МАНІТО́Р (лац. monitor літар. які наглядае, напамінае),

1) старшы вучань, які дапамагаў настаўніку ў школах т.зв. узаемнай адукацыі. Існавалі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Расіі і інш. у 18 — пач. 19 ст. 2) У радыётэхніцы — тое, што відэаманітор.

3) У ЭВМ — прылада для кантролю працэсаў і кіравання выліч. сістэмай. Напр., відэаманітор выкарыстоўваецца для дыстанцыйнага назірання за станам сістэмы, дысплей з клавіятурай — як пульт кіравання і як манітор.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІТО́Р у праграмаванні,

машынная праграма для назірання, кантролю або праверкі аперацый у сістэме апрацоўкі даных. Адрозніваюць М. раздзялення часу, рэальнага часу, віртуальных машын, вызначэння прадукцыйнасці ЭВМ, кантрольны М. (для запуску тэстаў), фонава-аператыўны (напр., для вываду інфармацыі на прынтэр адначасова з работай машыны па зададзенай праграме) і інш.

Можа быць часткай аперацыйнай сістэмы (выконвае функцыі дыспетчара) ці замяняе яе цалкам (сістэмны М.). Звычайна мае статус праграмы карыстальніка. У агульным выпадку ў праграмным забеспячэнні можа быць некалькі М., кожны з якіх выконвае свае спецыфічныя функцыі. напр., кіраванне трансляцыяй праграм, пакетам дастасавальных праграм, комплексам тэставых задач, дыялогавым рэжымам работы машыны і інш. М. у мовах праграмавання — сукупнасць аператараў для арганізацыі высокаўзроўневага механізму сінхранізацыі і ўзаемадзеяння працэсаў (у т. л. праграмных), які забяспечвае доступ да непадзельных рэсурсаў.

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІТО́Р (англ. monitor),

клас нізкабортных браніраваных ваен. караблёў з малой асадкай, прызначаных для нанясення артыл. удараў па берагавых аб’ектах праціўніка, знішчэння яго караблёў у прыбярэжных раёнах мора і на рэках.

Назва ад аднайм. карабля, пабудаванага ў пач. грамадз. вайны 1861—65 у ЗША Пазней падобныя марскія М. з’явіліся ў Вялікабрытаніі, Расіі, Францыі і інш. З канца 19 ст. яны замяняліся браняносцамі берагавой абароны, з пач. 20 ст.лінейнымі караблямі. Рачныя М. (будаваліся з канца 1860-х г., упершыню з’явіліся на Дунаі) выкарыстоўваліся для артыл. падтрымкі сухап. войск, высадкі дэсанта, аховы ўласных і парушэння варожых рачных камунікацый. У СССР (Кіеў) у 1934—37 пабудаваны 7 рачных М., у т. л. «Жалезнякоў», для Дняпроўскай ваеннай флатыліі (ДВФ; з 1940 частка ў Дунайскай флатыліі). Буд-ва марскіх і рачных М. спынена пасля 2-й сусв. вайны.

З вясны 1922 у Пінску (Зах. Беларусь), дзе пасля польска-сав. вайны 1919—20 была адноўлена польск. Пінская флатылія (ПФ), базіраваліся рачныя М. «Мазыр» (у 1923 перайменаваны ў «Торунь») і «Варшава», з 1926 (пасля расфарміравання польск. Віслінскай флатыліі) — М. «Пінск» і «Гарадзішча». Яны пабудаваны ў 1920 у Данцыгу (Гданьску, у гіст. л-ры часам наз. «гданьскія М.»). У 1924—26 у Кракаве для ПФ пабудаваны і больш лёгкія М. «Кракаў» і «Вільна». 17—21.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь усе М. затоплены («Вільна» сеў на мель на Прыпяці і 18 вер. ўзарваны экіпажам). У вер.кастр. 1939 караблі падняты і адрамантаваны сав. маракамі. Пасля пераўзбраення і перайменавання («Варшава» ў «Віцебск», «Гарадзішча» ў «Бабруйск», «Торунь» у «Вінніцу», «Кракаў» у «Смаленск», «Пінск» у «Жытомір») яны ўключаны ў ДВФ з гал. базай у Пінску, а пасля расфарміравання флатыліі (чэрв. 1940) — у Пінскую ваенную флатылію. Летам—восенню 1941 у ходзе абарончых баёў на Прыпяці, Бярэзіне, Дняпры М. знішчаны.

Літ.:

Павлович Р. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;

Яго ж. Мониторы польской Пинской флотилии: история и судьба // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Мн., 1998. Вып. 2.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Манітор «Бабруйск».

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Смаленск»,

рачны манітор.

т. 15, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАМАНІТО́Р, манітор,

прыстасаванне для візуальнага кантролю якасці тэлевізійнага відарыса ў розных пунктах тракту яго перадачы (напр., на выхадзе перадавальнай тэлевізійнай камеры). Бывае: чорна-белы і каляровы; малагабарытны, пераносны і універсальны. На відэаманітор падаецца відэасігнал, каляровы відэасігнал, сігналы асн. колераў (або яркасны і два колерарознасныя сігналы). Відэаманітор для кантролю амплітуды і фазы сігналаў у каляровых сістэмах ПАЛ і НТСЦ наз. вектараскопам. Выкарыстоўваецца ў відэакамерах, на тэлецэнтрах, прыкладных тэлевізійных устаноўках і інш.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМАНІТО́Р (ад гідра... + манітор),

апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).

Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн. частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ННІЦА»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі летам 1941 у Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. У 1920—23 наз. «Mozyrz» («Мазыр»), у 1923—39 — «Toruń» («Торунь»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска). Сеў на мель каля в. Новая Беліца Светлагорскага р-на, узарваны экіпажам 16.7.1941.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАМЧУ́ЖЫН»,

рачны манітор Дняпроўскага атрада Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях летам 1941. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Меў на ўзбраенні 7 гармат і 3 кулямёты, экіпаж 72 чал. З 27.11.1936 у складзе Дняпроўскай ваен. флатыліі, удзельнічаў у паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). З 8.7.1940 у Дунайскай ваен. флатыліі. У пач. Вял. Айч. вайны абараняў вусце Дуная. У канцы ліп. 1941 пераведзены на Дняпро. Прыкрываў пераправы і адыход сав. войск на левы бераг Дняпра на Пд ад Кіева, каля гарадоў Ржышчаў і Канеў. Узарваны экіпажам 12.8.1941 пасля няўдалай спробы прарыву з Чаркасаў да Краменчуга.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАЛЕЗНЯКО́Ў»,

пласкадонны рачны манітор, экіпаж якога вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Уваходзіў у склад Дняпроўскай (ліст. 1936 — жн. 1940), Дунайскай (жн. 1940—ліст. 1941, крас. 1944—45) і Азоўскай (ліст. 1941—кастр. 1942, люты 1943—крас. 1944) ваен. флатылій, Чарнаморскага флоту (кастр. 1942 — люты 1943). Меў 6—7 гармат (у гады вайны і некалькі зенітных гармат), 3—4 кулямёты, экіпаж 70—72 чал. Удзельнічаў у абароне Адэсы, Нікалаева, Ачакава, Херсона, Севастопаля (1941), Бярдзянска, Цемрука (1942) і інш., у Будапешцкай аперацыі 1944—45; прайшоў 40 тыс. км, знішчыў 13 артыл. батарэй, 4 батальёны ням.-фаш. пяхоты і інш., адбіў 127 паветр. атак. У 1967 устаноўлены як карабель-помнік на набярэжнай у К.іеве.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫТО́МІР»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач. Вял. Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)