Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НЬКА,
перыядычная змена вонкавага покрыва ў жывёл. Бывае ўзроставая (у першапачатковыя перыяды жыцця), сезонная (у пэўныя сезоны года) і пастаянная (на працягу жыцця). Рэгулюецца гармонамі. Надыход Л. залежыць ад стадыі развіцця, узросту, гарманальнага стану арганізма, умоў навакольнага асяроддзя (т-ра, фотаперыяд і інш.). Для беспазваночных характэрна ўзроставая Л. (у асноўным у членістаногіх): лічынка скідае старое покрыва (кутыкулу) і замяняе яго новым. У насякомых колькасць Л. бывае ад 3 (мухі) да 30 (аўсянікі, вяснянкі). У пазваночных Л. звязана з прыстасаваннем да пэўных сезонаў года, узнаўленнем зношанага покрыва цела (напр., у большасці млекакормячых Л. 2 разы на год — вясной і восенню, у некаторых — 1 раз).
т. 9, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЧНІК (назва ад кастрыцы — адраўнелай часткі лёну),
10-ы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вегетацыі большасці раслін. 15 К. працягласць дня ў Мінску 10 гадз 38 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 27,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 154 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны 45 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 5,3—7,7 °C. У 1-й пал. К. амаль штогод назіраецца прыток цёплага паветра з Пд — «бабіна лета». Частыя замаразкі. У К. адносная вільготнасць складае 82—86%, ападкаў 42—54 мм. Колькасць дзён з ападкамі 12—16. На рэках бываюць паводкі. У К. заканчваецца ўборка садавіны і позніх гатункаў капусты, падрыхтоўка саду да зімы. З дрэў і кустоў ападае лісце. Адбываецца пералёт і адлёт птушак, канчаецца лінька пушных звяроў, у рэках і азёрах у глыбокія месцы збіраецца рыба.
т. 8, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙ (лац. Majus, магчыма, ад імя багіні зямлі Маі),
пяты месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вясны. Бел. нар. назва месяца, як і ўкр., травень. 15 М. працягласць дня ў Мінску 15 гадз 58 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 54,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 567 МДж/м2, радыяцыйны баланс дадатны (295 МДж/м2). Сярэдняя т-ра паветра ў М. 13 °C. Ападкаў за месяц 50—60 мм. Для М. характэрна найменшая адносная вільготнасць (68—72%), часта ствараецца неспрыяльны рэжым увільгатнення, часам назіраецца высушванне ворнага і больш глыбокага слоя глебы. У М. цвітуць сады. Пачынаюць каласіцца жыта, азімая пшаніца, узыходзяць яравыя, вядзецца сяўба позніх яравых культур, лёну-даўгунцу, пасадка бульбы, агуркоў. Вырастаюць першыя веснавыя грыбы — смаржкі і страчкі. Заканчваецца веснавая лінька звяроў. Паяўляецца прыплод у аленяў, ласёў, казуль, тхароў, баброў, вожыкаў; другі прыплод у зайцоў. Нерастуе рыба ў рэках і азёрах, паяўляюцца маляўкі.
т. 9, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУТЫ́КУЛА (ад лац. cuticula скурка),
1) у жывёл — шчыльнае няклетачнае ўтварэнне на паверхні клетак эпітэліяльнай тканкі. У беспазваночных К. — вытворнае клетак аднаслойнага покрыўнага эпітэлію; выконвае пераважна ахоўную і апорную функцыі. Можа цвярдзець (напр., у членістаногіх), таму на працягу росту арганізма час ад часу скідаецца (гл. Лінька). Складаецца з хіціну, які разам з мінер. рэчывамі і бялкамі надае мех. трываласць, і ліпідаў, што спрыяюць яе воданепранікальнасці. У пазваночных К. — сукупнасць мікраварсінак на паверхні эпітэліяльных клетак, што высцілаюць унутр. органы (напр., кішэчнік, ч. мачавых канальцаў нырак і інш.). Удзельнічае ў функцыянаванні органа. 2)У раслін — слой тлушчавага рэчыва (кутыну), што пакрывае суцэльнай плеўкай паверхню надземных (пераважна лісця, сцёблаў, некат. пладоў) органаў многіх раслін. Малапранікальная для водных раствораў, газаў, патагенных арганізмаў. Будова К. вызначае ахоўныя ўласцівасці эпідэрмы і залежыць ад умоў асяроддзя і ўзросту расліны Напр., гладкая і бліскучая К. лісця трапічных раслін ахоўвае іх ад празмернага выпарэння вады і перагрэву. Моцная К — характэрная прыкмета ксерафітаў.
т. 9, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСЫ́,
рагавыя ніткападобныя ўтварэнні скуры чалавека і млекакормячых. Сукупнасць валасоў утварае валасяное покрыва скуры, якое ахоўвае яе паверхню ад пашкоджанняў і ахаладжэння. Валасы бываюць накіроўныя, пуховыя і прыкметныя (вібрысы). Волас складаецца са стрыжня (выступае над скурай) і кораня, размешчанага ў скуры і акружанага валасяным фалікулам. На канцы фалікула — цыбулінка, у якую ўрастае злучальны валасяны сасочак з крывяноснымі сасудамі. Валасы маюць пігменты, ад якіх залежыць іх афарбоўка. У некаторых жывёл валасы сталі шчаціннем (свінні), калючкамі (вожыкі), у жывёл з патоўшчаным эпідэрмісам (сланы, насарогі) ці моцна развітым тлушчавым слоем (кіты) — рэдукаваныя. У чалавека да 8 месяцаў ва ўлонні маці цела ўкрыта першаснымі (плоднымі) валасамі. Скорасць іх росту ў нованароджаных 0,2 мм за суткі, пазней да 0,3—5 мм за суткі. У дарослых у залежнасці ад участка цела колькасць валасоў на 1 см² ад 40 да 880. На іх рост уплываюць агульны стан арганізма, фіз. фактары, гармоны. На працягу жыцця арганізма валасы абнаўляюцца (у чалавека без пэўнага рытму, у жывёл перыядычна — лінька). Пры інфекцыях і розных парушэннях у арганізме ўзнікаюць валасоў хваробы.
А.С.Леанцюк.
т. 3, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕЗДАВА́ННЕ птушак, перыяд размнажэння птушак. Суправаджаецца шэрагам паслядоўных жыццёвых з’яў: такаванне, утварэнне пар (спароўванне) і заняцце гнездавога ўчастка, пабудова гнёздаў, нясенне і наседжванне яец, выкормліванне і выхаванне птушанят. Пералётныя птушкі для гнездавання вяртаюцца на радзіму, аселыя перамяшчаюцца ў гнездавыя біятопы. У розных відаў птушак тэрміны гнездавання розныя, у аднаго і таго ж віду могуць вар’іраваць у залежнасці ад кліматычных і кармавых умоў. Адрозніваюць гнездаванне монацыклічнае (1 раз за год, напр., у буслападобных, жураўлепадобных) і поліцыклічнае (некалькі разоў на год, напр., у голуба шызага, вераб’ёў). З перыядам гнездавання звязаны змены ў арганізме птушак (назапашванне энергет. запасаў, змяненне функцыі гіпофіза, павелічэнне памераў і актывізацыя функцыі палавых залоз; у некаторых лінька і з’яўленне т.зв. шлюбнага ўбору) і змены ў іх паводзінах (займанне гнездавых участкаў, такаванне, напр., у глушца, турухтана, цецерука; шлюбныя палёты ў вяхіра, клінтуха, большасці пеўчых лясных птушак; спяванне, напр., у аўсянкавых, шпака і інш.). За пачатак гнездавання ўмоўна прымаецца спароўванне (або ўтварэнне пар), за канец — час, калі птушаняты пачынаюць лётаць і весці самастойнае жыццё.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд., М., 1986;
Фройде М. Животные строят: Пер. с нем. М., 1986;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989.
т. 5, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)