УРЭМІ́Я (ад грэч. uron мача + haima кроў),
паталагічны стан аўтаінтаксікацыі арганізма азоцістымі прадуктамі абмену рэчываў; асн. праява вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці. Абумоўлена парушэннем функцыі нырак. Суправаджаецца абменнымі і гарманальнымі парушэннямі, дыстрафіяй тканак і дысфункцыяй усіх органаў і сістэм. Прычыны У.: траўмы са значнай стратай крыві, камяні нырак і мочавыдзяляльных шляхоў, пухліны і інш. Прыкметы: слабасць, моцны сверб скуры, адутлаватасць твару, моташнасць і інш. Лячэнне залежыць ад прычын і ступені расстройстваў інш. органаў і сістэм (дыета, карэкцыя водна-салявой і кіслотна-шчолачнай раўнавагі і інш.); пры неабходнасці — гемадыяліз, перасадка ныркі.
А.У.Строцкі.
т. 16, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)