Мазалі (в.) 6/532; 9/331

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАДРЫ́Л

(Papio hamadryas),

малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.

Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБО́НЫ

(Hylobates),

род сям. гібонавых атр. прыматаў. 9 відаў. Жывуць у густых трапічных лясах Паўд.-Усх. Азіі і Зондскіх а-воў на дрэвах невял. сямейнымі групамі. 4 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП: гібон аднакаляровы (Н. concolor), гібон серабрысты (Н. moloch), гібон чорнашапачны (Н. pileatus), сіяманг карлікавы (Н. klossi).

Даўж. цела 45—90 см, маса 5—13 кг. Целасклад грацыёзны. Афарбоўка валасянога покрыва ад чорнай да жаўтавата-карычневай або серабрыста-шэрай. Пярэднія канечнасці доўгія, з іх дапамогай гібоны перамяшчаюцца па галінах дрэў. Ёсць невял. сядалішчныя мазалі. Іклы вялікія. Палаваспелыя ў 5—7 гадоў, нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца пладамі, лісцем, маладымі парасткамі, насякомымі, павукамі, зрэдку птушынымі яйцамі і птушанятамі. Пры ўсходзе сонца «пяюць» (адсюль другая назва — «пявучыя малпы»), у сіяманга (Н. syndactylus) ёсць вял. няпарны гарлавы мяшок для ўзмацнення гукаў.

т. 5, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБЛЮ́ДЫ

(Camelus),

род млекакормячых сям. вярблюдавых атр. парнакапытных. 5 відаў, у т. л. 2 сучасныя: вярблюд аднагорбы, або драмедар (Camelus dramedarius), і вярблюд двухгорбы, або бактрыян (Camelus bactrianus). Пашыраны ў пустынях і сухіх стэпах Усх. Еўропы, Азіі, Афрыцы.

Даўж. цела да 3,6 м, выш. ў плячах да 2,5 м, маса да 800 кг. Поўсць вярблюда аднагорбага чырванавата-шэрая, двухгорбага — цёмна-бурая. Шыя доўгая, дугападобная. На запясцях, локцях, грудзях і каленях мазалі, таму вярблюды здольны ляжаць на гарачым (да 70 °C) грунце. Лапы шырокія, мяккія, лёгка ідуць па сыпучых пясках. У гарбах назапашваецца тлушч (да 120 кг), які расходуецца пры нястачы корму. Доўгі час (да 10 сут) могуць абыходзіцца без піцця (трацяць да 25% масы) і піць саленаватую ваду. Кормяцца раслінамі, у т. л. калючымі. Раз у 2 гады нараджаюць 1 дзіцяня. Прыручаны чалавекам больш за 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстоўваюцца як запражныя, уючныя і верхавыя жывёлы. Ад вярблюдаў атрымліваюць малако, мяса, шэрсць, тлушч. Гл. Вярблюдагадоўля.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)