МЕЕ́ ((Meillet) Антуан) (11.11.1866, г. Мулен, Францыя — 12.9.1936),

французскі мовазнавец; прадстаўнік індаеўрапейскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Французскай акадэміі, чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). З 1906 праф. Французскага калежа, сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва. Аўтар прац па агульным мовазнаўстве, слав., герм., стараж.-грэч., армянскай стараж.-персідскай і татарскай мовах: «Індаеўрапейскія дыялекты» (1908), «Гістарычнае і агульнае мовазнаўства» (т. 1—2, 1921—36) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Общеславянский язык. М., 1951;

Сравнительный метод в историческом языкознании. М., 1954.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мее А. 5/81; 7/122, 277, 284; 8/106, 557; 9/381, 578; 10/537

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЭНТАЛО́ГІЯ (ад акцэнт + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае тыпы, асаблівасці і функцыі націску; сістэма моўных з’яў, звязаных з націскам. Вывучае націск у сінхранічным і дыяхранічным аспектах (гіст. і параўнальна-гіст. акцэнталогія) і з уласна фаналагічных і марфалагічных пазіцый (апісальная акцэнталогія).

Мае даўнюю традыцыю. У інд. брахманах (8—6 ст. да н.э.) і упанішадах (7—3 ст. да н.э.) сустракаецца паняцце «свара» — націск або тон. Пытанні акцэнталогіі вывучаліся ў Стараж. Грэцыі (6—4 ст. да н.э.) і Кітаі (з 5 ст. н.э.). У 19 ст. націск як самастойны аб’ект вывучэння вылучыў А.​Х.​Вастокаў; уклад у развіццё акцэнталогіі зрабілі А.​А.​Патабня, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр, П.​Ф.​Фартунатаў, А.​Мее.

Бел. акцэнталогія сфарміравалася ў 20 ст. Упершыню націск даследаваўся ў працах Я.​Ф.​Карскага. Акцэнтныя сродкі бел. мовы вывучаны ў апісальным плане [М.​В.​Бірыла, Л.​Ц.​Выгонная, Л.​М.​Вардамацкі, М.​П.​Лобан, Я.​І.​Івашуціч, Я.​Э.​Смулкова (Польшча), Э.​Станкевіч (ЗША)].

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,

адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.​Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Паўль, Г.​Гірт, В.​Штрэйтберг, І.​Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.​Ф.​Фартунатаў, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, А.​А.​Шахматаў у Расіі, М.​Брэаль, А.​Мее ў Францыі, Г.​І.​Аскалі ў Італіі, С.​Буге, К.​Вернер у скандынаўскіх краінах, У.​Уітні ў ЗША, Я.​Развадоўскі, Я.​Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн. навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.​Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.​Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.​Царнке.

Літ.:

Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;

Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)