расійскі графік, адзін з заснавальнікаў сав.паліт. плаката. Засл. дз. маст. Расіі (1932). Прафес. адукацыі не атрымаў. Выкладаў у Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (з 1922), паліграф. (1930—32) і маст. (1939—43) ін-тах у Маскве. Чл. аб’яднання «Кастрычнік» (з 1928). Выконваў сатыр. малюнкі для газ. «Известия», «Правда», час. «Будильник», «Крокодил» і інш. Творчасці ўласцівы экспрэсіўны, часам гратэскны контурны малюнак, які рэзка абрысоўвае плоскасную колеравую пляму. Найб. вядомыя плакаты «Савецкая рэпка» (1919), «Ты запісаўся добраахвотнікам?», «Урангель яшчэ жывы, дабі яго без літасці» (абодва 1920), «Дапамажы!» (1921—22), «Ты чым дапамог фронту?» (1941). Аўтар ілюстрацый да рамана А.Барбюса «Агонь» (1938), паэмы У.Маякоўскага «Добра!» (1940), «Слова аб палку Ігаравым» (1944). Аўтар кн. «Я — бальшавік!» (1967).
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«О́КНА РО́СТА»,
«Окна сатиры РОСТА», агітацыйна-палітычныя сатырычныя плакаты, што ствараліся ў 1919—22 сав. мастакамі і паэтамі, якія працавалі ў сістэме Рас. тэлеграфнага агенцтва (РОСТА). Вызначаліся прастатой і лаканізмам маст. сродкаў, заснаваных пераважна на выразнасці сілуэтаў, яркай расфарбоўцы ў 2—3 колеры, выкарыстанні традыцый лубка, спалучэнні выявы з кароткім, часцей вершаваным тэкстам. Выконваліся і тыражаваліся ў трафарэтнай тэхніцы (да 150 экз.) у Маскве (І.Малюцін, Дз.Маор, У.Маякоўскі, М.Чарамных), Петраградзе (Л.Брадаты, У.Лебедзеў, А.Радакоў) і інш. гарадах Расіі, на Украіне (Б.Яфімаў), у Баку і інш. На Беларусі «О.Р.» выпускалі ў Віцебску і Гомелі.
Да арт.«Окна РОСТА». У.Маякоўскі. Вораг апошні гатовы. 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБО́К, народная карціна,
твор графікі (пераважна друкаванай), прызначаны для масавага распаўсюджання. Вызначаецца даходлівасцю вобраза, дэкаратыўнасцю і прастатой тэхнікі, лапідарнасцю выяўл. форм, якая часта дасягаецца выразным штрыхом, яркай размалёўкай. У выяўл. тканіну Л. часта ўваходзяць подпісы, што тлумачаць выяву. Выконваецца звычайна непрафес. мастаком. Часам да Л. адносяць і творы прафес. графікі, якія пераймаюць лубачна-фальклорныя прыёмы.
Здаўна вядомы ў Кітаі, першапачаткова маляваны, з 8 ст. — у тэхніцы дрэварыту. Атрымаў пашырэнне ў краінах Еўропы: з 15 ст. — дрэварыт, з 17 ст. — медзярыт, з 19 ст, — літаграфія. У 19 ст. да тэхнікі Л. часам звярталіся прафес. мастакі: Ф.Гоя (Іспанія), А.Дам’е, Г.Курбэ (Францыя), А.Венецыянаў, Дз.Маор (Расія) і інш., у 20 ст. — прадстаўнікі прымітывізму.
У бел. мастацтве вядомы з сярэдзіны 16 ст. (асобныя дрэварыты віленскіх выданняў Ф.Скарыны). У 17—18 ст. прыёмы Л. шырока выкарыстоўваліся ў ілюстрацыях бел. друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Куцейны, Магілёва. Лубачныя карцінкі на рэліг. сюжэты, абразкі бытавалі на Беларусі ў 18—19 ст. Яны выконваліся ў тэхніцы абразной гравюры або медзярыта (Л. гравёра П.Комара з Супрасля, 1740). У бел. мастацтве нашага часу стылістыка Л. ўласціва кніжнай графіцы А.Лось, станковым серыям Я.Бусла і інш.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Лубок. Блазан Фарнос, Чырвоны нос. Рускі народны лубок. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),
выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.
Як маст. з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял. ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.Манэ, Гранвіль, Г.Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.Шэрэ, Т.Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.Муха ў Чэхіі і Францыі, О.Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.Бернхард у Германіі, М.Касандр у Францыі, А.Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.Кольвіц, Дж.Гартфілд (Германія), Л.Мендэс (Мексіка), А.Дайнека, Л.Лісіцкі, Дз.Маор, Кукрыніксы (Расія), І.Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.Маякоўскі, М.Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.Тамашэўскі, С.Эйдрыгявічус, В.Свежы, М.Васілеўскі), Японіі (К.Нагаі, С.Фукуда, І.Танака, М.Тода), Чэхіі (К.Мішак, В.Растока).
На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.Драздовіч, А.Быхоўскі, Г.Змудзінскі, П.Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял.Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.Волкаў, М.Гуціеў, Л.Замах, Т.Ігнаценка, Л.Кроль, Я.Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.Анемпадзістаў, У.Васюк, С.Войчанка, С.Яўлампіеў, У.Жук, Л.Кальмаева, А.Кітаева, У.Крукоўскі, Г.Мацур, А.Наважылаў, В.Смаляк, Дз.Сурскі, К.Хацяноўскі, У.Цэслер і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;
Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim;
Zürich;
New York, 1994.
М.Р.Баразна.
Да арт.Плакат. С.Войчанка, У.Цэслер, А.Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.Да арт.Плакат. Г.Мацур. Францыск Скарына. 1989.Да арт.Плакат. Л.Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.Да арт.Плакат. А.Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.Да арт.Плакат. У.Цэслер, С.Войчанка. Афган. 1989.