астатак пасля атм.перагонкі нафты (адгонкі бензінавых, газавых і газойлевых фракцый). Густая вадкасць цёмна-рудога колеру, шчыльн. 890—1000 кг/м³, т-ра застывання 10—40 °C, цеплата згарання 39,4—40,7 МДж/кг. Выхад М. складае 50% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць як вадкае кацельнае паліва, прадукты вакуумнай дыстыляцыі М. — як сыравіну для атрымання маторнага паліва, змазачных масел. Гл. таксама Гудрон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКАЯ ДРЭС,
першая і адна з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу на Беларусі. Пабудавана ў 1958—67 у г.Белаазерск Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Першы прамысл. ток дала ў 1961. 6 энергаблокаў, дзеючая магутнасць 940 тыс.кВт. На паліва выкарыстоўваецца мазут і прыродны газ. Праз Беларускую энергетычную сістэму злучана з энергасістэмамі суседніх з Беларуссю дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПРАДУ́КТЫ,
сумесі газападобных, вадкіх і цвёрдых вуглевадародаў, што атрымліваюць з нафты і нафтавых газаў. Асн. групы Н.: паліва (газы нафтаперапрацоўкі, газы нафтавыя спадарожныя, бензін, ліграін, газа, мазут), нафтавае масла, нафтавыя растваральнікі і асвятляльная газа, цвёрдыя вуглевадароды (парафін, азакерыт, цэрэзін), бітумы і інш. Н. (кокс нафтавы, пластычныя змазкі, вуглярод тэхн., асідол, розныя фракцыі перагонкі нафты і прадукты іх перапрацоўкі).
Літ.:
Товарные нефтепродукты, свойства и применение. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.
Будаўніцтва пачата ў 1971 у г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1975 пушчана першая ўстаноўка па перапрацоўцы нафты, у 1977 пачала працаваць бітумная ўстаноўка. З 1994 адкрытае акц.т-ва ў складзе рас.-бел. адкрытага акц.т-ва «Нафтагазавая кампанія «Слаўнафта». Працуе на бел. нафце і з нафтаправода «Дружба». Вядзецца рэканструкцыя для больш глыбокай перапрацоўкі нафты і павышэння якасці нафтапрадуктаў. Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны, рэактыўнае паліва, мазут, дызельнае паліва, вакуумны газойль, пячное паліва, бітумы нафтавыя, звадкаваны газ, сера тэхнічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАПО́ЛАЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНАННЕ «НАФТА́Н».
Створана ў 1992 на базе Полацкага нафтаперапр. з-да (пабудаваны ў 1958—63); з 1976 Наваполацкі нафтаперапр.з-д, у 1980—92 ВА «Наваполацкнафтааргсінтэз». Перапрацоўвае да 12 млн.т нафты за год. Нафта паступае па адгалінаванні магістральнага нафтаправода «Дружба». Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны розных марак, газа, дызельнае, пячное і маторнае паліва, паліўны мазут, змазачнае масла, бензол, талуол, параксілол, артаксілол, розныя маркі буд., дарожных і дахавых бітумаў, серная кіслата, прысадкі да змазачных маслаў, быт. газ, растваральнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАТЭХНІ́ЧНЫЯ САСТА́ВЫ,
сумесі, гарэнне якіх адбываецца адначасова са светлавымі, гукавымі, дымавымі і рэактыўнымі піратэхн. эфектамі (гл.Піратэхніка). Пры гарэнні П.с. вылучаецца вял. колькасць цеплаты; т-ра гарэння ад 400 °C (дымавыя саставы) да 3000 °C (асвятляльныя саставы).
Аснова большасці П.с. — сумесі акісляльніку з гаручым. У якасці акісляльнікаў выкарыстоўваюць нітраты, хлараты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, аксіды некаторых металаў; у якасці гаручага — пераважна парашкі магнію, алюмінію і іх сплаваў, а таксама вуглевадародныя сумесі (газа, бензін, мазут), драўняны вугаль і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці боепрыпасаў (гл.Запальныя саставы), для зваркі рэек, труб, эл. правадоў, пры даследаваннях верхніх слаёў атмасферы, кіназдымках, арганізацыі феерверкаў, у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі, рассейванне граду і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
рэчывы, якія ў атмасферы даюць устойлівыя аэразолі, прызначаны для стварэння маскіруючых дымавых заслон. Да Д.р. адносяцца белы фосфар, цвёрдыя піратэхн. і вадкія сумесі, што пры гарэнні (т-ра 400—1000 °C) утвараюць дым ці туман рознымі метадамі.
Белы фосфар утварае дым пры ўзаемадзеянні з кіслародам паветра. Вадкія Д.р. — хлорсульфонавая кіслата, хларыды тытану TiCl4, волава SnCl4 і інш. ўтвараюць туман з кропель вадкасці, якая ўзаемадзейнічае з вільгаццю паветра; саставы на аснове нафтапрадуктаў (дызельнае паліва, мазут) даюць дым пры выпарэнні і наступнай кандэнсацыі пары. Піратэхн. сумесі маюць цвёрдыя Д.р., якія лёгка сублімуюць пры высокай т-ры (хларыд амонію, нафталін, антрацэн). Выкарыстоўваюць у вайск. справе (дымавыя шашкі, гранаты) і сельскай гаспадарцы (напр., для аховы раслін ад замаразкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
энергетычная ўстаноўка, у якой камбінуюцца цыклы паравых і газавых турбін. Як рабочыя целы выкарыстоўваюцца прадукты гарэння паліва і падагрэтае паветра (у газавай турбіне), пара (у паравой турбіне) або парагазавая сумесь у адной турбіне.
Найб. выкарыстанне знайшлі камбінаваныя П.ў., у якіх у камеру згарання газавай турбіны падаецца паліва (прыродны газ або мазут), якое складае 20% усяго паліва, што выкарыстоўваецца. Прайшоўшы праз газавую турбіну, прадукты згарання, якія маюць у сабе нявыкарыстаны кісларод, паступаюць у топку паравога катла, дзе спальваюцца разам з астатнім палівам. Пашыраны таксама схемы П.у. з катламі-утылізатарамі, якія не маюць уласнай топкі, а абаграюцца адыходнымі газамі турбіны. П.ў. з катламі-утылізатарамі будуюць магутнасцю да 800 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАГО́НКА НА́ФТЫ,
дыстыляцыя нафты, раздзяленне нафты на асобныя фракцыі з рознымі тэмпературнымі інтэрваламі выкіпання; пачатковы працэс нафтаперапрацоўкі. Засн. на тым, што пры награванні нафты ўтвараецца паравая фаза, састаў якой адрозніваецца ад саставу вадкасці (гл.Дыстыляцыя).
У прам-сці ажыццяўляюць на неперарыўна дзейных нафтаперагонных устаноўках. Асн. апараты ўстановак — рэктыфікацыйныя калоны (гл.Рэктыфікацыя), трубчастыя печы і цеплаабменныя апараты. Адрозніваюць атм. трубчастыя, ці АТ-устаноўкі, і атм.-вакуумныя трубчастыя, ці АВТ-устаноўкі. У АТ-устаноўках П.н. ажыццяўляюць пад ціскам 150—400 кПа; у АВТ-устаноўках — спачатку пры атм., а потым пры нізкім ціску (5—15 кПа). На АТ-устаноўках атрымліваюць светлыя фракцыі, што выкіпаюць да 350 °C (вуглевадародны газ, бензін, газа, газойль) і мазут, на АТВ-устаноўках — тыя ж фракцыі, а таксама вакуумны газойль, дыстылятнае масла (гл.Нафтавае масла) і гудрон.
Літ.:
Александров И.А. Перегонка и ректификация в нефтепереработке. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,
ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст. з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.
У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл.Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.