ПУШКАРЫ́ 1-я,

стаянка эпохі позняга палеаліту каля аднайм. вёскі ў Ноўгарад-Северскім р-не Чарнігаўскай вобл. Украіны, на правым беразе р. Дзясна. Існавала каля 25 тыс. г. назад. Раскопкамі адкрыты рэшткі доўгага наземнага жытла, пабудаванага з касцей, скуры і іклаў маманта, памерам 12 × 4 м з 3 паглыбленымі агнішчамі. На падлозе прасочаны маленькія ямкі-сховішчы. Знойдзены крамянёвыя пласціны і вастрыі з прытупленай спінкай, скрабкі, разцы, касцяная матыка, зуб чалавека.

А.​В.​Іоў.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі Кіеўскай Русі на ўскраіне в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Пры даследаванні ў ніжнім гарызонце знойдзены рэчы жал. веку (6 ст. да н.э. — 1 ст. н. э.) — жал. шпілька з S-падобным завітком, нож, шлакі, каменная зерняцёрка, фрагменты штрыхаванай керамікі. У верхнім выяўлены сляды наземных драўляных пабудоў з дашчанай падлогай і рэшткі печаў, складзеных з камення з глінянымі чарэнямі часоў сярэдневякоўя. Знойдзены сякеры, нажы, долата, замкі з ключамі, іголкі, шылы, праколкі, шыферныя прасліцы, крэсівы, каса-гарбуша, матыка, сашнікі, восці, гарпуны, зброя і рыштунак конніка, вырабы з рогу і косці, бронзавыя ювелірныя вырабы (крыж-складзень, створкі энкалпіёна, пласціністы бранзалет, кавалкі бронзавай або меднай пасудзіны), шкляныя вырабы (бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, фрагменты посуду), фрагменты амфар і інш. На думку даследчыкаў, С. у гэты час была раннефеад. замкам.

т. 14, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Засн. ў 1962 на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1970 у г. Рагачоў Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 212 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае 5 аддзелаў (археал., гіст. мінулага, этнаграфічны, гісторыі Вял. Айч. вайны, пасляваенны), выставачную залу. Сярод экспанатаў каменная матыка, фрагменты ляпной і штрыхаванай керамікі 2—1-га тыс. да н.э., прылады працы, рыштунак конніка, ювелірныя ўпрыгожанні 11—12 ст. з раскопак археал. помнікаў на тэр. раёна; прадметы побыту, тканыя посцілкі і ручнікі канца 19 — пач. 20 ст. Аддзел гісторыі Вял. Айч. вайны знаёміць з ходам абарончых баёў у ліп.—жн. 1941, стварэннем і дзейнасцю падполля і партыз. руху, у т. л. прадметамі побыту і зброяй партызан, малюнкамі партыз. мастакоў С.​Раманава і М.​Ліпеня, матэрыяламі пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў 1944, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. Музей праводзіць выстаўкі дзіцячага малюнка, нумізматычных калекцый, вышыванак мясц. майстрых, карцін мясц. мастакоў і інш.

С.​В.​Якаўлева.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)