МАШЫКУЛІ́ (франц. mâchicoulis),

навясныя байніцы, размешчаныя ў верхняй частцы сцен і вежаў абарончых збудаванняў. Развіліся з абламаў. Давалі магчымасць абаронцам кантраляваць прастору непасрэдна каля сцен, весці агонь. са стралковай зброі, кідаць каменне, ліць вар, смалу і інш. У 10—16 ст. пашыраны ў абарончым дойлідстве Зах. Еўропы, у 16—17 ст. — на Беларусі (замак у г.п. Мір, цэрквы-крэпасці ў вёсках Мураванка Шчучынскага і Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл.). З развіццём артылерыі М. страцілі абарончыя функцыі, выкарыстоўваліся як элемент арх. дэкору ў афармленні малых арх. форм, касцёлаў, сядзібных дамоў.

С.​А.​Сергачоў.

Машыкулі.

т. 10, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,

камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВА́ летапісная,

назва племяннога саюзу, пазней гісторыка-геагр. і этнічнай вобласці. На ПнЗ сучаснай Рэспублікі Беларусь і ПдУ сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Упершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009, ва ўсх.-слав. летапісах — пад 1040 (у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Л.). У «Аповесці мінулых гадоў» Л. названа сярод тых плямён і народаў, якія плацілі даніну Русі. Этымалогія тэрміна канчаткова не высветлена. У позніх бел.-літ. летапісах даецца міфалагічна-легендарнае тлумачэнне паходжання тэрміна «Л.» ад лац. слоў «літус туба» («літус» — бераг, «туба» — труба), якімі нібыта называлі прынёманскія землі рымляне, што, паводле легенды, перасяліліся сюды з Італіі. Сучасныя даследчыкі звязваюць назву Л. з балцкімі або слав. каранямі lietā, lieti (ліць, цячы), з назвай р. Ліетаўка ці Ліетава (прыток Віліі), кельцкім словам Litawia (прыбярэжная краіна), з бел. дыялектным «лютвін» (люты) і інш. Першапачатковая лакалізацыя тапоніма Л. канчаткова не вывучана. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэдневяковай Л. з арэалам штрыхаванай керамікі культуры на познім этапе (пач. н.э.). У такім разе ўзнікненне назвы гіст. вобласці Л. датуецца пачаткам нашай эры. Ад наймення «Л.» паходзіць адна з назваў жыхароў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі — літвіны.

Літ.:

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989;

Яго ж. Где была летописная Литва? // Тез. докл. к конф. по археологии Белоруссии. Мн., 1969;

Непокупный А.П. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)