ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МА́ГМЫ,

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, у выніку якіх з магмы ўзнікаюць горныя пароды рознага хім. саставу або з колькаснымі суадносінамі адных і тых жа мінералаў. Асн. фактары Д.м.: змена тэрмадынамічных умоў, гравітацыя, асіміляцыя і інш. Адрозніваюць крышталізацыйную дыферэнцыяцыю (раздзяленне цвёрдых фаз у працэсе крышталізацыі) і ліквацыйную (раздзяленне расплаву на 2 вадкія фазы, якія не змешваюцца, аддзяленне лятучых і інш. форм).

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРАЛІЗА́ТАРЫ,

1) жывыя арганізмы (пераважна гетэратрофныя бактэрыі), якія раскладаюць мёртвыя арган. злучэнні да асобных хім. рэчываў і элементаў (азот, калій, кальцый, фосфар, вуглякіслы газ і інш.). Адыгрываюць важную ролю (разам з прадуцэнтамі і кансументамі) у біяцэнозе.

2) Газа- і парападобныя рэчывы — вадарод, бор, фтор, вуглярод, фосфар, сера, хлор, вада і інш., раствораныя ў магме. М. зніжаюць вязкасць магмы і т-ру яе крышталізацыі, змяняюць парадак вылучэння мінералаў, уплываюць на дыферэнцыяцыю магмы. Зрэдку дзейнічаюць як каталізатары, могуць уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў або заставацца ў іх як газападобныя ці вадкія ўключэнні. Асабліва багатыя М. пнеўматалітавыя (лятучыя) вылучэнні і гідратэрмальныя растворы, якія ўзнікаюць пры метамарфізме горных парод. Пры ўзгонцы М. нясуць многія металы і ўтвараюць з імі лятучыя злучэнні, якія ўдзельнічаюць у крышталізацыі астаткавага расплаву магмы (гл. Пегматыт) ці пранікаюць у шчыліны ўмяшчальных парод і садзейнічаюць утварэнню новых мінералаў з карыснымі кампанентамі.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАМАРФІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. morphē форма, выгляд),

працэс утварэння горных парод з адной і той жа магмы пры розных умовах з розным мінералагічным, але аднолькавым хім. саставам.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛЬНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя метасаматычныя горныя пароды, якія залягаюць у выглядзе жыл, даек і інш. дробных цел, цесна звязаных з інтрузіўнымі масівамі. Утвараюцца пры застыванні магмы ў шчылінах зямной кары. Іх склад можа адпавядаць пародам буйных інтрузій (гл. Інтрузіўныя горныя пароды) або значна адрознівацца ў выніку працэсаў дыферэнцыяцыі магмы і ўзаемадзеяння яе з прылеглымі горнымі пародамі. Сярод Ж.г.п. вылучаюць меланакратавыя, абагачаныя цемнаколернымі мінераламі (керсантыт, спесартыт і інш.), і лейкакратавыя, складзеныя пераважна з светлаколерных мінералаў (апліт, пегматыт, плагіяклазіт і інш.). З Ж.г.п. звязаны радовішчы золата, свінцова-цынкавых руд, вальфраму, ртуці і інш. Трапляюцца ў крышт. фундаменце Беларусі.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГМАТЫ́ЗМ,

працэсы ўтварэння, пранікнення ў горныя пароды і ўзаемадзеяння з імі, вывяржэння і крышталізацыі магмы. М. — праяўленне глыбіннай актыўнасці Зямлі; цесна звязаны з яе развіццём, цеплавой гісторыяй і тэктанічнай эвалюцыяй. Адрозніваюць М. геасінклінальны, платформавы, акіянічны; па глыбіні праяўлення (умовах застывання магмы) — абісальны, гіпабісальны, субвулканічны, паверхневы (гл. Вулканізм); паводле саставу — ультраасноўны, асноўны, сярэдні, кіслы, шчолачны. М. сучаснай геал. эпохі развіты ў межах Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса, сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў, рыфтавых зон Афрыкі і Міжземнамор’я і інш. На Беларусі да геасінклінальнага М. адносяць архей-раннепратэразойскі і раннепратэразойскі, да платформавага — познапратэразойскі і дэвонскі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),

зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.

2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз. акамадацыяй.

3) У біялогіі тое, што анабалізм.

4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТО́Н у геалогіі,

самастойны вялікі інтрузіўны масіў магматычных парод у верхніх слаях зямной кары. Утвараецца пры застыванні магмы, якая пранікае з ніжніх частак зямной кары або з мантыі. Паводле памераў, формы і залягання ў зямной кары адрозніваюць баталіты, лакаліты, дайкі, лапаліты, пластавыя жылы і інш. Гл. таксама Інтрузія.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРУ́ЗІЯ (позналац. intrusio ад лац. intrudo упіхваю),

працэс укаранення расплаўленай магмы ў тоўшчу зямной кары. І. звычайна суправаджаюць арагенныя (гораўтваральныя) працэсы Магма, якая застывае на розных глыбінях, дае пачатак многім інтрузіўным горным пародам і геал. целам (штокі, баталіты, лакаліты, жылы і інш.). На Беларусі І. пашыраны сярод архейскіх і ніжнепратэразойскіх утварэнняў крышт. фундамента.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЗМ,

сукупнасць працэсаў і з’яў, звязаных з перамяшчэннем магмы ў верхняй мантыі, зямной кары і на паверхні Зямлі. Тыповае праяўленне паверхневага вулканізму — вулканы, глыбіннага — інтрузіі і змяненні горных парод пры сутыкненні з магмай (гл. Магматызм). Вулканізм звязаны з сейсмічна актыўнымі зонамі зямной кары і гораўтваральнымі рухамі. На тэр. Беларусі шырока праяўляўся ў вендзе і познім дэвоне.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯПІРЫ́ЗМ,

працэс утварэння геал. структур. Купалы, антыкліналі ўтвараліся ў выніку нагнятанняў у ядро расплаву магмы, парод паніжанай шчыльнасці і высокай пластычнасці (соль, гіпс, гліна і інш.) з наступным выпіраннем перакрываючых адкладаў або пратыканнем іх з разрывам. Складкі дыяпіравага тыпу падзяляюцца на глыбінныя (магматычныя дыяпіры), покрыўныя (саляныя, гліністыя і інш. дыяпіры; гл. Саляная тэктоніка) і паверхневыя ледавіковых парушэнняў (гл. Гляцыядыслакацыі, Гляцыятэктоніка).

т. 6, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)