МАНО́МЕТР (ад грэч. manos рэдкі, няшчыльны + ...метр),
прылада для вымярэння ціску газаў ці вадкасцей. М. для вымярэння атм. ціску наз. барометрам, для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны, — вакуумметрам.
Адрозніваюць М. вадкасныя. механічныя, электрычныя, іанізацыйныя і інш. У вадкасных ціск вымяраецца вышынёю слупка вадкасці (ртуці, вады, спірту), які ўраўнаважвае гэты ціск, у механічных — значэннем пругкай дэфармацыі спружыны або мембраны ці вагою грузу, у электрычных — зменаю эл. параметраў (эрс, току, супраціўлення, індуктыўнасці), прапарцыянальнай ціску. Эл. М. зручныя для вымярэння ціску на адлегласці. Дзеянне іанізацыйных М. заснавана на выкарыстанні ўплыву ціску газаў на іх іанізацыю. Для вымярэння рознасці ціскаў карыстаюцца дыферэнцыяльным манометрам.
т. 10, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)