Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАРЭ́ЙКАВАЯ ДАРО́ГА,
транспартная сістэма, у якой пасажырскія вагоны або грузавыя ваганеткі перамяшчаюцца па рэйцы-бэльцы (манарэйцы), устаноўленай на эстакадзе ці асобных апорах. Бываюць навясныя, у якіх вагоны абапіраюцца на хадавыя цялежкі, і падвесныя — падвешаны на цялежках да манарэйкі.
Умяшчальнасць вагонаў 60—120 чал. Скорасць да 240 (часам да 500) км/гадз. Грузападымальнасць ваганетак 0,5—5 т, скорасць 2—4 (часам да 5) км/гадз, аптымальная працягласць да 1,5 км. Пасаж. М.д. выкарыстоўваюцца ў сістэмах высокаскараснога гарадскога (Манрэаль, Токіо і інш.) і міжгародняга транспарту, грузавыя — у сістэмах цэхавага або міжцэхавага транспарту прамысл. прадпрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання па вырабе абсталявання для механізацыі пад’ёмна-транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ. Асн. прадукцыя: пад’ёмныя краны, канвееры, падвесныя дарогі (гл.Канатная дарога, Манарэйкавая дарога), аўтапагрузчыкі, аўтакары, электракары, экскаватары, ліфты, машыны для выгрузкі сыпкіх і кускавых матэрыялаў з вагонаў, абсталяванне для апрацоўкі кантэйнерных і пакетных грузаў і інш. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. У 1964—75 Магілёўскі завод «Строммашына» выпускаў пасажырскія ліфты. Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод (з 1969) выпускае: пасажырскія і грузавыя ліфты грузападымальнасцю да 5 тыс.кг, а таксама лябёдкі да ліфтаў. На прадпрыемствах акц.т-ва«Амкадор» выпускаюцца розныя віды пагрузчыкаў (вілачных, з тэлескапічнай стралой, колавых аднакаўшовых франтальных і інш.). Асобныя віды пагрузчыкаў і кранаў вырабляюцца на Магілёўскім заводзе транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш». ВА «Будмаш» (Мінск) вырабляе казловыя эл. краны, доследны мех.з-д у Дзяржынску — маставыя эл. краны. Іл.гл. ў арт.Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне.