Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ці інш. пакрыццём.
2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.
3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.
Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэнні бельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ці інш.дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.
А.М.Кулагін.
Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮ́БНЕРАВА ((Hübnerová) Марыя) (12.10.1862, г. Жамберк, Чэхія — 5.8.1931),
чэшская актрыса; прадстаўніца рэалістычнага чэш. мастацтва. З 1880 выступала ў правінцыяльных трупах, з 1896 у Нац. т-ры ў Празе. Тэмперамент, страснасць спалучаліся ў яе мастацтве з тонкім псіхалагізмам. Сярод роляў: Войнарка, Класкова («Войнарка», «Ліхтар» А.Ірасека), Мадленка («Упартая жанчына» І.Тыла), Фанка («Разбойнік» К.Чапека), Пані Дульская («Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Агудалава, Кабаніха («Беспасажніца», «Навальніца» А.Астроўскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКІ АЛЯКСЕ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1905—07 на могілках у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. па фундацыі ген. Э.Каверскага. Цагляны аднанефавы храм з пяціграннай апсідай і квадратнымі сакрысціямі. На гал. фасадзе выступае 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца. Над апсідай чатырохгранная шатровая вежа-ліхтар. Прастора нефа перакрыта стральчатымі нервюрнымі скляпеннямі на падпружных арках, упрыгожанымі паліхромнай арнаментальнай размалёўкай. Перад касцёлам 3-арачная мураваная брама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗМІН (Іван Арцёмавіч) (? — каля 1696),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля (1662—67), з 1685 узначальваў яе жывапісную майстэрню. Ствараў жывапіс «па тафтах» (абразы, адзенне на якіх выканана аплікацыяй з шоўку), размалёўваў пячную кафлю, браціны, падсвечнікі, сцягі-харугвы, вялікі ліхтар Успенскага сабора (1672). Аўтар абразоў: «Страшны суд» (1682—83), «Распяцкая царква Маскоўскага Крамля», «Зняцце з крыжа» і «Уваскрэсенне» (разам з Б.Салтанавым), парсуны «Патрыярха Нікана» (каля 1683). Як узнагароду за мастацтва атрымаў дваранскі тытул (1679).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Канстанцінава Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. З усх. боку далучаны кубападобны аб’ём апсіды з нізкай бакавой сакрысціяй. Цэнтр гал. атынкаванага фасада вылучаны рызалітам з трохвугольным франтонам у завяршэнні, прамавугольным уваходным парталам з лучковым франтонам і фігурнай люкарнай над ім. Над дахам з боку гал. фасада гранёная вежа-званіца, над алтарным аб’ёмам ліхтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ АБЛА́СНАЯ ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1989 у Віцебску на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Бел. філармоніі. У складзе філармоніі (1997): ансамбль танца, музыкі і песні «Талака», жаночы актэт балалаек (кіраўнік Т.Шафранава), цымбальны ансамбль «Расіца», дзіцячы ансамбль бальнага танца «Мазаіка», выканаўцы бальных танцаў Н. і А.Кананенкі, дзіцячы т-р «Арт-ліхтар», эстрадна-цыркавы калектыў, а таксама дзіцячыя студыі эстэт. выхавання. Філармонія праводзіць штогадовы конкурс бальнага танца «Парад надзей», фестываль гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», удзельнічае ў правядзенні фестываляў імя І.І.Салярцінскага і «Беларуская музычная восень».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ УСПЕ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Міёры Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1907 з цэглы на беразе Мёрскага воз.Манум. 3-нефавы 2-вежавы храм з 5-граннай апсідай, да якой з паўд. боку далучана сакрысція. Фасады будынка з высокім цокалем рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Вось сіметрыі гал. фасада падкрэслена ўваходным парталам і акном-ружай. 3-ярусныя вежы завершаны высокімі шпілямі, раскрапаваны вузкімі нішамі. Вежа-ліхтар завяршае цэнтр. аркатурны шчыт. Нефы перакрыты стральчатымі скляпеннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,
помнік архітэктуры франц. готыкі 12—13 ст. у г. Лан. Пабудаваны ў 1150—1215 на месцы сабора, што згарэў у 1111. Крыжападобная ў плане 3-нефавая базіліка ўключае гал. неф з галерэяй і трыфорыем, трансепт, фланкіраваны 4 вежамі (2 не скончаны), хор без апсіды, квадратную ў плане вежу-ліхтар над сяродкрыжжам. Зах. фасад з 3 парталамі і традыц. акном-ружай фланкіраваны 2 вежамі з фігурамі быкоў. У інтэр’еры вітражы (у хорах — 13 ст.), рашотка хораў 18 ст.