Маргарын 7/13

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГАРЫ́Н (франц. margarine),

штучна прыгатаваны цвёрды харч. тлушч. Па знешнім выглядзе, каларыйнасці, засваяльнасці арганізмам блізкі да сметанковага масла.

Атрымліваюць эмульгаваннем сумесі саламасу (гідрагенізаваны алей, рыбін тлушч; гл. Гідрагенізацыя), жывёльных тлушчаў, какосавага і інш. алеяў з вадой, малаком (цалкам ці часткова сквашаным), смакавымі і пахучымі дабаўкамі, фарбавальнікамі. Вырабляюць М. малочны і кулінарны, ці безмалочны. Малочны М. (сметанковы, сталовы, экстра і інш.), які мае 82—84% тлушчу, спажываюць у ежу, а таксама выкарыстоўваюць ў кулінарыі ў асн. для выпечкі (перашкаджае чарсцвенню мучных вырабаў). Кулінарны М. паводле паходжання зыходнай сыравіны падзяляюць на раслінны (напр., гідратлушч) і камбінаваны (найб. пашыраны маргагуселін — сумесь 70% гідратлушчу, 20% свінога шмальцу, 10% алею, араматызаваная алейнай выцяжкай цыбулі). Выкарыстоўваюць для смажання, тушэння, прыгатавання фрыцюру, выпечкі кандытарскіх вырабаў.

На Беларусі асн. вытворцы М. — Мінскі маргарынавы завод і Гомельскі тлушчавы камбінат.

К.В.Фамічэнка.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ТЛУ́ШЧАВЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1932 як маргарынавы з-д. З 1936 тлушчавы камбінат з гідролізным і мылаварным з-дамі. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1948. Асн. прадукцыя (1997): маргарын, маянэз, мыла гаспадарчае і туалетнае, саламас.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАРГАРЫ́НАВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1946—51 у Мінску. У 1953 уведзены ў эксплуатацыю маянэзны цэх. З 1994 адкрытае акц. т-ва. У апошнія гады праводзіцца рэканструкцыя прадпрыемства: уведзены новы 4-павярховы вытв. корпус, склад-халадзільнік, падстанцыя, халадзільна-кампрэсарная, водаачышчальныя збудаванні. Вытв. магутнасці да 9,5 тыс. т маянэзу і 33 тыс. т маргарынавай прадукцыі за год. Асн. прадукцыя (1999): маргарын, маянэз, кулінарныя тлушчы, сланечнікавы і рапсавы алей рафінаваны і дэзадараваны.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)