МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.

Літ.:

Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;

Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.

Ж.​В.​Блоцкая.

Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.

т. 9, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ БЕТО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1899—1914 у г. Мінску (з 1913 наз. ф-ка «Мазаіка»). Выпускала цэментныя пліты для падлогі, тратуараў, лесвіц са штучнага каменю, мазаічныя вырабы. У 1913 працавала 50 чал., выраблена прадукцыі на 20 тыс. руб.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1906—13 у г. Вілейка Мінскай вобл. паводле праекта арх. А.​Клейна. Спалучае рысы раманскай і гатычнай архітэктуры. Мураваная 3-нефавая базіліка з развітым трансептам, тарцы якога завершаны высокімі трохвугольнымі франтонамі, і 5-граннай апсідай з асіметрычнымі прыбудовамі па баках. Дамінанта кампазіцыі — вежа. Яе 4 бакі завершаны трохвугольнымі шчытамі з круглымі і стральчатымі аконнымі праёмамі, вуглы фланкіраваны маленькімі ігольчатымі вежамі. У інтэр’еры — размалёўка пад мазаічныя арабескі. Іл. гл. да арт. Вілейка.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

разнавіднасць аддзелачных матэрыялаў. Адрозніваюць абліцовачныя матэрыялы прыродныя і штучныя, для ўнутраных і вонкавых абліцовачных работ. Да прыродных належаць пліты і камяні з граніту, габра, лабрадарыту, вапняку, мармуру, туфу, пясчаніку і інш. горных парод. Штучныя абліцовачныя матэрыялы — керамічныя пліткі і камяні, вонкавая цэгла, вырабы са шкла (лісты, шклаблокі, дыванова-мазаічныя пліткі, панэлі са шклопрафіліту, пліты з сіталаў, шклосіталаў), мармуру штучнага, драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты. Выкарыстоўваюць лісты з азбестацэменту, шклапластыкаў, дэкар. фанеры, рулонныя, ліставыя і плітачныя палімерныя матэрыялы, дэкар.-акустычныя пліты. Фасады будынкаў абліцоўваюць таксама прафіляванымі вырабамі з алюмінію, сталі і дэкар. бетону.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНЫЯ АНАМА́ЛІІ,

адхіленне значэнняў фіз. палёў (гравітацыйнага, магнітнага, геатэрмічнага, электрамагнітнага) ад нармальнага поля Зямлі. Абумоўлены рознымі фіз. ўласцівасцямі горных парод, неаднароднасцю саставу і будовы зямной кары і мантыі. Адрозніваюць анамальнае значэнне (лічба, якая характарызуе велічыню анамаліі ў пэўным пункце назірання, напр., анамаліі Бучэ, Фая і інш.) і анамальнае поле (участак, на якім назіраюцца адхіленні; бываюць мазаічныя, лінейныя, паласавыя і інш.). Паводле памераў і глыбіні геафізічныя анамаліі падзяляюцца на лакальныя і рэгіянальныя. Па геафізічных анамаліях вывучаюць унутр. будову Зямлі і зямной кары, вырашаюць гідрагеал. і інж.-геал. задачы, вядуць пошук і разведку радовішчаў карысных выкапняў.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАКЛІ́П,

жанр мастацтва, які аб’ядноўвае ігравое кіно, мультыплікацыю, музыку, рэкламу, запісаныя на відэастужку. Выяўленчыя сродкі грунтуюцца вакол сюжэтнай фабулы або каскаду спецэфектаў, падпарадкаваных рытмічнай канструкцыі муз. асновы. Пачаткам жанру лічыцца відэакліп «Багемская рапсодыя», створаны ў 1975 рэжысёрам Б.​Говерсам як рэкламны ролік аднаго з новых альбомаў гурта «Куін» (Вялікабрытанія). Сярод найб. вядомых стваральнікаў кліпаў: П.​Кэры (ЗША), М.​Вейш (Германія), Э.​Дыянісіюш (Аўстралія), С.​Джонсан (Вялікабрытанія), М.​Джоджэган (Швецыя) і інш. На Беларусі відэакліп з’явіўся ў сярэдзіне 1980-х г. у сувязі з узнікненнем нац. плыні ў маскультуры. У гэтым жанры вызначыліся рэжысёры Э.​Гатоўскі, Г.​Шувагін, С.​Шынкарэнка, якія стварылі кліпы з удзелам гуртоў «Рэй», «Бонда», «Крама», «Рокіс». Яны выкарыстоўваюць сюжэтныя і мазаічныя канструкцыі будовы відэакліпа і іх сінтэз.

В.​М.​Мартыненка.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́ (франц. panneau ад лац. pannus кавалак тканіны),

1) частка сцяны, абмежаваная стужкай арнаменту ці лепкай і запоўненая жывапіснай ці скульптурнай выявай.

2) Жывапісны твор дэкар. характару, а таксама мазаічныя, ляпныя, разныя, тканыя, вышываныя, вязаныя, плеценыя і інш. кампазіцыі з металу, шкла, керамікі, дрэва, нітак, саломы і інш., прызначаныя для аздаблення пэўнага ўчастка сцяны (насценнае П.) або столі (плафон). П. аздаблялі сцены культавых і грамадз. збудаванняў у Стараж. Егіпце і Грэцыі. Мастацтва П. дасягнула значнага росквіту ў Зах. Еўропе ў 17—18 ст. На Беларусі вядома з 17 ст. ў аздабленні інтэр’ераў культавых збудаванняў. З 18 ст. шырока распаўсюджаны ў рэзідэнцыях магнатаў. У 20 ст. П. ўпрыгожваюць інтэр’еры і экстэр’еры грамадскіх і жылых будынкаў: творы Л.​Асецкага, І.​Ахрэмчыка, Г.​Вашчанкі, І.​Давідовіча, С.​Катковай, Т.​Кіршчынай, А.​Кішчанкі, У.​Крываблоцкага, Я.​Кузняцова, У.​Стальмашонка і інш.

т. 12, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЫН (Павел Дзмітрыевіч) (7.7.1892, Г.п. Палех Іванаўскай вобл., Расія — 22.11.1967),

расійскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1962). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1912—16) у К.​Каровіна і С.​Малюціна. Зазнаў уплыў М.Несцерава. У 1932—59 кіраўнік рэстаўрацыйнай майстэрні Музея выяўл. мастацтваў імя Пушкіна ў Маскве; рэстаўрыраваў карціны Дрэздэнскай карціннай галерэі. Творам уласцівы адухоўленасць вобразаў, манум. строгасць і дакладнасць малюнка, цэласнасць пластычнай формы, напружаная насычанасць колеру: эцюды да карціны «Русь, якая адыходзіць» (1930-я г.; «Схімніца», «Бацька і сын», «Ігумення»), трыпціх «Аляксандр Неўскі» (1942—43), партрэты М.​Горкага (1932), Л.​Леанідава, Несцерава (абодва 1939), М.​Сар’яна, Р.​Сіманава (абодва 1956), Кукрыніксаў (1957—58), Р.​Гутуза (1961) і інш. Сярод манум. работ: мазаічныя плафоны на станцыі «Камсамольская-кальцавая» (1951; Дзярж. прэмія СССР 1952), вітражы на станцыі «Новаслабодская» (1951), мазаіка на станцыі «Смаленская» (1952) Маск. метрапалітэна; мазаіка ў будынку Маскоўскага ун-та (1952) і інш. Ленінская прэмія 1963.

П.Корын Партрэт мастакоў Кукрыніксаў. 1957—58.

т. 8, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́Н СЛА́ВЫ САВЕ́ЦКАЙ А́РМІІ — ВЫЗВАЛІ́ЦЕЛЬНІЦЫ БЕЛАРУ́СІ,

помнік у гонар подзвігу воінаў 1, 2, З-га Бел. і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай аперацыі 1944. Знаходзіцца на 21-м км шашы Мінск—Масква. Закладзены 30.9.1966, адкрыты 5.7.1969. Аўтары: скульпт. А.​Бембель, арх. А.​Стаховіч (Дзярж. прэмія Беларусі 1970), скульпт. А.​Арцімовіч, арх. Л.​Міцкевіч, інж. В.​Лапцэвіч. Выш. кургана 35 м, на яго вяршыні 4 штыкі-абеліскі (выш. кожнага 35,6 м), якія сімвалізуюць франты, што ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. У іх ніжняй ч. мазаічныя выявы ордэнаў Айч. вайны і Славы. Аснову штыкоў абкружае шырокае кальцо, унутры якога мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!» На вонкавай паверхні кальца абліцаваныя залацістай смальтай барэльефныя выявы твараў воінаў усіх родаў войск і партызан. Да агляднай пляцоўкі на вяршыні кургана вядуць 2 лесвіцы. Каля падножжа і на схіле гранітныя пліты з інфарм. тэкстам. Вакол помніка мемар. парк са штучным басейнам. Філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны.

А.​Г.​Ванькевіч.

Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЙНЕ́КА (Аляксандр Аляксандравіч) (20.5.1899, г. Курск, Расія — 12.6.1969),

рускі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1936). Правадз. чл. АМ СССР (1947, у 1962—66 віцэ-прэзідэнт АМ СССР). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—25) у У.Фаворскага, І.​Нівінскага. Выкладаў у Маскве ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), паліграф. ін-це (1928—34), маст. ін-це імя Сурыкава (1934—46, 1957—63). Адзін з заснавальнікаў Т-ва станкавістаў. Яго жывапісныя творы 1920—30-х г. («У Данбасе», «Тэкстыльшчыцы», «Абарона Петраграда», «Бег», «Будучыя лётчыкі» і інш.) вылучаюцца выразнасцю формы, дынамізмам рытмічнай кампазіцыі, кантрастным спалучэннем прасторавых планаў, лаканізмам колеравых спалучэнняў. Адначасова выяўляецца і інтымная, лірычная лінія («Маці»). У гады Вял. Айч. вайны Д. стварыў гераічную карціну «Абарона Севастопаля» (1942) і шэраг суровых драм. пейзажаў. Сярод твораў манум. жывапісу пано і размалёўкі Цэнтр. т-ра Сав. Арміі (1940), мазаічныя плафоны станцый Маск. метрапалітэна «Маякоўская» (1938—39) і «Новакузнецкая» (1943), мазаікі «Добрая раніца» і «Хакеісты» (1959—60) і інш. Аўтар станковых твораў «Каля мора» (1956—57) і інш. Ленінская прэмія 1964.

Літ.:

Сысоев В.П. А.​Дейнека: [Альбом]. Л., 1982.

А.​М.​Пікулік.

А.А.Дайнека.
А.Дайнека. Будучыя лётчыкі. 1938.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)