

аперацыя пераходу ад часціц сістэмы да антычасціц (зарадавае спалучэнне, С) з адначасовай зменай знакаў прасторавых каардынат часціц (прасторавая інверсія, P). З К.і. звязана існаванне адпаведнай сіметрыі (СР-сіметрыі), якая характарызуецца камбінаванай цотнасцю (КЦ) — цотнасцю абсалютна нейтральных часціц (γ-квант, π​0-мезон і інш.). КЦ захоўваецца ва ўсіх узаемадзеяннях элементарных часціц, за выключэннем распадаў доўгаіснуючых КL°-мезонаў, выкліканых слабымі ўзаемадзеяннямі, што сведчыць аб прыблізным характары СР-сіметрыі. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫНЕ́СКА (Аляксандр Іванавіч) (13.1.1913, г. Адэса, Украіна — ліст. 1963),

Герой Сав. Саюза (1990, пасмяротна). Капітан 3-га рангу (1942). Скончыў Адэскі мараходны тэхнікум (1933), штурманскія курсы (1934) і курсы перападрыхтоўкі (пасля 1937) пры Чырванасцяжным вучэбным атрадзе падводнага плавання ў Ленінградзе. З 1933 на Балт. флоце. З 1939 камандзір падводнай лодкі. У Вял. Айч. вайну вызначыўся як камандзір (1943—45) падводнай лодкі «С-13»: у раёне Данцыгскай (Гданьскай) бухты выявіў і патапіў 13.1.1945 найбуйнейшы лайнер фаш. Германіі «Вільгельм Густлаў» (у свеце наз. «атакай стагоддзя»; сярод загінуўшых былі экіпажы для 70 герм. падводных лодак), а 10 лют.ням. дапаможны крэйсер «Генерал фон Штойбен» (больш за 3 тыс. вайскоўцаў). Пасля вайны працаваў у гандл. флоце, Ленінградскім параходстве, на заводзе «Мезон» у Ленінградзе.

Літ.:

Геманов В.С. Подвиг «тринадцатой»: Слава и трагедия подводника А.​И.​Маринеско. Л., 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

А.І.Марынеска.

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕРСІ́ЙНЫЯ СУАДНО́СІНЫ,

суадносіны паміж велічынямі, што характарызуюць рэакцыю (водгук) фіз. сістэмы на знешняе ўздзеянне. Д.с. не залежаць ад канкрэтнага механізму ўзаемадзеяння сістэмы са знешнім уздзеяннем і з’яўляюцца вынікам прычыннасці прынцыпу.

У оптыцы Д.с. звязваюць рэчаісную і ўяўную часткі дыэлектрычнай (магнітнай) пранікальнасці асяроддзя, у квантавай тэорыі поля — рэчаісныя і ўяўныя часткі амплітуд працэсаў узаемадзеяння паміж элементарнымі часціцамі. Д.с. ўпершыню атрыманы ў тэорыі дысперсіі святла (гл. Дысперсія хваль) галанд. фізікам Р.​Кронігам (1926) і англ. фізікам Х.​Крамерсам (1927; суадносіны Крамерса—Кроніга). Першыя доказы Д.с. для пі-мезон-нуклоннага рассеяння дадзены М.М.Багалюбавым (1956). На аснове Д.с. вырашаны многія прынцыповыя пытанні оптыкі, электрадынамікі, фізікі эл. і магн. з’яў, ядз. фізікі і фізікі элементарных часціц.

У Беларусі даследаванні па выкарыстанні Д.с. у фізіцы элементарных часціц праводзяцца з 1964 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Туров Е.А. Материальные уравнения электродинамики. М., 1983;

Нуссенцвейг Х.М. Причинность и дисперсионные соотношения: Пер. с англ. М., 1976;

Максименко Н.В., Мороз Л.Г. Феноменологическое описание поляризуемостей элементарных частиц в полевой теории // XI Междунар. школа молодых ученых по физике высоких энергий и релятивистской ядерной физике. Дубна, 1979.

Л.​Р.​Мороз.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІМ (Nímes),

горад на Пд Францыі. Адм. ц. дэпартамента Гар. Каля 130 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), тэкст., швейная. абутковая. Арх. помнікі: будынкі стараж.-рым. эпохі, у т. л. карынфскі храм «Мезон карэ» (20—12 да н.э., цяпер археал. музей), фрагменты гар. муроў, вежа Мань, амфітэатр, цырк; помнікі раманскай (11 ст.) і рэнесансавай (16—17 ст.) архітэктуры. Каля Н. фрагмент рым. акведука Пондзю-Гар (1 ст. да н.э.).

У канцы 4—3 ст. да н.э. Н. (лац. назва Nemausus) — паселішча кельцкага племя волькаў-арэкомікаў. У часы праўлення імператара Аўгуста [27 да н.э. — 14 н.э.] рым. калонія. Росквіт прыпадае на 2—3 ст. н.э. З 400 сядзіба епіскапа. У 5 ст. заваяваны вестготамі, у 725 — арабамі. З 1185 у складзе Тулузскага графства. У 12 ст. значны рамесніцкі і гандл. цэнтр, атрымаў правы камуны. У пач. 13 ст. адзін з цэнтраў руху альбігойцаў. У час Альбігойскіх войнаў 1209—29 заняты войскамі франц. караля Людовіка VIII. З 1229 належаў Францыі. У час рэлігійных войнаў важны цэнтр гугенотаў. У 1815 разбураны ў час баёў паміж раялістамі і банапартыстамі.

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)