МАТЫ́ЛЬ,

чэрвепадобныя лічынкі двухкрылых насякомых — званцоў, пераважна з родаў Chironomiis і Tendipes. Жывуць у муле стаячых і павольна цякучых эўтрофных вадаёмаў, трапляюцца да глыб. 300 м, значная ч. масы бентасу.

Даўж. да 25 мм. Цела ярка-чырв. (з-за наяўнасці гемаглабіну ў гемалімфе). Дыхаюць праз трахейныя шчэлепы і часткова праз покрыва цела. Кормяцца пераважна рэшткамі арган. рэчываў, мікраарганізмамі. Корм для рыб у вадаёмах і акварыумах; лабараторныя жывёлы ў даследаваннях.

Да арт. Матыль. Лічынка камара-званца апушанага.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́ЛЬ (Іван Аляксандравіч) (18.9.1914, в. Дуброўскія Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1961),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). З 1932 настаўнічаў, з 1934 на журналісцкай рабоце ў Талачыне і Вілейцы. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 сакратар Магілёўскага падп. абкома ЛКСМБ, адначасова сакратар Бабруйскіх падп. міжрайкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, з крас. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КЛ(б)Б. З вер. 1943 рэдактар газ. «Сталинская молодежь», потым «Чырвоная змена», з 1952 — «Гомельская праўда».

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Матыль І. А. 1/26; 6/326, 498; 7/80; 8/283; 11/590; 12/174, 252

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НСКІ БЕ́ЛЫ МАТЫ́ЛЬ (Hyphantria cunea),

матыль сямейства мядзведзіц. Радзіма — Паўн. Амерыка. У Еўропе ўпершыню выяўлены ў Венгрыі (1940). Пашырыўся па інш. краінах Еўропы. Шкодзіць раслінаводству.

Размах крылаў 2,0—3,5 см. У некаторых асобін на брушку і крылах дробныя чорныя плямкі. Вусені даўж. 2,5—3,5 см, усёедныя, кормяцца больш як на 200 відах раслін. За год 2 пакаленні. Матылі першага пакалення вылятаюць у маі, другога — у ліпені—жніўні. Адкладаюць 300—2500 яец на ніжнюю паверхню ліста. Вусені шкодзяць раслінам. Меры барацьбы: каранцін, апрацоўка раслін спец. прэпаратамі.

Амерыканскі белы матыль і яго вусень.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАЯ ГАЛАВА́ [Acherontia (Manduca) atropos],

матыль сям. бражнікаў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі вельмі рэдкі, занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на бульбяных палях, прысядзібных участках.

Даўж. да 6 см, размах крылаў да 13 см. На пярэдняспінцы жоўты малюнак, падобны да чэрапа чалавека (адсюль назва). Брушка масіўнае. Вусені даўж. да 15 см, кормяцца пераважна лісцем паслёнавых раслін. Матылі кормяцца сокам дрэў, зрэдку мёдам. Пры раздражненні матыль, вусень і кукалка здольныя выдаваць гукі («піск»).

С.Л.Максімава.

Мёртвая галава: 1 — матыль; 2, 2а — вусені; 3 — кукалка.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Апалон (матыль) 1/379

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАО́Н (Papilio machaon),

дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі рэдкі від, трапляецца на ўзлесках, палянах, поймавых лугах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Крылы (размах да 9 см) жоўтыя з чорным малюнкам, на задніх крылах шырокая чорная аблямоўка з сіняватымі плямамі, каля ўнутр. ніжняга вугла аранжавая пляма. Жылкі чорныя. Вусені зялёныя або бурыя, з чорнымі папярочнымі палоскамі і чырв. крапінкамі; кормяцца і жывуць на раслінах сям. губакветных, парасонавых, складанакветных; матылі кормяцца выдзяленнямі раслін.

С.Л.Максімава.

Махаон: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТАГУ́ЗКА (Euproctis chrysorrhoea),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі часам назіраецца масавы лёт у садах, парках, лісцевых лясах.

Крылы ў размаху да 3,5 см, афарбоўка белая, на пярэдніх крылах зрэдку чорныя кропкі; на канцы брушка пучок залацістых валаскоў (адсюль назва). Яйцакладкі (на лісці) прыкрываюцца валаскамі. Шаравата-чорныя вусені даўж. да 3,5 см, бародаўчатыя, з пякучымі валаскамі, якія пры сутыкненні з імі выклікаюць моцнае раздражненне скуры і слізістых абалонак. Зімуюць групамі (па 200—300) у гнёздах з лісця. Знішчаюць пупышкі і лісце пладовых і лясных лісцевых дрэў.

Залатагузка: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — пашкоджанае лісце.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Адмірал (матыль) 1/116—117

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Бружмелевая чмелявідка (матыль) 2/380 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)