Мача 2/22, 34; 7/107, 108, 297, 543—544

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВЫ́ ПУЗЫ́Р,

орган некаторых беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека, у якім назапашваецца мача перад вывядзеннем з арганізма. У беспазваночных жывёл бывае няпарны (напр., у калаўротак), множны (напр., у малашчацінкавых чарвей, п’явак), парны (напр., у вышэйшых ракападобных). У пазваночных жывёл звычайна няпарны. У чалавека М.п. — полы мешкападобны орган мочапалавой сістэмы, размешчаны ў малым тазе. Сярэдняя ёмістасць 500 см³. Сценкі высланы слізістай абалонкай. Мача паступае ў М.п. праз мачаточнікі. Нерв. элементы ў абалонках М.п. рэагуюць на расцягванне органа пры напаўненні, выклікаюць рэфлекторнае скарачэнне гладкіх міяцытаў мышачнай абалонкі і расслабленне сфінктэраў, што вядзе да мочавыдзялення.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТУРЫ́Я (ад гемата... + грэч. uron мача),

наяўнасць крыві ў мачы пры хваробах нырак і мочавывадных шляхоў. Гл. ў арт. Мочакамянёвая хвароба, Мочавыдзяляльнай сістэмы хваробы, Піеланефрыт, Прастатыт, Цыстыт і інш.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНУРЫ́Я (ад ан... + грэч. uron мача),

поўнае спыненне выдалення мачы. Узнікае пры цяжкіх захворваннях нырак, закупорцы камянямі абодвух мачаточнікаў, сцісканні іх суседнімі пухлінамі, шоку і падзенні сардэчнай дзейнасці. Вядзе да урэміі. Патрабуе неадкладнага лячэння.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭІНУРЫ́Я (ад пратэіны + грэч. uron мача),

павышаная колькасць бялку ў мачы (0,033 г/л і вышэй). Пры захворваннях нырак найб. пашырана клубочкавая П. Бывае таксама канальцавая, застойная (пры застоі крыві ў нырках ад сардэчнай недастатковасці), ортастатычная і інш.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКАЗУРЫ́Я (ад грэч. glykys салодкі + uron мача),

наяўнасць у мачы цукру ў высокай канцэнтрацыі. Бывае пры павышанай колькасці цукру ў крыві — гіперглікеміі, у здаровых людзей — пры залішнім ужыванні салодкага, пры нерв. і эмацыянальных перанапружаннях (хутка праходзіць). Стойкая гліказурыя можа быць прыкметай дыябету цукровага і інш. парушэнняў унутр. сакрэцыі.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮКАЗУРЫ́Я (ад глюкоза... + грэч. uron мача),

павышаная наяўнасць глюкозы ў мачы. Бывае пры парушэнні зваротнага ўсысання глюкозы з першаснай мачы ў нырачных канальцах, залішнім ўжыванні вугляводаў, нырачным дыябеце, узмацненні гліколізу і гліканеагенезу пасля мех., хім. ці таксічнага раздражнення ц. н. с., траўмах, інфекц. хваробах, пухлінах мозга і інш.

т. 5, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЗУРЫ́Я (ад дыз... + грэч. uron мача),

парушэнне мочаспускання. Звычайна праяўляецца балючасцю ці цяжкасцю вывядзення мачы з мачавога пузыра з прычыны сціскання мочаспускальнага канала гематомай, пухлінай, павялічанай прастатай, пры закупорцы камянямі і інш., а таксама ў выніку функцыян. расстройстваў пры хваробах нерв. сістэмы (спазма і інш.). Іншы раз да Д. адносяць балючыя і частыя мочаспусканні.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАПЛАЗМО́ЗЫ,

інфекцыйныя (інвазійныя) хваробы буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, сабак і інш., што выклікаюцца паразітамі эрытрацытаў — піраплазмамі. Крыніца інфекцыі — кроў хворых і часткова перахварэлых жывёл. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы. Прыкметы: павышэнне т-ры, анемія, крывавая мача (гемаглабінурыя), жаўтушнасць слізістых абалонак, кровазліцці ва ўнутр. органы, парушэнні сардэчна-сасудзістай і стрававальнай сістэм. Лячэнне тэрапеўтычнае. Меры прафілактыкі: выпас на незаклешчаваных пашах, апрацоўка скур акарыцыдамі і інш.

т. 12, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАНЕФРО́З (ад гідра... + нефр... + ...оз),

хвароба нырак чалавека, якая характарызуецца стойкім, прагрэсіўна нарастаючым расшырэннем лаханкі і чашачкі ныркі з застоем мачы і атрафіяй нырачнай тканкі. Бывае гідранефроз першасны (пры прыроджаных анамаліях ныркі, яе сасудаў, лаханкі, мачаточнікаў, мачавога пузыра і урэтры) і другасны (пры набытых фактарах цяжкага адтоку мачы — траўматычныя ці запаленчыя звужэнні мачаточніка, спайкі і фіброз у перыурэтральных тканках, структуры і інш. набытыя хваробы урэтры, камяні мачаточніка, неўрагенныя атаніі і інш.). Поўнае спыненне адтоку мачы выклікае гібель ныркі без гідранефратычнай трансфармацыі. Ускладненні: цяжкі адток мачы, мочакамянёвая хвароба, піеланефрыт. Гідранефроз развіваецца без сімптомаў, іншы раз бываюць прыступы нырачнай колікі, часцей тупыя болі ў вобласці нырак, зменена мача. Лячэнне хірургічнае.

М.​Я.​Саўчанка.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)