Матыў (у музыцы) 7/81, 309

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́Ў у музыцы,

найменшая самастойная адзінка формы музычнай.

Вызначае маст. вобразнасць і запамінальнасць муз. тэмы. Найб. важныя ў тэматычным матэрыяле М., якія маюць асаблівую муз.-сэнсавую выразнасць і надаюць тэме індывід., характэрныя рысы. Часам М. можа выступаць у ролі тэмы ці тэмы-сімвала (Л.Бетховен, А.Скрабін). Звычайна мае адну метрычна моцную долю і не перавышае памер 1 такта. У залежнасці ад тэмпу, памеру і фактуры муз. М. можа падзяляцца на больш дробныя несамаст. ў сэнсавых адносінах канструкцыйныя адзінкі — субматывы, і наадварот злучацца ў больш буйныя фразы і пабудовы. Як інтанацыйнае ядро тэмы М. выконвае істотную функцыю ў яе развіцці. Матыўная структура ўвасабляе лагічную сувязь у структуры твора. У побыце М. называюць мелодыю, напеў, найгрыш.

Т.А.Шчэрба.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́Ў (ням. Motiv, франц. motif ад лац. moveo прымушаю, рухаю),

заахвочванне да актыўнай дзейнасці сац. аб’ектаў (асоб, сац. груп, супольнасцей людзей), звязанае з імкненнем да задавальнення іх канкрэтных патрэбнасцей. У псіхалогіі М. — сукупнасць знешніх і ўнутр. умоў, якія выклікаюць актыўнасць суб’ектаў і вызначаюць яе накіраванасць, а таксама прадмет або аб’ект, на якія гэта актыўнасць накіравана. У сацыялогіі М. разглядаецца як патрэбнасць суб’ектаў у дасягненні пэўных даброт, стварэнні спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадства. М. як унутранае пабуджэнне сац. актыўнасці асоб і сац. супольнасцей неабходна адрозніваць ад знешніх падахвочванняў — стымулаў, якія становяцца М. толькі ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца суб’ектыўна значнымі і адпавядаюць глыбінным патрэбам суб’екта. Развіццё М. адбываецца праз змену і ўзмацненне актыўнасці, што пераўтварае прадметную дзейнасць. Важным фактарам развіцця М. з’яўляецца працэс вытворчасці матэрыяльных і духоўных даброт. У якасці патэнцыяльных М. выступаюць уласцівыя грамадству аб’ектыўныя каштоўнасці, інтарэсы і ідэалы. М. залежыць ад адносін у пэўным грамадстве, структуры маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый, узроўню агульнай культуры, валявых якасцей асобы. Паводле М. паводзін чалавека мяркуюць пра яго светапоглядныя ўстаноўкі, прынцыпы, якімі ён кіруецца ў практычнай дзейнасці. У залежнасці ад суб’екта вылучаюць М. індывідуальныя, групавыя і вял. сац. супольнасцей, паводле аб’екта насычэння — матэрыяльныя і духоўныя; эканам., сац. і г.д.; па асноўных відах дзейнасці — пазнавальна-інтэлектуальныя, практычна-пераўтваральныя, камунікатыўныя і інш. Вылучаюць іерархію М. — ад найб. агульных, якія характарызуюць сістэмную накіраванасць развіцця суб’екта, да сітуатыўных, звязаных з задавальненнем прыватных патрэб у кожнай канкрэтнай сітуацыі. М. выконвае сваю функцыю нават тады, калі з’яўляецца неўсвядомленым. Усведамленне М. можа быць адэкватным (мэта) і неадэкватным (матывіроўка). Вывучэнне матывацыйна-зместавай сферы складае асн. праблему псіхалогіі асобы, яе грамадска-гіст. развіцця.

І.В.Катляроў.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

панарама,

стужкападобная карціна; шырокафарматны пейзажны матыў.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ВЫ,

арнаментальны матыў іанічнага і карынфскага арх. ордэра, гл. Іонік.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІЯ,

у грэчаскай міфалогіі дачка Арэса і Афрадыты, жонка Кадма, заснавальніка г. Фівы. На вяселлі багі падарылі ёй сукенку і каралі, вырабленыя Гефестам, якія пасля прыносілі няшчасце ўсім, хто імі валодаў, і сталі прычынай гібелі прарока Амфіярая. У аснове міфа — казачны матыў аб закляцці, якое ляжыць на скарбах, здабытых вайной ці несумленным шляхам.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТА (італьян. voluta завіток, спіраль) у архітэктуры, матыў у форме спіралепадобнага завітка з кружком («вочкам») у цэнтры; ч. іанічнай капітэлі. Уваходзіць і ў кампазіцыю карынфскай і кампазітнай капітэляў. У асобных выпадках форму валюты маюць арх. дэталі для сувязі ч. будынка, а таксама кансолі карнізаў, упрыгожанні парталаў, дзвярэй, вокнаў і інш. Выкарыстоўвалася з часоў позняга Адраджэння і ў барока.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА (Мікалай Іванавіч) (20.5.1844, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 22.9.1909),

украінскі мастак. У 1863—68 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. У 1875—1901 кіраваў заснаванай ім Кіеўскай рысавальнай школай. Аўтар лірычных пейзажаў, блізкіх да творчасці перасоўнікаў: «Матыў ваколіц Кіева» (1879), «Восень», «Дняпро», «Над Дняпром» (усе 1880—90-я г.), «Крым» (1892); партрэтаў Т.Шаўчэнкі (1864—67), М.Ге (1906). Аўтар кнігі «Успаміны старога настаўніка» (вып. 1—3, 1907—09).

В.А.Сімакова.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБЕВА (Маргарыта Генадзеўна) (н. 4.6.1964, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1984). Працавала на Мінскай ф-цы маст. Вырабаў (1984 — 88). У тэхніцы батыку стварае арнаментальныя кампазіцыі, нацюрморты з кветкамі, экзатычнымі прадметамі і інш., у якіх спалучэнне лінейных узораў, колеравых плоскасцей і эфекту кракле дае прасторавую перспектыву, непаўторныя пераходы і дэкар. цэльнасць: «Лілеі», «Чырвоная ружа», «Тыгравая шкура», «Індыйскі матыў», «Хатняе цяпло» (усе 1990—96) і інш.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВІ́ША (Канстанцін Іванавіч) (20.10.1904, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 28.2.1984),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Працаваў пераважна ў жанрах пейзажа і нацюрморта. Творам характэрны лірычны настрой. Аўтар карцін: «Асенні матыў» (1937), «Стары Мінск» і «Мінскі дворык» (да 1940), «Дняпро» (1945), «Раніца ў вёсцы» (1956), «Астры» (1958), «Кветкі і Венера», «Старонка лясная» (абодва 1960), «Восень. Баяры» (1978). Сярод сюжэтна-тэматычных карцін: «Пасля работы» (1957), «Юныя рыбаловы» (1963), «Лесараспрацоўка. Першы рэйс» (1967) і інш.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)