Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ МАНО́МЕТР, дыфманометр,
прылада для вымярэння рознасці (перападу) ціску вадкіх і газападобных рэчываў, узроўню вадкасці, а таксама расходу вадкасці, пары, газу па перападзе ціску. Бываюць прамапаказвальныя, самапішучыя і бясшкальныя (з эл. або пнеўматычнай перадачай паказанняў); паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць вадкасныя (вымераны ціск ураўнаважваецца слупком вадкасці) і мех. (ціск ураўнаважваецца сіламі пругкасці мембраны, спружыны, сільфона). Асн.тэхн. характарыстыкі: перапад ціскаў і найб. статычны ціск, на які разлічана прылада. Гл. таксама Расхадамер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дыфманометр, гл. Дыферэнцыяльны манометр
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЙ СКО́РАСЦІ ПАКАЗА́ЛЬНІК,
прылада для вымярэння скорасці палёту лятальнага апарата адносна паветр. асяроддзя. Мае анероідную (гл.Анероід) і манаметрычную (гл.Манометр) каробкі, спалучаныя трубаправодам з прыёмнікам поўнага ціску і перадатачным механізмам — са стрэлкамі. У паказанні прылады аўтаматычна ўводзяцца папраўкі на змены параметраў паветр. асяроддзя ў залежнасці ад вышыні палёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАЦЫ́ЙНЫ ВАКУУММЕ́ТР,
манометр, прынцып дзеяння якога заснаваны на вымярэнні іоннага току, прапарцыянальнага ціску ў газах (гл.Іанізацыя). Крыніца іанізацыі — радыёізатоп з альфа- ці бэта-выпрамяненнем або напалены катод. Межы вымеранага ціску вызначаюцца канструктыўнымі асаблівасцямі прылады (верхняя мяжа — суадносінамі паміж памерамі датчыка і даўжынёй свабоднага прабегу іанізавальных часціц, ніжняя — іанізацыяй газу другаснымі часціцамі). Гл. таксама Вакуумметр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФІБРЭ́Р,
машына для атрымання драўнянай масы сціраннем балансавай драўніны на вярчальным абразіўным камені. У магутных Д. камяні дыяметрам 1500—1800 мм, шырынёй каля 1400 мм, у асн. штучныя — з кварцавага, карундавага або карбарундавага зерня на цэментнай, керамічнай ці інш. звязцы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці паперы, кардону і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЫКЕ (Guericke, Gericke) Ота фон (30.11.1602, г. Магдэбург, Германія — 11.5.1686), нямецкі фізік. Вучыўся ў Лейпцыгскім, Гельмштацкім, Іенскім, Лейдэнскім ун-тах (1617—23). У 1646—78 бургамістр г. Магдэбург. Вынайшаў паветр. помпу (1641), з яе дапамогай правёў доследы (у т. л. з «магдэбургскімі паўшар’ямі») для доказу існавання атм. ціску. Пабудаваў адну з першых эл. машын (з яе дапамогай выявіў з’яву эл. адштурхоўвання), вадзяны барометр (выкарыстаў для прадказання надвор’я), паветраны тэрмометр, манометр і інш.
Літ.:
Кудрявцев П.С. История физики. Т. 1—3. 2 изд. М., 1956—1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТА́ТЫКА (ад гідра... + статыка),
раздзел, гідрамеханікі, які вывучае ўмовы і заканамернасці раўнавагі вадкасці і сілавое ўздзеянне на сценкі пасудзін ці апушчаныя ў яе целы. Законы гідрастатыкі выкарыстоўваюцца ў тэхніцы пры разліках гідратэхн. збудаванняў, гідраўл. машын і інш.
Асн. задача гідрастатыкі — вывучэнне законаў размеркавання гідрастатычнага ціску ў вадкасці. На аснове іх можна вызначыць умовы плавання цел (гл.Архімеда закон), сілы, што дзейнічаюць на розныя элементы паверхні апушчаных у вадкасць цел, дно і сцены пасудзіны і інш. (гл.Паскаля закон), пабудаваць гідрастатычныя машыны і прылады (гідраўл. прэс, гідраўл. акумулятар, вадкасны манометр, сіфон і інш.). Законы гідрастатыкі пры адносным спакоі выкарыстоўваюць пры вырашэнні пытанняў пра фігуры раўнавагі вадкіх мас (напр., Зямля) пры вярчэнні.