БАНДА́Й-АСА́ХІ,

нацыянальны парк у Японіі на в-ве Хонсю. Засн. ў 1950. Пл. каля 190 тыс. га (уключае некалькі запаведнікаў). Размешчаны ў раёнах актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Бандай і Адзума): горы ўкрытыя шыракалістымі і хваёвымі лясамі, на вяршынях — лугі і хмызнякі. Шматлікія азёры. Своеасаблівая фауна (чорны мядзведзь, сернаказа, японская макака).

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЗУС-ФА́КТАР, Rh-фактар,

адзін з антыгенаў, які ёсць у эрытрацытах чалавека і малпы макака-рэзус. Выяўлены ў 1940 К.​Ландштайнерам і аўстр. вучоным А.​Вінерам у крыві людзей з дапамогай сывараткі жывёл, імунізаваных эрытрацытамі макакі-рэзуса (адсюль назва). Паводле хім. прыроды — ліпапратэід. Перадаецца ў спадчыну і застаецца нязменным на працягу жыцця. Р.-ф. ў еўрапеоідаў назіраецца ў 85%, у мангалоідаў — 99%. Па наяўнасці або адсутнасці Р.-ф. вылучаюць рэзус-станоўчыя і рэзус-адмоўныя арганізмы. Пры пераліванні рэзус-адмоўным асобам рэзус-станоўчай крыві або пры рэзус-канфліктнай цяжарнасці (маці — рэзус-адмоўная, плод — рэзус-станоўчы) магчымы ўскладненні (напр., гемалітычная хвароба нованароджаных).

т. 13, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́КІ (Macaca),

род вузканосых малпаў сям. мартышкападобных. 12 (па інш. звестках 19—20) відаў. Пашыраны ў Паўд. і Усх. Азіі, 1 від — магот (M. sylvanus) — у Паўн. Афрыцы і Еўропе (Гібралтар). Жывуць у трапічных лясах, лясах умеранага пояса (Кітай, Японія). Вядуць паўдрэвавы спосаб жыцця, трымаюцца статкамі. М. японскі (M. fuscata) зімой трапляецца сярод снежных суметаў (п-аў Сімокіта). 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела да 76 см, хваста да 70 см (у магота хваста няма), маса да 28 кг. Афарбоўка жаўтаватая, рыжаватая, чорная, у некат. уздоўж спіны цёмная паласа, на галаве «шапачка», на твары бакенбарды, вусы, барада. Канечнасці кароткія, дужыя. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Выкарыстоўваюцца ў мед. эксперыментах.

Э.​Р.​Самусенка.

Макака рэзус.

т. 9, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗААПА́РК.

Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.​І.​Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.

Ю.​В.​Рабаў.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)