Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЖАНАЕ,
замарожаны асвяжальны дэсертны прадукт, прыгатаваны з малака, вяршкоў, масла, цукру, сокаў садавіны, арэхаў, яек, пахучых і смакавых рэчываў і інш.харч. сыравіны. М. высокакаларыйнае, добра засвойваецца, мае нязначную колькасць вітамінаў. Асн. віды М.: малочнае, сметанковае, пламбір, фруктова-ягаднае. Некаторыя віды дробнафасаванага М. вырабляюць у шакаладнай глазуры (напр., эскімо). Пры вытв-сці М. з зыходнай сыравіны рыхтуюць сумесь, якую пастэрызуюць, ахалоджваюць і збіваюць у фрызерах, расфасоўваюць, а потым ажыццяўляюць «загартоўку» — далейшае замарожванне да т-ры -10 ці -20 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.
Пабудаваны ў 1950—52 у г. Ліда Гродзенскай вобл. У 1976 здадзены ў эксплуатацыю цэх цэльнамалочнай прадукцыі. Асн. вырабы (1999): сухія малако і вяршкі, сметанковае масла, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, ёгурт, маянэз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́РМАС (ад грэч. thermos цёплы, гарачы),
пасудзіна, якая забяспечвае захаванне адносна пастаяннай тэмпературы. Засцерагае прадукты харчавання ад астывання або награвання. Уяўляе сабою Дзьюара пасудзіны, змешчаныя ў метал. або пластмасавы корпус. Паводле прызначэння адрозніваюць Т. бытавыя (ёмістасць 0,25—3 л), грамадскага харчавання (да 30 л) і т.зв. тэрмакантэйнеры, якія маюць некалькі судкоў з харчаваннем (напр., піражкі, марожанае і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т ДЗІЦЯ́ЧЫХ ПРАДУ́КТАЎ, «Беллакт». Створаны ў 1970 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. У 1986—90 рэканструяваны. З 1991 арэнднае, потым нар. прадпрыемства «Беллакт». Гал. цэхі з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці: кансервавы, заменніку неразведзенага малака, натуральнамалочны. Асн. прадукцыя (1995): сухія малочныя прадукты дзіцячага, дыетычнага і спецыялізаванага харчавання, масла сметанковае, сухое неразведзенае і абястлушчанае малако, натуральнамалочная і нятлустая прадукцыя, сыры, марожанае, маянэз, безалкагольныя напіткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ МАЛО́ЧНА-КАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.
Пабудаваны ў 1951 як малочна-кансервавы з-д у г. Лепель Віцебскай вобл. З 1962 малочна-кансервавы камбінат, да 1992 уключаў таксама Новалукомскі, Докшыцкі і Бешанковіцкі малочныя з-ды. У 1993 уведзены ў эксплуатацыю цэх сухога абястлушчанага малака. Будуецца цэх па вырабе цэльнамалочнай прадукцыі. З 1999 адкрытае акц.т-ва. Асн. прадукцыя (1999): сухія вяршкі і абястлушчанае малако, масла жывёльнае, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, мясныя кансервы, каўбасныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г. жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т. л.казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т. л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г. жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЦКІ РАЁН Размешчаны на У Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,5 тыс.км². Нас. 76,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 43,6%. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мар ’іна Горка. Уключае г.п.Рудзенск і Свіслач, р.п.Праўдзінскі, 304 сельскія населеныя пункты, Праўдзінскі, Рудзенскі і Свіслацкі пасялковыя Саветы, 21 сельсавет: Ананіцкі, Блонскі, Блужскі, Вецярэвіцкі, Вузлянскі, Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дубраўскі, Дукорскі, Навапольскі, Навасёлкаўскі, Пухавіцкі, Пярэжырскі, Селецкі, Суцінскі, Сяргеевіцкі, Талькаўскі, Турынскі, Чырвонакастрычніцкі, Шацкі.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 90% яе на выш. 160—200 м, 7% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 236 м (на Пд ад в. Сяргеевічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель. пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб. рэкі Свіслач з прытокамі Волма, Цітаўка, Талька; Пціч з прытокам Шаць. Азёры Сяргееўскае і Мацярынскае. Меліярац. каналы Дрычынскі, Мацеевіцкі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33%), дзярнова-падзолістыя (31,8%), тарфяна-балотныя (23,8%). Пад лесам 39,9% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, яловыя; трапляюцца асінавыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя, ліпавыя і інш.Найб. лясістасць на Пд. Пад балотамі 4,4% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Суціна, Арэхаўскі Мох, Кляцішынскае. На тэр. раёна біял. заказнікі рэсп. значэння: Копыш, Мацеевіцкае, Амяльнянскі; мясц. значэння — Вецярэвіцкі. Ахоўныя тарфянікі: Ананічы, Падгаць, Турэц. Помнік прыроды рэсп. значэння — хвоя кедравая еўрапейская ў г. Мар’іна Горка; мясц. значэння — сядзібна-паркавы ансамбль у г. Мар’іна Горка, гіст.-культурны ландшафт у в. Дудзічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 112,2 тыс.га, з іх асушаных каля 38 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 22 калгасы, 6 саўгасаў, 36 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, міжгасп. аб’яднанне «Ананічы», аграфірма «Верасень». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, лёну. Прадпрыемствы харч. (хлеб, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, камбікорм, прэміксы, солад, вырабы з бульбы, сухое бульбяное пюрэ, пладаягадныя віны), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (тарфяны брыкет), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы) прам-сці; вытв-сць цюбінгаў для метрапалітэна, вырабаў з пластмас, тэхн. маслаў і змазак, кардону. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Мінск—Гомель, аўтадарогі: Мінск—Гомель, ад г. Мар’іна Горка на Чэрвень, Негарэлае, Старыя Дарогі. У раёне 31 сярэдняя школа, у т. л. 4 школы-садкі, 7 базавых, 4 пач. школы, школа-гімназія, 3 школы мастацтваў, 4 муз. школы, дапаможная школа-інтэрнат, ПТВ, аграрна-тэхн. каледж (гл.Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум), 28 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 45 б-к, 8 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў, абласны дзіцячы санаторый «Пухавічы», санаторыі-прафілакторыі «Талька», «Індустрыя». Раённы краязнаўчы музей у в. Блонь і яго філіялы ў г. Мар’іна Горка, вёсках Блужа і Гарэлец; музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі» у в. Дудзічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і Свята-Троіцкая царква (1826) у в. Блонь, сядзіба (19 ст.) у в. Дукора, царква Іаана Прадцечы (сярэдзіна 19 ст.) у в. Скрыльская Слабада. Выдаецца газ. «Пухавіцкія навіны».