Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МАНТ (Mammuthus primigenius),
вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс.г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж. да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ляхаўскі мамант 2/567
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬСКІ (сапр.Няелаў) Мамант Віктаравіч
(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),
расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНЫ́, слановыя (Elephantidae),
сямейства млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з верхняга міяцэну — ніжняга пліяцэну. 2 роды, у кожным па 1 відзе: афрыканскі С. (Loxodonta africana) з 2 падвідамі (зрэдку даюць як самастойныя віды) — саваннавы, або кустовы, С. (L.a. africana), які жыве пераважна ў аблесенай саванне Усх. і Паўд. Афрыкі; лясны С. (L.a. cyctolis) — пераважна ў дажджавых трапічных лясах Зах. Афрыкі. Індыйскі С. (Elephas maximus) жыве ў лясных абласцях Паўд.-Усх. Азіі. Абодва віды ў Чырв. кнізе МСАП. Да сям. С. належыць мамант. На Беларусі знойдзены рэшткі С. паўднёвага (Archidiskodon meridionalis), які быў пашыраны ў раннім антрапагене і выцесніў трацічных мастадонтаў. Выш. яго ў плячах больш за 3,7 м. Лічыцца продкам афрыканскіх С. і маманта. Знойдзены рэшткі С. трагантэрыевага (A. trogontherii), які быў пашыраны ў раннім антрапагене. Самы буйны з еўрап. С., у плячах выш. да 4,5 м, біўні даўж. да 5 м. Цела, магчыма, было пакрыта поўсцю. Пераходным відам паміж трагантэрыевым С. і мамантам быў хазарскі мамант, ці С., (Mammuthus chosaricus), рэшткі якога таксама знойдзены на Беларусі. Меў густую поўсць і доўгія біўні, па памерах значна большы за маманта.
Даўж. афрыканскага С. ад канца хобата да канца хваста да 7 м (хобат да 2 м, хвост да 1,5 м). Выш. ў карку да 4,5 м, маса да 7,5 т. Індыйскі С. меншы (выш. цела да 3.2 м. маса да 5 т). Самкі драбнейшыя. Орган дотыку, нюху і хапання — рухомы хобат (зрослыя верхняя губа і нос). Развітыя другія разцы, што ў верхняй сківіцы ўтвараюць біўні і растуць усё жыццё. Скура тоўстая (да 3 см), амаль голая, укрытая рэдкімі шорсткімі валасамі. Расліннаедныя Жывуць С. 70—80 гадоў, палаваспеласці дасягаюць у 10—20 гадоў, цяжарнасць да 2 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня масай да 100 кг раз у 4 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕПАЛЕАЛІТЫ́ЧНЫ ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць выкапнёвых млекакормячых, якія жылі на пэўных тэрыторыях у канцы сярэдняга і позняга плейстацэну. Вядома каля 50 відаў прадстаўнікоў тэрыяфауны, напр.мамант, насарог валасаты, алені велікарогі і паўночны, сайгак, аўцабык, леў пячорны, мядзведзь пячорны, пясец, лемінгі капытны і сібірскі і інш. Для тэр. Беларусі склад верхнепалеалітычнага фауністычнага комплексу ўпершыню вызначаны В.В.Шчагловай. Рэшткі млекакормячых гэтага тэрыякомплексу вядомы амаль з 170 пунктаў, а найб. поўны склад выяўлены ў Аршанскім, Віцебскім, Гродзенскім, Калінкавіцкім, Карэліцкім, Смаргонскім і Чачэрскім р-нах.
У перыяды зледзяненняў у верхнепалеалітычным фауністычным комплексе пераважалі холадаўстойлівыя віды, у часы міжледавікоўяў з’яўляліся і цеплалюбівыя жывёлы. З прадстаўнікоў гэтага комплексу ў пач. галацэну сфарміравалася сучасная тэрыяфауна, спачатку з плейстацэнавымі рэліктамі. Верхнепалеалітычны фауністычны комплекс мае выключнае значэнне для геал. і заал. даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
мікулінскае міжледавікоўе (Расія), эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.М.Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн.ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.