марабу

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),

1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.

2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЛЫ́ (Ciconiidae),

сямейства птушак атр. буслападобных, або галянастых. 11 родаў, 18 відаў, пераважна ў тропіках. У Палеарктыцы 3 віды, з іх 2 на Беларусі: бусел белы (Ciconia ciconia) і бусел чорны (Ciconia nigra), які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Бусел чорны часцей трапляецца на Палессі, радзей — на поўначы і вельмі рэдка ў зах. і ўсх. раёнах Беларусі. На пач. 1989 колькасць папуляцыі бусла чорнага ў рэспубліцы дасягнула 1007.

Даўж. 76—152 см. Дзюба доўгая, прамая або злёгку загнутая ўгару ці ўніз. Крылы доўгія і шырокія, некат. буслы могуць доўга лунаць. Большасць відаў не маюць голасу (адсутнічаюць галасавыя мускулы ніжняй гартані) і выдаюць гукі, калі шчоўкаюць дзюбай (рэзанатар — гарлавы мяшок). Гнёзды на дрэвах, скалах, будынках. Пасля гнездавання часта збіраюцца ў чароды. Кормяцца на вільготных лугах, балотах беспазваночнымі, жабамі, трытонамі, яшчаркамі, мышападобнымі грызунамі. Некат. буслы (марабу) кормяцца адкідамі. Бусел далёкаўсходні занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКА-АКЦЯ́БРСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

Акцябрска-Любанская партызанская зона. Утворана ўвосень 1941 у выніку вызвалення партызанамі ад ням.-фаш. захопнікаў частак Акцябрскага, Глускага, Любанскага і Старобінскага р-наў. Зону ўтрымлівалі: злучэнне партыз. атрадаў Акцябрскага р-на (13 атрадаў, 1300 чал.) на чале з Ф.І.Паўлоўскім, з крас. 1942 злучэнне партыз. атрадаў Мінскай і Палескай абл., з сак. 1943 Мінскае і Палескае партыз. злучэнні. У 1943 зона злілася на Пн са Слуцка-Капыльскай, на 3 з Ленінскай партыз. зонамі. Утварыўся партыз. край пл. каля 8 тыс. км2 (Акцябрскі, часткі Любанскага, Старадарожскага, Старобінскага, Чырвонаслабодскага, Капыльскага, Капаткевіцкага, Глускага, Жыткавіцкага, Даманавіцкага, Петрыкаўскага, Парыцкага, Ленінскага, Лунінецкага, Ганцавіцкага і інш. раёнаў), які абаранялі больш за 40 тыс. партызан. У зоне размяшчаліся Мінскі і Палескі падп. абкомы, райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, пярвічныя парт. і камсам. арг-цыі, штабы Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў, Акцябрскі і Любанскі райвыканкомы, у некат. раёнах — выканкомы сельсаветаў; выдаваліся газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся», раённыя газеты. Было наладжана гасп. жыццё, у многіх нас. пунктах адкрыты школы. 3 мая 1942 наладжана двухбаковая радыёсувязь з Вял. зямлёй, дзейнічалі партыз. аэрадромы. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі пранікнуць на тэр. зоны, правялі больш за 10 карных аперацый («Бамберг», «Свята ўраджаю», «Горнунг», «Русалка», «Марабу» і інш.), у выніку якіх знішчылі больш за 25 тыс. сав. грамадзян, каля 6 тыс. вывезлі на работы ў Германію. Партызаны каля 3 гадоў змагаліся з намнога большымі сіламі праціўніка, размешчанымі па перыметры зоны ўздоўж чыг. Лунінец—Калінкавічы—Жлобін—Асіповічы—Ляхавічы, правялі Пціцкую аперацыю 1942, Старыцкі бой 1942, Лаўскі бой 1942 і інш. Найб. жорсткія баі па абароне зоны вялі Мінскае і Палескае партыз. злучэнні ў студз.—лютым 1943 і 1944. У гонар гераічнай барацьбы партызан у Любанскім р-не створаны мемар. комплекс Зыслаў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 33.

Э.Ф.Языковіч.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)