Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Малі (дзяржава) 2/9; 6/581—583; 9/380
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́, Меле,
дзяржаўнае ўтварэнне ў Зах. Судане ў 8—17 ст. на тэр. сучасных Малі і Гвінеі, у раёне верхняга цячэння р. Нігер. Этн. аснова М. — плямёны мандынга. Да пач. 13 ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ганы. З 11 ст.дзярж. рэлігія М. — іслам. У 2-й пал. 13 ст. пры мансе (правіцелі) Сундзьяце пачаўся хуткі ўздым М. (сталіца — г. Ніяні). Дасягнула росквіту пры Мусе I (1312—37) і Сулеймане (1341—60), калі М. займала тэр. ад Атлантычнага ак. да г. Гао ў сярэднім цячэнні Нігера. Асновай багацця быў гандаль рабамі і золатам. З 1370-х г. пачаўся заняпад, з 2-й пал. 15 ст. М. ў залежнасці ад дзяржавы Сангаі. У 17 ст. існавала як невял. вобласць вакол паселішча Кангаба, дзе захавалася ўлада царскага клана Кейта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́ (Mali),
Рэспубліка Малі (République du Mali), дзяржава ва ўнутр. частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на 3 з Сенегалам, на Пн з Маўрытаніяй і Алжырам, на У з Нігерам, на ПдУ з Буркіна-Фасо, на Пд з Кот-д’Івуарам і Гвінеяй. Пл. 1,22 млн.км2. Нас. 11,8 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г.Бамако. Падзяляецца на 8 абласцей і адм. раён (дыстрыкт) Бамако.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная рэферэндумам у 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нар. сходу са 129 дэпутатаў, 116 з якіх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах (13 мандатаў рэзервуюцца для малійцаў, што знаходзяцца за межамі краіны). Парламент выбіраецца на 3 гады. Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная (выш. 200—500 м). На Пн — частка пустыні Сахара (больш за 30 % тэр. М.), па верхнім цячэнні р. Нігер — алювіяльная раўніна. На 3, Пд і У раўнінная тэр. краіны акаймавана невысокімі горнымі масівамі. Найвыш. пункт — г. Хамбары-Тандо (1155 м). На ПнУстараж. плато Адрар-Іфарас выш. да 853 м. Карысныя выкапні: фасфарыты, жал., уранавыя, алюмініевыя, літыевыя, медныя і поліметал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, ападкаў 50—200 мм за год, дажджлівы перыяд менш за 3 месяцы, сярэдняя т-растудз. 20—22 °C, ліп. 32—35 °C; на Пд клімат экватарыяльных мусонаў, ападкаў 500—1000 мм (на крайнім Пд — 1500 мм), дажджлівы перыяд 3—5 месяцаў, сярэдняя т-растудз. 22—23 °C, ліп. 26—27 °C. Пастаянныя рэкі толькі на Пд, галоўныя — Нігер, Сенегал і іх прытокі; на асобных участках суднаходныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Расліннасць мае шыротную занальнасць. У пустыні і паўпустыні расліннае покрыва вельмі рэдкае: злакі, эфемеры, салянкі, тамарыксы і акацыі. У саванне суцэльнае травяное покрыва, дрэвы — баабаб, сейба, пальмы. На крайнім Пд высакатраўная саванна з галерэйнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 6 % тэрыторыі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопы, газелі, гепарды, шакалы, леапарды, гіены, жырафы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Букль-дзю-Баўле, 5 запаведнікаў. Прыродны запаведнік скала Бандыягары («Зямля дагонаў») уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Палавіну насельніцтва, складаюць народы моўнай сям’і мандэ (бамбара, малінке, санінке), жывуць на 3 і ў цэнтр.ч. краіны. Есць народы бантоідных моўных груп (фульбе, валоф, мосі, сенуфа), на Пн і ПнУ — туарэгі і маўры. Невял. колькасць еўрапейцаў, пераважна французаў. 90% насельніцтва вызнае іслам, 9% — традыц. вераванні (на Пд), 1 % — хрысціянства (у гарадах). Сярэднегадавы прырост 3,18% (1997). Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км2, на Пд да 30—50 чал. на 1 км2. На Пн амаль усё насельніцтва качавое і паўкачавое, шчыльн. каля 1 чал. на 1 км2. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найб. гарады (1995, тыс.ж.): Бамако—919, Сегу—99, Мопты—78. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 1%, У абслуговых галінах — 19%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя М. вывучана слаба. З 3-га тыс. да н.э. развівалася земляробства. У сярэднія вякі на тэр. сучаснага М. існавалі дзярж. ўтварэнні Гана (3—13 ст.), Малі (8—17 ст.), Сангаі (15—16 ст.); пануючай рэлігіяй стаў іслам. Дзяржава Сангаі пасля разгрому яе ў 1591 мараканскімі войскамі распалася на шэраг дробных княстваў, якія ў 3-й чвэрці 19 ст. ўвайшлі ў склад дзяржавы тукулераў Хадж Амара, а ў канцы 19 ст. заваяваны Францыяй. У 1890 б.ч.тэр. М. аб’яднана ў калонію Франц. Судан (у 1899 скасавана, у 1920 адноўлена), з 1895 — у складзе Франц.Зах. Афрыкі. З 1945 М. — «заморская тэр.» Францыі. У 1946 у М. заснавана паліт. партыя Суданскі саюз на чале з М.Кейтам (з 1959 адзіная партыя ў краіне), якая ўзначаліла нац.-вызв. рух. З 28.9.1958 М. пад назвай Суданская Рэспубліка — аўт. дзяржава ў складзе Франц. супольнасці. У крас. 1959 М. аб’ядналася з Сенегалам у Федэрацыю М., якая 20.6.1960 абвясціла сваю незалежнасць. У жн. 1960 федэрацыя распалася.
22.9.1960 абвешчана Рэспубліка М. Выбраны прэзідэнтам Кейта пачаў ажыццяўляць курс на некапіталіст. развіццё краіны. У 1967 ва ўмовах эканам. крызісу Кейта стварыў Нац.к-т абароны рэвалюцыі, які засяродзіў у сваіх руках усю ўладу (парламент быў распушчаны). У выніку ваен. перавароту (ліст. 1968) да ўлады прыйшоў Ваен.к-тнац. вызвалення на чале з М.Траарэ. У 1974 прынята новая канстытуцыя, якая ўстанавіла аднапарт. рэжым. У 1979 створана кіруючая і адзіная ў краіне партыя Дэмакр. саюз малійскага народа, адбыліся прэзідэнцкія (выбраны Траарэ) і парламенцкія выбары. У 1990 у М. пачаўся шырокі дэмакр. рух супраць аўтарытарнага рэжыму Траарэ. Пасля масавых дэманстрацый прыхільнікаў дэмакратыі 26.3.1991 Траарэ скінуты і ўлада перайшла да Савета нац. згоды на чале з А.Т.Турэ; распушчаны парламент і Дэмакр. саюз малійскага народа, уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя М., якая абвясціла прынцып падзелу ўлад. На выбарах у парламент у студз.—лют. 1992 перамог Альянс за дэмакратыю ў М. (АДЭМА), яго лідэр А.У.Канарэ ў крас. 1992 выбраны прэзідэнтам краіны. Акрамя АДЭМА у М. дзейнічаюць Нац.к-тдэмакр. ініцыятывы, Суданскі саюз — Афр.дэмакр. аб’яднанне, Малійская партыя за развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і прагрэс і інш. М. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 3.11.1993.
Гаспадарка. М. — адна з найбяднейшых краін свету. Штогадовы даход на 1 чал. каля 280 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы ствараецца 49% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 17%. Эканоміка адрозніваецца шматукладнасцю: натуральныя і паўнатуральныя дробнатаварныя сял. гаспадаркі, прыватны і замежны капітал, дзярж. сектар. Сялянскае землеўладанне дробнае (каля 0,5 га на душу). Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,5 млн.га, пад пашу выкарыстоўваюць каля 110 млн.га зямель у саваннах, паўпустынях і пустынях. У земляробстве пераважае аблогавая сістэма. Арашаецца 78 тыс.га (1993). Пад збожжавымі (проса, сорга, рыс, кукуруза) 85% пасяўных плошчаў, пад бавоўнай 7%, пад арахісам 5%. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, кенаф, з харчовых — ямс, батат, маніёк. Асн. раён земляробства ў цэнтры і на ПдЗ — у далінах Нігера і прытокаў Сенегала, асабліва ва ўнутр. дэльце Нігера ў раёне г. Мопты. Садоўніцтва (ананасы, манга, папайя, гуаява, цытрусавыя) і агародніцтва (памідоры, перац, капуста, морква) на арашальных землях. Збор збожжа ад 0,9 млн.т у засушлівыя гады да 1,5 млн.т ва ўраджайныя. Жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пераважае качавая, паўкачавая і адгонна-пашавая. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (пераважна зебу) — больш за 5, авечак і коз — больш за 11, аслоў — больш за 0,4, вярблюдаў — каля 0,2, коней — каля 0,2. Рыбалоўства ў Нігеры і інш. рэках, каля 100 тыс.т штогод. Збіральніцтва дзікарослых пладоў (найб. арэхаў карытэ). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы харчовай і звязанай з ёй вытв-сці: рысаачышчальная, па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення, цукр., чайная, кандытарская, мукамольная, мясная, малочная, кансервавая, піваварная. Ёсць прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, тэкст. камбінат у Бамако, з-д мешкатары ў Сане, гарбарна-абутковая ф-ка ў Бамако, цыгарэтная і запалкавая ф-кі (Бамако), цэм.з-д (Дыяму), керамічны з-д (Джыкарані); наладжана вытв-сць кіслароду, ацэтылену, фармацэўтычных і парфумерных вырабаў (Бамако). Ёсць невял. прадпрыемствы электрамех. і металаапр. прам-сці, па зборцы веласіпедаў, вырабе с.-г. інвентару, ф-ка транзістарных прыёмнікаў і магнітафонаў (Бамако). Вытв-сць электраэнергіі 290 млн.кВтгадз (1995). Электрастанцыі працуюць пераважна на імпартным паліве, найб.ЦЭС у Бамако, ёсць невял. ГЭС. Горназдабыўная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, фасфарытаў, каменнай солі, вапняку, мармуру. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны. У М. 14,8 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 1,8 тыс.кмунутр. водных шляхоў. Адзіная чыгунка (641 км) звязвае Бамако з портам Дакар (Сенегал). Суднаходства па р. Нігер. У краіне 24 аэрапорты, у т.л. міжнар. каля Бамако. У 1994 экспарт склаў 320 млн.дол., імпарт — 422 млн. долараў. У экспарце пераважаюць бавоўна, жывёла, золата, арахіс, рыба, у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва, тэкст. вырабы. Гал.гандл. партнёры: Францыя і інш. краіны ЕЭС, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк КФА (Афрыканскай фін. садружнасці).
Літаратура. Вусная нар. творчасць народаў М. (бамбара, малінке, фульбе, сенуфа) прадстаўлена міфамі, гераічным эпасам, казкамі і песнямі. Пасля пашырэння ісламу (з 11 ст.) узнікла л-ра на араб. мове, якая існавала да 19 ст. (гіст. хронікі Махмуда Каці, 16 ст.; ас-Садзі, 17 ст.), была пашырана рэліг.л-ра. Да канца 1960-х г. мовы народаў М. не мелі пісьменства (акрамя фульбе). Першы твор на мове бамбара — паэт.зб. «Песні грыёта» Ж.Б.Сісако (1977). Сучасная л-ра М. развіваецца пераважна на франц. мове. У 1930—40-я г. з’явіліся першыя апрацоўкі нар. легенд. У 1950-я г.л-ра развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху (гіст. раманы І.М.Уана, грамадз. творы С.Бадыяна, С.Дэмбеле). Пасля атрымання незалежнасці (1960) творчасць Ф.Д.Сісако, І.Б.Траарэ, С.Дыяра прасякнута пафасам антыкалан. барацьбы. У прозе 1970-х г. побач з асв. тэндэнцыямі (М.Галаго, Я.Сангарэ) характэрна выкарыстанне фалькл. матываў (А.А.Ба). З канца 1970-х г.асн. літ.
жанрам стаў сац. раман (М.М.Дыябатэ, М.Канатэ, І.Лі і інш.). Для Драматургіі характэрны паліт. накіраванасць і публіцыстычнасць (п’есы А.Кабы, Г.Дыявары). Паэзія вызначаецца грамадзянскасцю і лірызмам (Галаго, Дыявара, А.Кунта). Вядомасць атрымалі літ. апрацоўкі вуснай нар. творчасці М.Сідыбэ, І.Траарэ.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі культуры М. адносяцца да эпохі неаліту (наскальныя размалёўкі ў Бандыягары; малюнкі са сцэнамі палявання, вайны, танцаў у гротах у раёне Бамако, менгіры ў Тандыдару каля Ніяфунке, гліняныя і каменныя фігуркі ў раёне Мопці). У вёсках здаўна будуюць хаціны з сумесі гліны і саломы (банка), пераважна круглыя ў плане, на каркасе з жэрдак, без акон, з нізка навіслым саламяным дахам. У гарадах жытлы часцей прамавугольныя, з перакрыццем з бамбуку, цыновак і лісця. У горных раёнах у народа дагон вёскі ўмацаваныя, жытлы прамавугольныя, з плоскімі дахамі, свяцілішчы з вежачкамі па вуглах. На Пн качэўнікі жывуць у палатках і круглых хацінах з цыновак ці скур. У дзяржавах, што існавалі на тэр. М. ў 11—16 ст., развівалася горадабудаўніцтва; гарады Ніяні, Гао, Тамбукту, Джэне і інш. з няправільнай сеткай вуліц, умацаваныя сценамі, забудоўваліся грамадскімі будынкамі (палац у Тамбукту, 14 ст., арх. Эс-Сахелі), мячэцямі з верт. цягамі на сценах і характэрнымі канічнымі мінарэтамі (у Джэне). Жылыя дамы з гліны ці банка, пераважна прамавугольныя ў плане, плоскія земляныя пакрыцці насцілаюцца на бэльках, сцены ўмацаваны Магутнымі верт. цягамі ці падзелены на кесоны, што ўтвараюць знешні каркас будынка, фасады завершаны закругленымі зубцамі ці мініяцюрнымі вежачкамі. З прыходам каланізатараў у гарадах пачалі будаваць на еўрап. ўзор (саборы, адм. будынкі, асабнякі), а таксама глінабітныя жытлы-баракі з драўлянымі жалюзі. З 1950-х г. у будаўніцтве выкарыстоўваюць жалезабетон, пластыкі і інш. З маст. рамёстваў у М. здаўна развіта разьба, якой аздабляюць рэчы з дрэва (табурэткі, дзверы, талеркі, грабяні), вырэзваюць рытуальныя маскі, фігуркі людзей, жывёл. Пашырана ліццё з медзі, выраб рэчаў са скуры змей і кракадзілаў (сумкі, рамяні), шкур пантэр і леапардаў, керамічнага посуду; тканін з геам. арнаментам. З 1960-х г. фарміруецца прафес. мастацтва (жывапісец Б.Кейта). Старыя ч. гарадоў Джэне і Тамбукту ўнесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Малі.Да арт.Малі. Тыповае вясковае жыллё.Да арт.Малі. Рака Нігер каля г. Сегу.Да арт.Малі. Папайя — адна з пашыраных трапічных культур.Да арт.Малі. Горад Тамбукту.Да арт.Малі. Мячэць у г. Джэне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Федэрацыя Малі 6/582; 9/486
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Суданскі Саюз (партыя Малі) 6/582
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА, Аўхар,
протадзяржава, якая існавала ў Зах. Афрыцы на тэр. сучасных Маўрытаніі (паўд.ч.) і Малі (зах.ч.) у 4—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 8 ст. Сталіца — г. Кумбі-Сале. Этн. аснова — народ санінке. Мела армію ў 200 тыс.чал., у т. л. 40 тыс. лучнікаў. Была буйнейшым пастаўшчыком золата ў краіны Магрыба. Правіцелі Ганы кантралявалі транзітны гандаль золатам і соллю, абкладалі яго высокай пошлінай. У 1076 сталіцу Ганы заваявалі Альмаравіды. У выніку паўстання 1087 краіна вызвалілася, аднак у хуткім часе пачаўся яе распад. У 1240 Гана канчаткова трапіла пад уладу протадзяржавы Малі. Ад гіст. Ганы назва сучаснай дзяржавы Гана.
Літ.:
Куббель Л.Е. «Страна золота» — века, культуры, государства. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРА́Р-ІФАРА́С (франц. Adrar des Iforas),
Іфарас, пустыннае пласкагор’е на Пд Сахары, пераважна ў Малі. Сярэднія выш. 700 м, найб. да 1000 м. Складзена са стараж. гранітаў. Уздоўж сухіх далін (уэдаў), якія праразаюць масіў, апустыненыя саванны з зараснікамі акацый, ксерафітных злакаў, на вяршынях — горныя пустыні. Рэдкія аазісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-АФРЫКА́НСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ БАКСІ́ТАЎ,
на тэр. Гвінеі, Сьера-Леоне, Малі, Ганы, Камеруна.
Пл. больш за 1,75 млн.км2 Разведаныя запасы каля 7 млрд. т. Асваенне з 1941. Адкрыта каля 100 радовішчаў. Звязана з латэрытнай карой выветрывання стараж. і седыментацыйных басейнаў Афрыканскай платформы. Баксіты гібсітавыя, абломкавыя з утрыманнем 45—50% гліназёму сярэднегатунковага і больш за 50% высокагатунковага. Здабыча адкрытым спосабам. Гал. цэнтры: Баке, Фрыя, Кіндыя (Гвінея), Аваса (Гана), Маканджы (Сьера-Леоне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМАКО́ (Bamako),
горад, сталіца Малі. Засн. ў 1882. 802 тыс.ж. (з прыгарадамі, 1987). Рачны порт, на левым беразе р. Нігер. Канцавая чыг. станцыя на лініі Дакар—Нігер. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандлёва-прамысл. і фін. цэнтр краіны. Харчасмакавая прам-сць (халадабойня, цыгарэтная ф-ка, вытв-сць кансерваў і інш.), тэкст., папяровыя, металаапр., дрэваапр. прадпрыемствы. Зборка аўтамашын, веласіпедаў, электра- і радыётэхн. прылад. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Мастацкія рамёствы. ЦЭС. Музеі, батанічны сад і заапарк.