Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬПІ́ГІ ((Malpighi) Марчэла) (10.3. 1628, г. Крэвалькорэ, Італія — 30.11. 1694),
італьянскі біёлаг і ўрач, адзін з заснавальнікаў мікраскапічнай анатоміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Д-р медыцыны (1653). Скончыў Балонскі ун-т, працаваў у ім (у 1656—91 праф.). Адкрыў альвеалярную будову лёгкіх (1660), сувязь артэрый з венамі праз капіляры (1661), апісаў лімфатычныя цельцы селязёнкі і клубочкі ў нырцы (мальпігіевыя цельцы), мачавыя трубачкі насякомых (мальпігіевыя сасуды), слой эпідэрмісу скуры (названы яго імем). Аўтар «Анатоміі раслін» (т. 1—2, 1675—79).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МБРЫХ (Sembrich) Марчэла [сапр.Каханская (Kochańska) Марцаліна; 18.2.1858, Вішнёўчык, Галіцыя, цяпер Украіна — 11.1.1935], польская спявачка (каларатурнае сапрана). У 1869—73 вучылася ў Львоўскай, у 1875—77 удасканальвалася ў Венскай кансерваторыі па класе фп. Спевам вучылася (па парадзе Ф.Ліста) у Дж.Б.Ламперці ў Мілане. Гастраліравала ў Еўропе і ЗША. Карысталася сусв. вядомасцю. Яе голас вылучаўся вял. дыяпазонам, рэдкай выразнасцю. У 1898—1909 салістка т-ра «Метраполітэн-опера». Выканала больш за 40 партый у операх В.А.Моцарта, Дж.Расіні, В.Беліні, Дж.Вердзі, Р.Вагнера. З 1924 выкладала ў Муз. ін-це Кёртыс у Філадальфіі і ў Джульярдскай школе ў Нью-Йорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСТРЫ́НА ((Palestrina) Джавані П’ерлуіджы да) (1525 ці 1526, г. Палестрына, Італія — 2.2.1594),
італьянскі кампазітар; заснавальнік рымскай школы. Музыцы вучыўся ў царкве Санта-Марыя Маджорэ ў Рыме, дзе спяваў у хоры хлопчыкаў. З 1544 арганіст і капельмайстар гал. царквы г. Палестрына, з 1551 у Рыме: узначальваў капэлы цэркваў Сан-Джавані ін Латэрана (1555—60), Санта-Марыя Малжорэ (1561—66), капэлу сабора св. Пятра ў Ватыкане (да 1555 і ў 1571—94). У час, калі каталіцкая царква патрабавала выгнання з царк. музыкі свецкіх і нар. напеваў, спрашчэння поліфанічнай тэхнікі, ствараў рознабакова дасканалае поліфанічнае мастацтва, заснаванае на гарманічнай аснове. Увабраў дасягненні нідэрландскай школы, вызначыў пераход ад поліфаніі да гамафоніі. Яго творы для хору a cappella — вяршыня хар. поліфаніі строгага стылю. Высакародна-велічная музыка П., звязаная з духоўнай тэматыкай, адлюстравала гуманіст. рысы эпохі Адраджэння. Зрабіў вял. ўплыў на творчасць сучаснікаў і паслядоўнікаў, асабліва ў Італіі і Іспаніі. Аўтар каля 100 мес, у т.л. «Меса папы Марчэла» (1555), больш як 370 матэтаў, 68 аферторыяў, літаній, магніфікатаў, духоўных і свецкіх мадрыгалаў. Збор твораў П. выдадзены ў Лейпцыгу (т. 1—33, 1862—1903) і Рыме (т. 1—36, 1939—87).
Літ.:
Иванов-Борецкий М.В. Палестрина. М., 1909;
Ferraci E. Palestrina. Roma, 1960;
Bianchi L, Fellerer K.G. G.P. da Palestrina. [Torino, 1971].