БАРА́Н Івашка, майстар разьбярнай і сталярнай справы ў 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 у складзе арцелі бел. цесляроў і разьбяроў рабіў крэслы, куфэркі, паднасныя сталы і інш. па-мастацку аздобленыя рэчы для царскіх харомаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́БА (ад ням. Handhabe ручка, рукаятка),
металічнае кольца, якое прымацоўвалася да варот сядзібаў, дзвярэй дамоў, дзверцаў шафаў, куфраў і служыла ручкай. На Беларусі шырока бытавала ў 16—18 ст. Некаторыя па-мастацку аздобленыя антабы (з металу, дрэва, каменю і тынку) маюць выгляд галавы льва з абручом у пашчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕДЭСТА́Л (франц. piédestal ад італьян. piedistallo ад piede нага + stallo месца),
пастамент, па-мастацку аформленая аснова, на якой устанаўліваецца твор скульптуры (статуя, група, бюст) або ваза, калона, абеліск і г.д. П. могуць мець розныя формы — геаметрычна правільныя (звычайна з выкарыстаннем арх. ордэрных элементаў, нярэдка ўпрыгожаных скульпт. рэльефам) або адвольныя (напр., П. у выглядзе натуральнага, неапрацаванага каменя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЯВО́СТРАЎСКІ МО́ГІЛЬНІК,
могільнік канца мезаліту (канец 6 — пач. 5-га тыс. да н.э.) на в-ве Аленевым Анежскага возера (Карэлія). У 1936—38 даследавана 174 пахаванні, у якіх нябожчыкі пахаваны на спіне (118), на баку (11), скурчанымі (5) і вертыкальна (5). Знойдзена больш за 7 тыс. прадметаў, пераважна з косці і рогу: падвескі і пласцінкі (нашываліся на галаўны ўбор, шырокія паясы, адзенне і абутак), гарпуны, наканечнікі стрэл, кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, па-мастацку выразаныя фігуркі людзей, змей, галовы ласёў і інш.
Галава лася на рагавым стрыжні з Аленявостраўскага могільніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ СА́НТЫС ((De Santis) Джузепе) (н. 11.2.1917, г. Фонды, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Рымскі ун-т (1939), вучыўся ў Рымскім кінацэнтры. У яго творчасці неарэалістычныя тэндэнцыі сац. драм «Трагічнае паляванне» (1947), «Горкі рыс» (1949), «Няма міру пад алівамі» (1950) па-мастацку пераканаўча раскрыліся ў фільме «Рым, 11 гадзін» (1952). Сярод інш. фільмаў: «Дайце мужа Ганне Дзакеа» (1953, у пракаце «Страчаныя мроі»), «Яны ішлі на Усход» (1964, сав.-італьян.), «Цэнны спецыяліст з забяспечанай будучыняй» (1972). У лепшых фільмах страснасць, рамантычная прыўзнятасць спалучаюцца з каларытнымі замалёўкамі нар. жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БКА,
невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).
У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п. Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМА́ЙТЭ [Žemaité; сапр. Бенюшавічутэ-Жымантэне
(Beniuseviciuté-Zymantiené)] Юлія (4.6.1845, маёнтак Букантэ, Плунгескі р-н, Літва — 7.12.1921),
літоўская пісьменніца. Друкавалася з 1894. Асн. тэматыка яе твораў — жыццё літ. вёскі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цяжкі лёс літ. сялянства, бяспраўе жанчыны, самабытнасць вясковага побыту, рэліг. перажыткі па-мастацку асэнсаваны ў яе апавяданнях і аповесцях «Нявестка» (1896), «Пятрас Курмяліс» (1901), «Няшчасныя дзеці» (1903), «Ахвяра святому Юргісу» (1908) і інш. Яе творы адметныя каларытным апісаннем прыроды, побыту, звычаяў, знешняга аблічча герояў, аб’ектыўнай, з элементамі іроніі і камізму, апавядальніцкай манерай. Аўтар шматлікіх нарысаў, фельетонаў, публіцыст. артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі А.Клышка, Я.Скрыган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНО́ЎСКІ (Аляксей Аляксандравіч) (11.8.1907, Мінск — 20.4.1970),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1953). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1929 у БДТ-3 пад кіраўніцтвам У.Галубка. З 1933 у Бел. траме, у 1937—67 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Камедыйны і характарны акцёр з грунтоўнай і па-мастацку выразнай псіхал. матывіроўкай паводзін сцэн. персанажаў. Тонка адчуваў каларыт роднага слова. Майстар эпізоду. Сярод роляў: Самсон («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), пані Пернель («Тарцюф» Мальера), дзед Бадыль, Першы кліент, Сымон Верас («Партызаны», «Мілы чалавек», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Язэп («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), баец Катушка, Верхаводка, Ахрэм («Цытадэль славы», «Простая дзяўчына», «На крутым павароце» К.Губарэвіча), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РЫН М., Гарын-Міхайлоўскі
[сапр.Міхайлоўскі Мікалай Ягоравіч (Рыгоравіч); 20.2.1852, С.-Пецярбург — 10.12.1906],
рускі пісьменнік. Скончыў Ін-т інжынераў шляхоў зносін у Пецярбургу (1878). Працаваў у Мін-ве шляхоў зносін. У 1886 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку ў Самарскай губ., дзе беспаспяхова спрабаваў змяніць жыццё сялян шляхам гасп. і культ. пераўтварэнняў. Вярнуўся на службу. Шмат падарожнічаў. Літ. дзейнасць пачаў з канца 1880-х г. Большасць яго твораў маюць аўтабіягр. аснову. Па-мастацку перапрацоўваючы асабістыя ўражанні, імкнуўся стварыць абагульнены вобраз сучасніка. Аўтар тэтралогіі «Дзяцінства Цёмы» (1892), «Гімназісты» (1893), «Студэнты» (1895), «Інжынеры» (выд. 1907), цыклаў нарысаў «Некалькі гадоў у вёсцы» (1892), «Па Карэі, Маньчжурыі і Ляадунскім паўвостраве», «Вакол свету» (абодва 1899), «Вайна. Дзённік сведкі» (1904). Асобныя творы Гарына на бел. мову пераклала У.Сакалоўская.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1957—58.
Літ.:
Юдина И.М. Н.Г.Гарин-Михайловский. Л., 1969;
Н.Г Гарин-Михайловский в воспоминаниях современников. Новосибирск, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎБЁЖНАЕ РАМЯСТВО́,
вытворчасць посуду і інш. вырабаў з дрэва спосабам даўбення ці апрацоўкі яго натуральных (дуплістых) формаў; адно з найб.стараж. рамёстваў. На Беларусі Д.р. практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і мела характар хатняй вытв-сці; карыты, кадаўбы, жлукты выраблялі ў вял. колькасці сяляне, якія не валодалі спец. навыкамі дрэваапрацоўкі. Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы — з дубу, хвоі. Карысталіся долатам, пешняй, разцом, скоблямі, сякерай, цыркулем, цяслой, чакухай (кожны інструмент выкарыстоўваўся на пэўнай тэхнал. стадыі і меў варыяцыйныя асаблівасці). Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, фаскі, кублы, апалушкі, сальніцы, бойкі. Тым жа спосабам рабілі некат. віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў і інш., калодных вулляў і інш. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду эпізадычна трапляецца ў прыватных гаспадарках.