Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́Ж (франц. manège) у архітэктуры, 1) прамавугольны ці круглы ў плане будынак без унутр. перагародак (часам агароджаная пляцоўка) для трэніроўкі коней, навучання верхавой яздзе, конна-спарт. спаборніцтваў. Падлога ў М. глінабітная, укрыта слоем пяску і драўняных апілак. Даўж. дарожкі ў закрытым прамавугольным М. да 130 м, у круглым — да 100 м, на адкрытым М. яна дзёрнавая, шчыльная грунтавая, пясчаная або тартанавая. Сучасныя М. будуюць звычайна пры іпадромах. У арх. адносінах найб. выразныя М. 18—19 ст.: класіцыстычныя — конна-гвардзейскі ў С.-Пецярбургу (1804—07, арх. Дж.Кварэнгі), Маскве (1817—25, інж. Л.Л.Карбанье, паводле праекта А.Бетанкура, арх. В.І.Баве; з 1957 выставачная зала). На Беларусі драўляныя прамавугольныя ў плане М. для трэніроўкі коней і навучання верхавой яздзе існавалі ў 2-й пал. 18—19 ст. ў Альбе пад Нясвіжам, Слуцку, Клецку і інш. Дзейнічае М. пры іпадроме конна-спарт. базы «Ратамка».
2) М. спартыўныя бываюць спецыялізаваныя (для аднаго віду спорту) і універсальныя, у якіх трансфармацыя арэны дае магчымасць праводзіць заняткі і спаборніцтвы па розных відах спорту. Найб. распаўсюджаны М.с. для заняткаў футболам і лёгкай атлетыкай. Футбольныя манежы маюць арэну для гульні ў міні-футбол (60 × 40 м); для спаборніцтваў рэсп. і міжнар. ўзроўняў — стандартнае футбольнае поле. Іх выкарыстоўваюць і для інш. відаў спорту (барацьба, бокс, валейбол, гандбол, гімнастыка, рэгбі, тэніс і інш.). Манежы для лёгкай атлетыкі маюць залы (не менш за 126 × 42 м) з прамымі і замкнёнымі бегавымі дарожкамі (звычайна з сінт. пакрыццём), сектары для скачкоў, штурхання ядра і інш., таксама трэніровачныя залы, басейны, сауны і інш. Буйныя М. маюць месцы для гледачоў. Будуюць таксама ў складзе комплексаў навуч. устаноў фіз. культуры і спорту. На Беларусі існуюць лёгкаатлетычныя М. спарт.к-таУзбр. сіл Беларусі (1976; цяпер Мінскі палац лёгкай атлетыкі), спарт. комплексу «Працоўныя рэзервы» (1989) у Мінску, у Гомелі (1980).
3) М. цыркавы, гл.Арэна.
4) Пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Манеж. Унутранае абсталяванне лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага комплексу «Працоўныя рэзервы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,
крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.Максімовіч, арх. В.Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ЛЯЧЭ́БНІЦА,
установа для аказання ўсіх відаў ветэрынарнай дапамогі жывёле. Асн. задачы: правядзенне прафілактычных, лячэбных і супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў; вет. абслугоўванне гаспадарак і жывёлы, якая належыць насельніцтву; аказанне неабходнай дапамогі вет. спецыялістам інш. устаноў і гаспадарак. У комплекс тыпавых ветэрынарных лячэбніц уваходзяць: амбулаторыя (манеж, аптэка, кабінеты і інш. службовыя памяшканні), стацыянар для незаразных хворых жывёл, ізалятар і інш. Ветэрынарная лячэбніца забяспечваецца аўтамашынай «Хуткая ветэрынарная дапамога», аўтадэзустаноўкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЧАНКА (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 16.5.1925, г. Гомель),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1998). Скончыў БПІ (1958). З 1951 працаваў гал. архітэктарам Ваенпраекта БВА, Гродзенскай вобл., з 1974 — БелНДІП горадабудаўніцтва. Асн. работы: адм. будынак у Барысаве (1957), дамы афіцэраў у Лідзе (1956), Баранавічах (1960), Мінску (Уручча; 1968), Мазыры (1969), Гродне (1974), лёгкаатлетычны манеж ва Уруччы (1976, у сааўт.), прафілакторый у Наваполацку (1982), Палац культуры ў Лідзе (1994), ген. планы гарадоў Ліда, Ваўкавыск, Слонім, Шчучын (1991—98) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НА (лацінскае arena літаральна пясок),
1) у Старажытным Рыме круглая або авальная пасыпаная пяском пляцоўка ў цэнтры амфітэатра. Выкарыстоўвалася для паказу баёў гладыятараў і дзікіх звяроў, конных спаборніцтваў і інш. Ад гледачоў аддзялялася вадзяным ровам ці спецыяльнай агароджай.
2) У цыркавых будынках арэна (манеж) — месца паказу, ігравая пляцоўка, на якой дэманструюцца цыркавыя нумары. Зрэдку выкарыстоўвалася для эксперыментальных тэатральных паказаў.
3) Адкрытае або закрытае збудаванне для правядзення спартыўных спаборніцтваў, музычных і эстрадных фестываляў і іншых масавых мерапрыемстваў.
Арэна амфітэатра ў г. Арль (Францыя). 2 ст.Арэна крытага катка ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага ў Мінску.
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1983). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1958). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект» (з 1958, у 1978—80 гал. архітэктар). Асн. работы: у Мінску — Мінскі палац спорту, у сааўтарстве корпус бальніцы Лячэбнага сан. ўпраўлення (1968), Бел.рэсп. вучэбны комплекс гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка (1969), кінатэатр «Кастрычнік» (1975), генплан акадэмгарадка па вул. Жодзінскай, Дом праектных арг-цый Дзяржбуда Беларусі (абодва 1980); Палац культуры ў Салігорску (1967), конна-спарт.манеж у Ратамцы пад Мінскам (1969), серыя буйнапанэльных жылых дамоў для гарадоў Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск (1972—77); санаторыі «Беларусь» у гарадах Друскінінкай (Літва, 1972) і Юрмала (Латвія, 1976); г. Лангепас Цюменскай вобл. (Расія, 1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМНО́,
гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання снапоў, саломы, сена і апрацоўкі збажыны. Здаўна вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і інш. На Палессі гумно наз. клуняй, на Віцебшчыне і Пн Магілёўшчыны — токам, у зах. раёнах Беларусі — стадолай. Будавалі пераважна з бярвён, у плане былі прамавугольныя (найб. пашыраныя), квадратныя, шматвугольныя, са скразным праездам. Бярвёны не падганялі шчыльна адно да аднаго для натуральнай цыркуляцыі паветра. Асн. часткі гумна: ток (выбітая глінай пляцоўка, дзе малацілі) і адсекі па баках (для захоўвання снапоў, саломы, сена). Знадворку рабілі прыбудовы для мякіны. Былі 2 тыпаў: з сушнямі (асець ці еўня) і без іх. Пазней да гумна прыбудоўвалі манеж — конную малатарню. Стрэхі гумна былі высокія, 2-схільныя, вальмавыя, пірамідальныя каркаснай канструкцыі на сохах ці на кроквах, накрывалі іх саломай, чаротам, драніцамі, гонтай. Сял. гумны былі даўж. 7—23 м, шыр. 5,5—18,5 м, з 1 або 2 варотамі, у фальварках значна большыя, з 4—6 варотамі, 2—3 такамі. У гумне кантрастна спалучаліся нізкія сцены і высокі дах. У Зах. Палессі іх будавалі і зусім без сцен (высокая страха, пастаўленая на зямлю).