МАЛЕ́БЕН,

кароткае хрысціянскае богаслужэнне, звычайна прысвечанае святым; калектыўны ўдзячны або заклінальны (прасільны) зварот да Бога, Багародзіцы аб здароўі, дабрабыце, выратаванні і г.д.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́ТВА,

1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).

2) Вызначаны, кананізаваны тэкст такога звароту.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́М ГРЭК (сапр. Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),

пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял. кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус. азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).

Літ.:

Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;

Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;

Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.

Г.​У.​Грушавы.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́ДЫЯ (ад грэч. parōdia літар. спевы навыварат),

жанр сатырычнай літаратуры (гл. Сатыра). Заснавана на камічным перайманні стылю асобнага пісьменніка, пэўнага жанру ці літ. кірунку, што знарок скажае, акарыкатурвае тыя ці інш. рысы арыгінала з мэтай высмеяць іх. П. — своеасаблівая з дапамогай імітацыі крытыка літ., навук. ці публіцыст. прац з пункту погляду ідэйнага ці стылістычнага напаўнення твора, маст. канцэпцыі аўтара, яго паліт. ці грамадз. пазіцый. Пераймаючы жанравую форму арыгінала (вершаванага ці празаічнага твора), П., як правіла, захоўвае яго фармальныя прыкметы (стыль, кампазіцыю і інш.). Супярэчнасць, што ўзнікае паміж зместам П. і формай арыгінала, спрыяе зусім інш. сэнсаваму напаўненню, адваротнаму тлумачэнню асн. думкі арыгінала. Чым выразней пазнаецца ў П. арыгінал, тым мацнейшая яна па сваёй маст. вартасці. Вылучаюць П.: гумарыстычную, якая завастрае слабыя бакі арыгінала, але не адмаўляе іх («Паэтычныя залёты» П.​Сушко); сатырычную якая скіравана супраць арыгінала («Бойся Бога» П.​Марціновіча). Паводле зместу П. падзяляюць на сацыяльна-бытавыя («З Уладзіміра Скарынкіна» Г.​Юрчанкі), палітычныяМалебен» Я.​Коласа), літаратурныя («Літаратурная пародыя» Ц.​Дзеразы). Існуюць П. і ў форме перафразавання вядомага выказвання. П. выкарыстоўваюць у цырку, лялечным тэатры, на эстрадзе.

П. — адзін з найстаражытнейшых жанраў. Вядомы парадыйныя раман («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле), памфлет (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Вальтэр і інш.), ода (А.​Сумарокаў), трагедыя («Падшчыпа» І.​Крылова). У рус. л-ры пач. 19 ст. часцей сустракалася гумарыст. П. (А.​Пушкін, І.​Дзмітрыеў, А.​Шахаўской). З сярэдзіны 19 ст. пачалося сатыр. напаўненне П. («Гісторыя аднаго горада» М.​Салтыкова-Шчадрына, «Лісты да вучонага суседа» А.​Чэхава). Сатыр. П. пісалі У.​Маякоўскі, Дз.​Бедны і інш.

У бел. л-ры элементы парадыйнага жанру сустракаюцца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 ст. Як найб. завершаны жанр П. склалася да сярэдзіны 19 ст. (ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»). Блізкія да сац.-быт. і паліт. П. «Калыханка» Ф.​Багушэвіча, «Янка і свабода», «Ісцінна чорнае трыо» Я.​Купалы, «Пратэст» Ядвігіна Ш. Вызначаюцца актуальнасцю пародыі К.​Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску», «Нібы сатыра на Нібы паэму М.​Грамыкі «Гвалт над формай»). У 1920—30-я г. П. пісалі Я.​Купала, Я.​Колас, А.​Александровіч, П.​Трус, М.​Хведаровіч. П. сустракаецца ў Р.​Барадуліна, В.​Віткі, А.​Вольскага, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, С.​Дзяргая, Х.​Жычкі, А.​Зарыцкага, П.​Макаля, М.​Мятліцкага, М.​Скрыпкі, Я.​Таўшчэзнага і інш. У пач. 1970-х г. з’явілася ананімная паэма Ведзьмака Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», якая стала П. на многія перыпетыі жыцця пісьменніцкага гурту і тагачаснага літ. працэсу. Элементы парадыйнага жанру знаходзяцца ў празаічных творах М.​Адамчыка, П.​Васючэнкі, А.​Вырвіча, А.​Глобуса, у п’есах А.​Ждана, С.​Кавалёва, А.​Петрашкевіча і інш. Існуе П. на прамову, рэпартаж, некат. дэтэктыўныя, паэт., празаічныя і драм. творы, крытычныя працы і інш.

Публ.: Барадулін Р. Дойны конь. Мн., 1965; Юрчанка Г. Немеладычныя мелодыі. Мн., 1974; Яго ж. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979; Скрыпка М. І з перцам і з сэрцам. Мн., 1977; Вітка В. Для дома, для альбома і трохі для эпохі. Мн., 1983; Адамчык М. Забойства на Каляды: Аповесць. Апавяданні. Мн., 1994; Глобус А. Новы дамавікамерон. Мн., 1998; Васючэнка П., Вырвіч А. Прыгоды аднаго губашлёпа. Мн., 1999.

Літ.:

Борев Ю.Б. Комическое... М., 1970.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)